Замежныя СМІ пра Беларусь: 22–29 сакавіка

Мінску тэрмінова патрэбная валюта, але так, каб пра гэта ніхто не здагадаўся. З гэтай пазіцыі варта ацэньваць актывізацыю кантактаў вышэйшых беларускіх чыноўнікаў з кіраўніцтвам далёкіх краін, дзе эканамічная сітуацыя ў Беларусі пакуль не вядомая.



smi4.jpg

Галоўнай мэтай ваяжу кіраўнікоў некалькіх міністэрстваў і прэзідэнта з Мінска ў Сінгапур і Інданезію быў выключна «перахоп да палучкі» 600 мільёнаў долараў пад заклад размяшчэння аблігацый на фінансавым азіяцкім рынку. Усё астатняе — і заявы аб новых вектарах узаемадзеяння, і дэкларацыі аб намерах павялічыць пастаўкі аўтапакрышак і калію на паўднёваазіяцкія рынкі, і заклікі ўкласціся ў беларускі парк высокіх тэхналогій — не больш чым аперацыя прыкрыцця для тэрміновых запазычанняў.

Deutsche Welle (Германія)

Трывожныя тэндэнцыі ў беларускай эканоміцы адзначаюць не толькі палітычныя апаненты Лукашэнкі, але і прадстаўнікі беларускага бізнэсу. Асцярогі прадпрымальнікаў звязаныя ў першую чаргу з тым, што Лукашэнка зноў, як і напярэдадні мінулага валютнага крызісу, аддаў указанне зрабіць грошы больш таннымі, і тым самым стымуляваць прадпрыемствы да мадэрнізацыі. Але і самі прадстаўнікі ўлады не вельмі хаваюць, што грошы патрэбныя для латання дзірак.

«Независимая Газета» (Расія)

Карэнная праблема беларускага аўтарытарызму заключаецца ў тым, што палітычная сістэма рэспублікі непасрэдна звязаная з адсталай сацыяльна-эканамічнай сістэмай Беларусі. Яны жывуць як сіямскія двайняты. Знаходзячыся ў пастаянным пошуку рэсурсаў для існавання беларускай эканамічнай мадэлі, А. Лукашэнка ўскосна вырашае праблему выжывання сваёй аўтарытарнай улады. Разарваць гэтую сувязь якімі-небудзь вонкавымі намаганнямі вельмі складана, не прыносячы ў ахвяру не толькі ўзровень жыцця грамадзян Беларусі, але і не падвяргаючы небяспецы існаванне самой рэспублікі. Захаванне працэсу пастаяннай падтрымкі беларускай нацыянальнай эканамічнай мадэлі — найважнейшая функцыя кіраўніка дзяржавы.

«Politoboz.com» (Расія)

З-за выяўлення шэрагу эканамічных і палітычных супярэчнасцяў, у прыватнасці, «малочнай вайны», працэс інтэграцыі дзвюх рэспублік (Расіі і Беларусі) ідзе няроўна. Акрамя таго, стаўленне да саюза ў Беларусі, магчыма, змяняецца ў горшы бок. Да 2011 года праект ціха «паміраў» з-за адрознення стратэгічных інтарэсаў абедзвюх краін. Аднак прыкметнае пацяпленне адносін паміж краінамі ў 2011 годзе паступова вяртае ідэю саюза на ранейшы ўзровень. Аднак ёсць меркаванне, што Беларусь наладжвае праект у асноўным з-за цяжкага эканамічнага становішча.

«Республика» (Казахстан)

Абкладзеная санкцыямі ЕС Беларусь выйшла на першае месца ў свеце па колькасці выдадзеных шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва. Гэта не парадокс, а вынік мэтанакіраванай палітыкі Еўрасаюза, які разлічвае, што, рэгулярна бываючы ў Еўропе, беларусы не будуць галасаваць за Бацьку. Няўзброеным вокам бачна, у беларускім памежжы стаўленне да ўласнай улады мяняецца. І не ў лепшы бок. Будучы ў Польшчы, карэспандэнт «Росбалта» апытаў дзесяць берасцейцаў, якія рэгулярна ездзяць у Польшчу, на прадмет таго, ці збіраюцца яны на бліжэйшых выбарах галасаваць за Лукашэнку. Усе як адзін заявілі, што ў Еўропе людзі жывуць лепш, а ў Беларусі прэзідэнта час мяняць.

«Росбалт» (Расія)