Зяленскі: Здавалася, што мы — Еўропа эпохі Сярэднявечча
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў падзеі ў пасёлку Новыя Санжары Палтаўскай вобласці, дзе адбыліся беспарадкі ў адказ на намеры размясціць на каранцін у мясцовым санаторыі эвакуяваных з Кітаю з прычыны каронавірусу ўкраінцаў.
«Шчыра кажучы, мы ўвесь час кажам, што Украіна — гэта Еўропа, так вось учора ў некаторых эпізодах здавалася, што мы – Еўропа эпохі Сярэднявечча. На жаль, давайце не забываць, што мы ўсе з вамі людзі, а не... не хачу цяпер падбіраць няправільнае слова», — сказаў ён.
Нагадаем, што ўчора ва Украіну вярнуліся эвакуяваныя з Ухань украінцы і замежнікі. Эвакуяваных украінцаў адправілі ў ізаляваны санаторый у Новых Санжарах. Але мясцовыя жыхары ў сувязі з гэтым пачалі беспарадкі. У прыватнасці, яны закідалі камянямі аўтобусы, на якіх прывезлі іхніх суайчыннікаў.
Па дадзеных Нацыянальнай паліцыі, праваахоўнікі на працягу сутак у Новых Санжарах затрымалі 24 чалавекі, паведамляюць украінскія СМІ.