Выбух у Архангельскай вобласці Расіі адбыўся на ўстаноўцы з радыяцыяй
У Расіі афіцыйна пацвердзілі, што выбух у Архангельскай вобласці адбыўся на ўстаноўцы з крыніцай радыяцыі. У ноч на 10 жніўня дзяржкарпарацыя "Расатам" распаўсюдзіла прэс-рэліз,
паводле якога за два дні да таго на палігоне загінула пяцёра яе
супрацоўнікаў, а яшчэ трое атрымалі траўмы і апёкі рознай ступені
цяжкасці, піша Еўрарадыё са спасылкай на Медузу.
"Расатам" пацвердіў заяву Мінабароны, што аварыя здарылася пад час выпрабавання вадкаснай рэактыўнай рухальнай устаноўкі. Таксама там удакладняюць, што працы вяліся на аб'екце з ізатопнымі крыніцамі сілкавання на вадкаснай рухальнай устаноўцы.
Ізатопная крыніца сілкавання — генератар, які выпрацоўвае электрычнасць з цяпла, атраманага пры распадзе радыеактыўнага паліва.
Раней адміністрацыя горада Северадзвінска пасля здарэння паведамляла пра скачок узроўню радыяцыі, аднак затым мэрыя выдаліла гэтае паведамленне. Мінабароны заявіла, што радыяцыйны фон у норме. У прэс-рэлізе "Расатама" няма звестак пра змены радыяцыйнага фону ў сувязі з інцыдэнтам.
Мяркуецца, што ў Белым моры праходзілі выпрабаванні крылатай ракеты з ядзернай энергетычнай устаноўкай "Буравеснік". Прынцыпы працы рухавіка ракеты не раскрываліся, таму невядома, ці абсталяваная яна менавіта "ізатопнымі крыніцамі сілкавання на вадкаснай рухальнай устаноўцы".