95 гадоў змагання і веры ў незалежную Беларусь. Да дня памяці Антона Фурса
Праз савецкую і нямецкую акупацыю, ГУЛАГ і жыццё ў выгнанні ён пранёс сваю мару пра вольную Беларусь. Распавядаем пра «ветэрана супраціву» Антона Фурса.
«Мы ведалі, што мы не рускія і не польскія»
Антон Фурс нарадзіўся ў 1927 годзе ў мястэчку Язна (сёння Мёрскі раён Віцебскай вобласці).
Пачатковую адукацыю хлопчык атрымаў у польскай школе.
«Мы жылі за польскай уладай, усё навокал было польскае. Бацькі не ведалі, хто мы, проста аралі зямлю, не цікавіліся ніякай палітыкай. Мы ведалі толькі, што мы не рускія і не польскія. Неяк мы знайшлі пашпарт дзеда, і там было напісана: «нарадовасць» — «тутэйшы», — казаў Антон Фурс у размове з краязнаўцам Кастусём Шыталем.
Савецкіх акупантаў ён сустрэў у 12-гадовым узросце.
«Людзі добра сустракалі гэтых, якія прыйшлі 17 верасня. Чакалі! Бо палякі таксама беларусаў уціскалі здорава», — узгадваў спадар Антон.
«Крама адна, а ў ёй нічога няма, бацька хадзіў уначы займаў чаргу. І адзначаліся ў чарзе. Што там давалі і колькі давалі — усё бралі, бо іначай грошы прападуць. Вось тады зразумелі — нешта не тое…».
Ужо ў сёмым класе быў свядомым беларусам
Антон Фурс кажа:
«Прыйшлі немцы. Адкрылі беларускія школы — беларускія па духу. Мы вучылі гісторыю па Ластоўскаму, геаграфію па Смолічу, граматыку Тарашкевіча, пісалі на тарашкевіцы. Ладзілі вялікія канцэрты, дэкламацыі і песні беларускія… Я ўжо ў сёмым класе быў свядомым беларусам».
Хацеў стаць настаўнікам, каб выхоўваць дзяцей беларускімі патрыётамі
«У 1944-м ён, сямнаццацігадовы юнак, паступіў пасьля адыходу нямецкіх акупантаў у Глыбоцкую пэдагагічную вучэльню. Хацеў стаць настаўнікам, каб выхоўваць дзяцей беларускімі патрыётамі — у павазе да роднага слова, нацыянальнай гісторыі, да сваіх, а не накінутых пад прымусам сьвятаў і герояў», — пісаў добры сябар спадара Антона, гісторык Уладзімір Арлоў.
Але ва ўсходніх настаўнікаў былі іншыя мэты:
«З самага пачатку ўсе мы, хто быў прыняты ў навучальню, адчулі, што нас хочуць перарабіць на расейцаў. Большасць прадметаў выкладалі па-расейску. Пасля таго, што было ў школе падчас нямецкай акупацыі, такое становішча выклікала ў нас недаўменне, а пасля і пратэст», — пісаў Антон Фурс.
Адзін са стваральнікаў таварыства Саюз Беларускіх Патрыётаў
Стварэнне Саюза Беларускіх Патрыётаў стала адказам спадара Антона і ягоных паплечнікаў на паўсюднае прыцясненне беларускай мовы, культуры, гісторыі.
«Менавіта Фурс разам зь сябрамі Васілём Мядзельцам і Алесем Юршэвічам напісалі праграму і статут арганізацыі і 25 сакавіка 1946 году зладзілі ўрачыстую прысягу.
Патрыёты мелі на мэце супрацьстаяць русыфікацыі й усялякімі сродкамі прапагандаваць незалежніцкія ідэі. Сярод іншага яны пастанавілі паўсюль і заўжды гаварыць па-беларуску, трымацца беларускіх традыцыяў, абуджаць у нашых людзёёх пачуцьцё нацыянальнай годнасьці.
Неўзабаве глыбачане абьядналіся з пастаўскімі аднадумцамі-навучэнцамі з суполкі «За Беларусь!», — зафіксаваў спадар Арлоў.
«Нашы задачы былі культурна-асветныя, як сёння сказалі б, адраджэнскія. Перш за ўсё самі мы абавязаліся быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы, заўсёды і ўсюды гаварыць па-беларуску, па-свойму, шанаваць родную мову, культуру, гісторыю, традыцыі, прапагандаваць іх сярод свайго народа, вяртаць нашых людзей да нацыянальнай памяці, абуджаць пачуццё нацыянальнай годнасці», — тлумачыў Антон Фурс.
За заснаванне СБП быў асуджаны камуністамі да смяротнага пакарання
Антон Фурс разам з Васілём Мядзельцам быў арыштаваны 8 лютага 1947 года. Тады спадару Антону было толькі 20.
Як адзін з заснавальнікаў, ён быў асуджаны паводле арт. 63-I і 76 КК БССР да смяротнага пакарання, але ў сувязі з адменай смяротнага пакарання ад 20 траўня 1947 года атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі.
