Забойства Паўла Шарамета: суд ішоў тры гады, а цяпер усё абнулілі і пачнуць працэс наноў

Працэс у Шаўчэнкаўскім раённым судзе Кіева па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета пачнецца спачатку пасля амаль трох гадоў слуханняў. Вайна змяніла лёсы многіх удзельнікаў суда, піша «Ґрати». Прасудныя сваю віну ўвесь час адмаўлялі, а цяпер сказалі, што працэс павінен быць наогул спынены, бо пракуратуры варта адмовіцца ад абвінавачанняў, таму што яны — бяздоказныя.

Абвінавачаныя ў забойстве журналіста Паўла Шарамета Яна Дугар (злева), Андрэй Антоненка (у акварыуме) і Юлія Кузьменка (справа) падчас падрыхтоўчага пасяджэння ў Шаўчэнкаўскім райсудзе Кіева 25 жніўня 2020 года. Фота: Стас Юрчанка, «Ґрати»

Абвінавачаныя ў забойстве журналіста Паўла Шарамета Яна Дугар (злева), Андрэй Антоненка (у акварыуме) і Юлія Кузьменка (справа) падчас падрыхтоўчага пасяджэння ў Шаўчэнкаўскім райсудзе Кіева 25 жніўня 2020 года. Фота: Стас Юрчанка, «Ґрати»

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева будзе разглядаць справу аб забойстве журналіста Паўла Шарамета спачатку. У 2020 годзе пракуратура абвінаваціла ў гэтым злачынстве спецназаўца і музыканта Андрэя Антоненку, дзіцячую хірургіню Юлію Кузьменка і ваенную медсястру Яну Дугар. Усе трое адмаўляюць віну. Іх справу разглядаў суд прысяжных, двое з іх выбылі з працэсу. Нядаўна быў абраны новы склад суда, праз што слуханні пачнуцца спачатку.

Украінскае выданне «Ґрати» распавядае, што цяпер будзе з судовым працэсам і як за перыяд поўнамаштабнай вайны склаліся лёсы абвінавачаных.

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева сабраўся на пасяджэнне 2 чэрвеня, каб зацвердзіць новы склад прысяжных. Да гэтага справу слухалі двое суддзяў і трое народных засядацеляў. Двое з іх цяпер не могуць удзельнічаць у працэсе. Як паведаміў «Ґрати» адвакат падсуднага Андрэя Антоненкі Дзмітрый Кругавы, адзін з прысяжных мабілізаваўся, другая — з'ехала з Украіны.

Суд прызначыў новы склад народных засядацеляў. Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, у такім выпадку слуханні па справе пачынаюцца спачатку. Да гэтага суд доўжыўся амаль тры гады і цяпер яго вынікі абнуліліся.


Журналіст Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева. Пад яго аўтамабілем спрацавала выбуховае прыстасаванне, калі ён ехаў на працу — на студыю Радыё «Весці». Следства вывучыла запісы з камер відэаназірання і выявіла, што выбухоўку пад аўтамабіль каля дома журналіста закладвалі два чалавекі — мужчына і жанчына. Напярэдадні яшчэ адна жанчына праводзіла разведку мясцовасці і рабіла фатаграфіі вулічных камер назірання.

У снежні 2019 года паліцыя заявіла, што двое закладчыкаў выбухоўкі — спецназавец Андрэй Антоненка, таксама вядомы як рок-музыка Riffmaster, і дзіцячая хірургіня і валанцёр Юлія Кузьменка. Разведку перад забойствам, па версіі следства, праводзіла ваенная медсястра Яна Дугар. У пацвярджэнне гэтай версіі паліцыя падала толькі ўскосныя доказы. Галоўным доказам былі» экспертызы ідэнтыфікацыі асобы», па якіх эксперты вырашылі, што забойцы Шарамета на відэа з камер назірання вонкава падобныя да падазраваных.

Усе падсудныя заявілі, што не датычныя да забойства. Іх адвакаты настойвалі, што экспертызы праведзены няякасна, а эксперты былі прадузятыя і знаходзіліся пад уплывам следства. Абвінавачаныя былі вядомымі людзьмі сярод ветэранаў АТА і валанцёраў — і пачалася шырокая грамадская кампанія ў іх падтрымку.


