«Заходні апарат ідэалагічнай дыверсіі»

Сярод свежых заходніх кніжных навінак цяжка прайсці міма выдання «За жалезнай заслонай», якое распавядае забаўную гісторыю спадарожнікавых антэн у падзенні камуністычнай дыктатуры ў Польшчы.

tower_820001_1280.jpg


Інфармацыйны пейзаж сацыялістычнай Польшчы вельмі нагадваў савецкі аналаг. Усе медыя, у тым ліку тэлебачанне, былі пад манапольным кантролем дзяржавы ў выглядзе Радыёкамітэта. Пры ім існаваў дэпартамент цэнзуры, які сачыў, каб у эфір не прайшлі «палітычна варожыя або маральна некарэктныя матэрыялы». Тычылася гэта ўстаноўка і матэрыялаў з замежных тэлеканалаў. Таму ледзь не адзіным каналам інфармацыі пра Захад была праграма «Bliżej świata» («Бліжэй да свету»). У ёй польскім гледачам дэманстравалі ўрыўкі з заходняга тэлебачання, музычныя кліпы і іншыя цікавосткі.
Паўстанне прафсаюза «Салідарнасць» і ўвядзенне ваеннага становішча цалкам змянілі апетыты польскага спажыўца інфармацыі. Шмат людзей наўпрост адмаўляліся глядзець дзяржаўнае тэлебачанне. Менавіта ў той час нарадзіўся папулярны флэшмоб: падчас трансляцыі галоўнай тыднёвай інфармацыйнай праграмы палякі выстаўлялі ў вокнах тэлевізары, а самі масава ішлі на шпацыр.
Паўсталі альтэрнатыўныя медыя — напрыклад, у выглядзе падпольнай прэсы. А ў сярэдзіне 1980-х гадоў нечакана на дапамогу апазіцыі прыйшлі спадарожнікі.
Да пачатку 1980-х гадоў на Захадзе ўжо з’явіліся спадарожнікавыя наборы, якія дазвалялі наўпрост прымаць сігналы, якія трансляваліся з дапамогай тэлекамунікацыйных спадарожнікаў у космасе. Такім чынам, з’явілася магчымасць індывідуальнага прыёму спадарожнікавага тэлебачання.
Навіны пра бясплатнае спадарожнікавае тэлебачанне хутка дасягнулі Польшчы, і ўжо ў 1983-м была наладжана кантрабанда першых камплектаў для спадарожнікавага ТБ. Праўда, напачатку такое задавальненне было даступна альбо чальцам эліты, альбо тым, у каго былі сваякі на Захадзе.
Аднак хутка «талеркі» сталі больш даступнымі, і ў партыі зразумелі, што дзяржава губляе кантроль над яшчэ адным сектарам камунікацыі. Калі відэамагнітафон быў інструментам для эскапізму ад «гераічных будняў будаўніцтва сацыялізму», то спадарожнікавае тэлебачанне дапамагала атрымліваць палітычны кантэнт.
Вырашэннем праблемы заняліся супрацоўнікі Мінабароны, якія прыйшлі да катэгарычнай высновы. Польскае дзяржаўнае тэлебачанне не зможа супрацьстаяць заходнім яскравым шоу і праграмам. Таму дзейнічаць супраць антэн трэба іншымі, як гаварылася ў дакуменце, «канфрантацыйнымі» сродкамі. Спадарожнікавая антэна, як адзначалі ў ведамстве, павінна ўспрымацца як «заходні апарат ідэалагічнай дыверсіі, пагроза інфармацыйнаму суверэнітэту дзяржавы і стану грамадскай свядомасці».
20 лютага 1986 года міністр сувязі апублікаваў указ, які рэгуляваў правы ўлады распараджацца «прыёмнікамі, прыдатнымі ад агульнага карыстання». Рашэнне аргументавалася праблемамі ўрбаністычнай эстэтыкі. «Як будуць выглядаць дахі дамоў, калі ўсе ўсталююць на іх індывідуальныя антэны? У ландшафце павінен быць захаваны нейкі прасторавы парадак», — тлумачыў неабходнасць цыркуляра афіцыёз.
У адпаведнасці з пастановай міністэрства, любы грамадзянін, які хацеў мець спадарожнікавае тэлебачанне, павінен быў атрымаць дазвол на куплю і выкарыстанне новага носьбіта. Кошты таксама былі вызначаныя. Прыбор каштаваў фантастычную па тых часах суму — 1500 долараў ЗША ў эквіваленце. На той час сярэдні заробак паляка складаў па курсе толькі 30 долараў.