WP: NATO не спыніць Расію ў выпадку ўварвання ў Балтыю
Амерыканская армія і яе саюзнікі па NATO не паспеюць спыніць расійскія войскі ў выпадку іх гіпатэтычнага ўварвання ў краіны Балтыі і Польшчу. Да такіх высноваў прыйшлі ў Пентагоне пасля штабных гульняў, якія ўключалі ў сябе сімуляцыю вайны з Расіяй, паведамляе «Радыё Свабода».
Пра гэта паведамляе The Washington Post. Суразмоўцы выдання
распавялі, што прасоўванне войскаў NATO на ўсход будзе запаволенае з прычыны
вузкіх дарог і бюракратыі.
Газета адзначае, што колькасць войскаў NATO ва Усходняй Еўропе невялікая. Асноўным часткам у выпадку верагоднай вайны давядзецца пераадолець сотні кіламетраў. Пры перакідцы войскаў у краіны Балтыі па чыгунцы вайскоўцам давядзецца затрымацца, каб змяніць колы для шырэйшых каляінаў. У NATO падкрэсліваюць, што расійскае войска ведае інфраструктуру ўсходнееўрапейскіх краін лепш, чым вайскоўцы Паўночнаатлантычнага саюзу. Расія ўваходзіла ў арганізацыю Варшаўскай дамовы, а інфраструктура з тых часоў кардынальна не змянілася, удакладняе The Washington Post.
Суразмоўцы газеты паказалі, што яшчэ адной важнай праблемай застаецца бюракратыя. У прыватнасці, адзначаецца, што Расія паспее захапіць усю Балтыю, пакуль штаб арміі ЗША будзе запаўняць 17 формаў, неабходных для перакідання войскаў.
Злучаныя Штаты і NATO ўмацавалі сваю прысутнасць у Польшчы і краінах Балтыі пасля анексіі Крыму Расіяй у 2014 годзе і аказання Масквой падтрымкі сепаратыстам на ўсходзе Украіны. Расія сваю датычнасць да ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны адхіляе.