Суд адправіў Антоненку і Кузьменка ў СІЗА, але пасля змяніў меру стрымання на хатні арышт: спачатку — кругласутачны, а потым — начны. Трэцюю падазраваную Яну Дугар суд адразу адправіў пад хатні арышт, у траўні 2020 года яна выйшла на волю пад заклад 168 тысяч грыўняў.

Апошняе пасяджэнне перад поўнамаштабнай вайной адбылося 21 лютага 2022 года — за тры дні да расійскага ўварвання. Антоненка заставаўся пад начным хатнім арыштам, але ўсё роўна адразу пайшоў ваяваць. Меры засцярогі яму і іншым падазраваным больш не падаўжаліся.

Андрэй Антоненка. Фота: Стас Юрчанка, «Ґрати»

Андрэй Антоненка. Фота: Стас Юрчанка, «Ґрати»

«Выконваў свае задачы як афіцэр сіл спецыяльных аперацый у Херсонскай, Сумскай і Кіеўскай абласцях», — так Антоненка апісаў сваю дзейнасць за апошнія паўтара года ў размове з «Ґрати».

Яшчэ адна падсудная Яна Дугар была мабілізавана 25 лютага, і, з яе слоў, з тых часоў пераважна знаходзіцца на ўсходзе краіны. Яна стала афіцэрам і цяпер кіруе медыцынскім пунктам батальёна.

«Удзельнічаю як у штурмавых дзеяннях, так і ў абарончых. Займаюся лагістыкай паміж іншымі эвакуацыйнымі падраздзяленнямі і брыгадамі, шляхамі эвакуацыі, аказаннем медыцынскай дапамогі», — распавяла яна пра сваю працу.


Яна Дугар. Фота: Стас Юрчанка

Яна Дугар. Фота: Стас Юрчанка

Юлія Кузьменка па-ранейшаму працуе хірургам у Кіеве.

Па словах Антоненкі, суды аднавіліся яшчэ восенню мінулага года, але з-за ўдзелу двух падсудных у вайне адбылося толькі два-тры пасяджэнні, адно з якіх — 2 чэрвеня.

На ім абарона прасіла суд прыпыніць працэс, у сувязі з мабілізацыяй Яны Дугар. Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам абвінавачаныя маюць такое права, але суд адмовіў. Чаму — пакуль невядома, суддзя абвясціла толькі рэзалютыўную частку рашэння.

Падсудныя па-рознаму ацанілі адмову суда прыпыняць працэс.

Юлія Кузьменка ў Пячэрскім судзе Кіева, 3 лютага 2020 года. Фота: Стас Юрчанка

Юлія Кузьменка ў Пячэрскім судзе Кіева, 3 лютага 2020 года. Фота: Стас Юрчанка

Юлія Кузьменка не змагла адказаць, дрэнна гэта ці добра.

«З аднаго боку, хочацца, каб гэты авакаўскі тэатр абсурду скончыўся як мага хутчэй... З іншага боку, Яне і Андрэю вельмі складана вырывацца на судовыя пасяджэнні праз тое, што яны абараняюць нашу Айчыну», — напісала яна ў Фэйсбуку.


Яна Дугар сказала «Ґрати», што лічыць рашэнне незаконным. А Антоненка адзначыў, што працэс павінен быць спынены па іншых прычынах — пракуратуры варта адмовіцца ад абвінавачанняў, таму што яны — бяздоказныя.

2 чэрвеня суд таксама змяніў меру стрымання Яне Дугар з закладу на асабістае абавязацельства своечасова прыбываць у суд. 168 тысяч грыўняў, якія ёй верне дзяржава, яна збіраецца перадаць свайму баявому падраздзяленню.

На працягу амаль трох гадоў суд паспеў практычна цалкам даследаваць пісьмовыя доказы і відэа пракуратуры і абароны і павінен быў перайсці да допыту сведак, якіх па справе заяўлена 270. Цяпер працэс можа працягвацца яшчэ даўжэй з-за ўдзелу ў баявых дзеяннях двух падсудных.

«Ґрати» спрабавалі высветліць пазіцыю аб перазапуску судовага разбору ў прадстаўніка пацярпелых — маці Паўла Шарамета і ягонай грамадзянскай жонкі Алены Прытулы. Аднак адвакат Дзмітрый Іваноў, які прадстаўляў іх, таксама мабілізаваўся і больш не ўдзельнічае ў працэсе.

Паўторны разгляд справы павінен пачацца 23 чэрвеня.