У Расіі скончыў жыццё самагубствам падлетак, зацкаваны за падтрымку Украіны
У горадзе Жыгулёўск Самарскай вобласці скончыў жыццё самагубствам 18-гадовы Улад Калеснікаў. Імя юнака стала шырока вядома ў чэрвені 2015 года, калі ён прыйшоў на заняткі ў футболцы з украінскім сцягам і надпісам «Вярнуць Крым!», а таксама вывесіў у Падольску, дзе ён вучыўся, антываенны лозунг.
Пасля гэтага інцыдэнту Улад быў адлічаны з тэхнікума. Ім зацікавіліся спецслужбы: паліцыянты прыходзілі і пыталіся, адкуль ён узяў футболку. Дзед, прыхільнік Пуціна, адправіў яго да бацькі, у
Жыгулёўск.
У ваенкамаце ён уключыў запісаны гімн Украіны і адмовіўся ісці ў войска.
Гісторыя Улада Калеснікава стала шырока вядомая, пра яго пісалі і расейскія, і заходнія СМІ. Ён вёў папулярны блог і ўдзельнічаў у шэрагу апазіцыйных груп у «фэйсбуку». Аднак у
Жыгулёўску Улад не знайшоў агульнай мовы са сваякамі і скардзіўся на цкаванне з боку аднагодкаў:
«Адносіны з людзьмі проста жах — ужо абяцалі пабіць, кідалі ў мяне бруд і снежкі, пастаянныя абразы і штурханне локцямі ў калідорах. Нават адзін даў у твар (нямоцна, на
шчасце). Мне нельга звяртацца ў паліцыю (тыя яшчэ ўлетку далі зразумець, што дапамагаць мне не будуць і, працытую, «сам бы табе ў морду даў за такія рэчы…» У Жыгулёўску
тут са мной наогул што заўгодна могуць зрабіць. Адчайна шукаю, куды можна з'ехаць «, - пісаў ён у лістападзе карэспандэнту Радыё Свабода.
25 снежня Улад Калеснікаў прыняў смяротную дозу лекаў. Паліцыя паведаміла, што выратаваць яго не ўдалося.
Паводле "Нашай Нівы"