«У нас была палова непаўналетніх. Ім потым далі меней — па 8 гадоў. Большасці далі па 10 гадоў. Нас усяго было 44 чалавекі — пастаўскіх і нашых [глыбоцкіх]. Чатыром была смяротная кара, [яе замянілі на 25-гадовы тэрмін зняволення]», — казаў Антон Фурс.
У размове з Кастусём Шыталем ён узгадваў пра будні ў лагеры:
«Цяжкая была праца. Вельмі цяжкая. Асабліва зімой. Снег, мароз пад сорак градусаў. Раніцай атрымаеш кавалак хлеба. Трэба ж пакінуць на абед які-небудзь кавалачак. А сіл не хапае, так хочацца з’есці, таму што галодны. Як пазбавіцца гэтай ахвоты? Стаў думаць пра нешта добрае, волю ўспамінаць. І вершы складаў. Пісаць не было чым, і няможна было. Запамінаў».
Браў удзел у паўстанні лагераў КАРЛАГа (1955)
«Патрабаванні, якія мы выставілі адміністрацыі, зводзіліся да некалькіх пунктаў: адмяніць ганебныя нумары, дазволіць перасылку без абмежаванняў, палепшыць харчаванне», — пісаў спадар Фурс.
Умовы сапраўды былі з часам палепшаны — у сувязі з афіцыйным асуджэннем культу Сталіна.
Пасля вызвалення ажаніўся з паплечніцай Алесяй Умпіровіч, асуджанай на такі ж тэрмін
Пасля 9 гадоў зняволення Антон Фурс быў датэрмінова вызвалены і вярнуўся дадому.
«Людзі добра прынялі, а начальства — дрэнна», — узгадваў Антось.
На працу яго не бралі, нягледзячы на спробы ўладкавацца зваршчыкам у Наваполацку.
Давялося ехаць у Казахстан, там набіралі рабочых у шахты: «даюць пакой, аплочваюць дарогу».
Так маладая сям’я апынулася ў Казахстане на бліжэйшыя 25 гадоў
Але за гэтыя доўгія гады Антон Фурс ніколі не забываўся на радзіму.
«Мы, землякі, гуртаваліся, адзін да аднаго ў госці ездзілі. Ні адно свята адны не былі. Алег Лапіцкі з жонкай, родны брат Расціслава Лапіцкага. З яе [Алесі] вёскі быў чалавек, Павал Умпіровіч з жонкай…
Выпісвалі часопіс «Беларусь», «Звязду». Нам з Беластока прысылалі «Ніву». «Беларускую энцыклапедыю» выпісалі, 12 тамоў.
З Ларысай Геніюш падтрымлівалі сувязь. [Алеся Умпіровіч пасябравала з Ларысай Геніюш у лагеры ў Мардоўскай АССР] Адтуль на яе 70-гадовы юбілей самалётам прыляталі. Яе муж, Янка, прысылаў нам заўсёды навінкі літаратуры, што ў Беларусі выдаваліся», — распавядаў Антон Фурс спадару Шыталю.
«Мы былі халоднымі і галоднымі, мы не мелі маладосці — яна была бессаромна распята на калючым дроце. Але ж мы не шкадуем ні аб чым, бо засталіся людзьмі — і тады, калі большасць спявала хвалу тырану, і тады, калі былі ў няволі, і калі вярнуліся з лагера. Дзе б мы ні знаходзіліся, думалі пра свой народ і сваю Бацькаўшчыну».
Вярнуўся ў Беларусь па выхадзе на пенсію
«Калі вярталіся ў Беларусь, думалі: прыедзем у сваю краіну, хоць тут па-беларуску пагаворым. А тут няма з кім гаварыць! І цяпер… Дзень Волі мы святкавалі — дзесяць чалавек было...», — казаў Антось.
Абвяшчэнне незалежнасці для іх было шчасцем
«Памятаю, як Фурсы, гледзячы на дзесяткі нашых нацыянальных сьцягоў, плакалі срэбнымі сьлязьмі радасьці ў 1990-м на Скарынаўскім сьвяце кнігі ў Полацку.
Памятаю — па тэлефонных званках, па сустрэчах за іхным нязьменна шчодрым беларускім сталом у пастаўскім доме, якім шчасьцем было для іх абвяшчэньне незалежнасьці, а затым рэабілітацыя ў 1992-м «за адсутнасьцю складу злачынства», — пісаў Уладзімір Арлоў.
«Для мяне ён заўсёды, ад самага знаёмства напрыканцы 1980-х, быў дзядзькам Антосем, яскравым увасабленьнем тых беларусаў, якія не скарыліся сталінскай тыраніі й праз усе нягоды і выпрабаваньні пранесьлі веру ў незалежнасьць, у вольную Айчыну, дзе адчуваеш сябе сваім чалавекам на сваёй зямлі».
Антон Фурс сышоў з жыцця 20 кастрычніка 2021 года. Ён пражыў 95 гадоў, да краёў напоўненых годнасцю і гонарам, насуперак жорсткім абставінам.
У 2019 годзе Уладзімір Арлоў уручыў спадару Антону медаль «100 гадоў БНР». Памятайма нашых герояў.