Забіты кіраўнік «Арміі ісламу», што ваявала і супраць Асада, і супраць ІД

Паводле паведамленняў з Сірыі, у выніку авіяўдару па ўсходнім прыгарадзе Дамаска былі забітыя кіраўнік і некалькі лідараў буйной сірыйскай паўстанцкай групоўкі «Армія Іслама» («Джаіш аль-Іслам»).



alush151225_mln6l.jpg

Прадстаўнікі паўстанцаў і сірыйскія апазіцыянеры паведамляюць, што заснавальнік «Арміі Ісламу» Захран Алуш і яшчэ некалькі чалавек загінулі ў выніку ўдару па штабе гэтай ісламісцкай арганізацыі, які размешчаны ў прыгарадзе сталіцы Сірыі, што ўтрымліваецца паўстанцамі, піша Бі-бі-сі.
Па словах паўстанцаў, авіяўдар нанеслі расійскія вайсковыя самалёты. Расійскія вайскоўцы пакуль ніяк не пракаментавалі гэтыя паведамленні.
«Армія Ісламу» — адна з самых уплывовых паўстанцкіх груповак. Яна карыстаецца падтрымкай Саудаўскай Аравіі і аперуе ў асноўным у прыгарадах сірыйскай сталіцы. Прадстаўнікі «Арміі Ісламу» прынялі ўдзел у саміце сірыйскай апазіцыі, які прайшоў 9-10 снежня ў Рыядзе.
Забойства Захрана Алуша пасылае выразны сігнал аб тым, што расійскія і сірыйскія ўлады маюць намер самі выбіраць магчымых партнёраў на будучых перамовах па мірным урэгуляванні канфлікту ў Сірыі.
***
Захран Алуш з самага пачатку удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Сірыі. У 2011 годзе яго выпусцілі з турмы ў ходзе прэзідэнцкай амністыі. Пасля гэтага ён пачаў фармаваць групоўку для барацьбы з Асадам, дадае meduza.io.
У выніку яму ўдалося аб'яднаць некалькі ісламісцкіх груповак у «Армію ісламу». У маі 2015 ён казаў, што ў ёй  17 тысяч чалавек. «Армія ісламу» уваходзіць у яшчэ больш шырокае аб'яднанне «Ісламскі фронт». Гэта аб'яднанне ваюе як супраць сіл Асада, так і супраць «Ісламскай дзяржавы». Афіцыйны Дамаск лічыць «Ісламскі фронт» тэрарыстамі.
Паводле "Нашай Нівы"