Выбары ў Вялікабрытаніі і разгромны пройгрыш кансерватараў: Чаму брытанцы не задаволеныя ўладай?

Кансерватарам, якія кіруюць ужо 14 гадоў, пагражае поўная параза. Апытанні прадказваюць пераканаўчую перамогу лейбарыстам на чале з Кірам Стармерам, якія абяцалі адкрыць новы раздзел у гісторыі Вялікабрытаніі. Брытанцы ўпершыню са снежня 2019 года галасуюць за дэпутатаў парламента, з якіх партыя (або кааліцыя) большасці абярэ новы ўрад і прэм'ер-міністра.

Фота: Jakub Porzycki/NurPhoto/picture alliance

Фота: Jakub Porzycki/NurPhoto/picture alliance

У Вялікабрытаніі ў чацвер, 4 ліпеня, праходзяць выбары ў ніжнюю палату парламента — Палату абшчын. Паводле ўсіх апытанняў, прэм'ер-міністру Рышы Сунаку і яго Кансерватыўнай партыі пагражае поўная параза. У выніку 14-гадоваму кіраванню кансерватараў у Вялікабрытаніі прыйдзе канец.

У брытанскім парламенце 650 месцаў, для атрымання простай большасці трэба 326. У гонцы ўдзельнічаюць дзве асноўныя партыі Вялікабрытаніі: кіруючыя — кансерватары і каралеўская апазіцыя — у асобе лейбарыстаў. Ім спрабуюць скласці канкурэнцыю ліберал-дэмакраты, зялёныя, ультраправыя з Reform UK і некалькі рэгіянальных партый у складовых частках Каралеўства — Шатландыі, Уэльсе і Паўночнай Ірландыі.

Сенсацыйны поспех на выбарах апытанні прадказваюць апазіцыйнай Лейбарысцкай партыі на чале з Кірам Стармерам. Паводле вынікаў апытання, праведзенага сацыялагічным інстытутам YouGov, лейбарысты могуць дамагчыся найлепшых вынікаў з 1832 года і атрымаць у Палаце абшчын 431 з 650 месцаў. 

Глядзіце таксама

Некаторыя аналітыкі прагназуюць, што лейбарысты змогуць заваяваць нават 484 месцы. Да моманту роспуску парламента ў канцы траўня яны мелі толькі 202 мандаты.

Прысутнасць кансерватараў у ніжняй палаце скароціцца да 102 месцаў. «Тое, што мы цяпер назіраем, яшчэ ніколі не адбывалася ў брытанскай палітычнай гісторыі», — канстатаваў адзін з экспертаў YouGov у інтэрв'ю тэлекампаніі Sky News.

Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 7 раніцы і зачыняцца а 22:00 паводле мясцовага часу, які на гадзіну адстае ад еўрапейскага.

Значная частка выбаршчыкаў ужо прагаласавалі — па пошце. Іншыя прыйдуць на ўчасткі, дзе ім упершыню на ўсеагульных выбарах давядзецца прад'явіць пасведчанне асобы. Правіла ўвялі ў мінулым годзе, але набор дакументаў вельмі шырокі — ад пашпартоў (хоць бы і пратэрмінаваных) да праязнога на аўтобус для пенсіянераў.

Глядзіце таксама

Падлік галасоў пачнецца адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў. Тады ж будуць апублікаваныя вынікі экзітполаў.

Большасць акругаў абвесцяць пераможцу прыкладна да 9 раніцы пятніцы. Як чакаюць эксперты, агульная карціна складзецца ўжо да сярэдзіны ночы.

Чаму брытанцы незадаволеныя жыццём?

Людзі бяднеюць, якасць дзяржаўных паслуг зніжаецца, жылля не хапае, ахова здароўя трашчыць па швах, цэны растуць, а заробкі — амаль не падвышаюцца, адзначае ВВС. 

Апошні пяцігадовы тэрмін кансерватараў ва ўладзе, хутчэй за ўсё, стане першым з 1950-х гадоў, калі даходы насельніцтва скараціліся, а не выраслі. Прычым тады, у 1950-х, краіна ляжала ў руінах пасля Другой сусветнай вайны.

Цяпер таксама ёсць, на што наракаць: і кавід, і вайна Расеі супраць Украіны. Але ёсць і нявымушаныя правалы ў палітыцы, якія выбаршчыкі ўзгадаюць кансерватарам у дзень выбараў.

Торы прыйшлі да ўлады пасля фінансавага крызісу 2008–2009 гадоў. З тых часоў заробкі раслі ўсяго на 0,5% у год, што невыносна мала па гістарычных мерках, і Брытанія ў гэтым адставала ад іншых буйных заходніх краін.

Калі б тэмпы росту былі такімі ж, як у Германіі і ЗША, то сярэдні брытанскі працаўнік атрымліваў бы цяпер на 3600 фунтаў у год больш, падлічыў даследчы цэнтр Resolution Foundation.

Цэны на жыллё растуць, а даступнасць жылля падае. Грамадскі транспарт возіць з перабоямі, доўга і дорага. Цэны на электрычнасць і газ — самыя высокія ў Еўропе. Ахова здароўя па- ранейшаму бясплатная, але ложак у бальніцы можна прачакаць у хуткай некалькі гадзін, а планавую аперацыю — некалькі месяцаў, а то і гадоў.

Адно са спрэчных дасягненняў торы — брэксіт. Выхад з ЕС абрынуў гандаль з найбуйнейшым і найбліжэйшым рынкам, скараціў асартымент і даступнасць тавараў і павысіў кошты ўнутры краіны, а заадно і ўскладніў жыццё брытанцам, якія гандлявалі, працавалі, адпачывалі або гастралявалі ў Еўрасаюзе.

Глядзіце таксама

Стармер абяцае новы перыяд у гісторыі краіны

61-гадовы Кір Стармер падчас перадвыбарнай кампаніі згадаў неабходнасць пераменаў. Вялікабрытанія не можа дазволіць сабе яшчэ пяці гадоў кіравання кансерватараў, заяўляў ён,  — і абяцаў выбаршчыкам адкрыць новы перыяд у гісторыі краіны.

Эксперты з цікавасцю чакаюць вынікаў, якія атрымаюць ліберальныя дэмакраты. Не выключана, што яны змогуць нават сфармаваць найбуйнейшую апазіцыйную фракцыю ў парламенце, адціснуўшы кансерватараў. Правапапулісцкая партыя Найджэла Фараджа Reform UK («Рэфармаваць Злучанае Каралеўства»), верагодна, упершыню пройдзе ў Палату абшчын.

Правам голасу ў Вялікабрытаніі валодаюць больш за 46 мільёнаў выбаршчыкаў. Усе месцы ў Палаце абшчын размяркоўваюцца па выніках прамога галасавання —перамога прысуджаецца кандыдату, які атрымаў большасць галасоў у кожнай з 650 акругаў. Абсалютная большасць у Палаце абшчын складае 326 месцаў.

Паводле ВВСwww.dw.com