Толькі ў белым (нават бялізна), трускаўкі і манархія – такім быў і ёсьць легендарны Ўімблдонскі турнір
Самы першы ў сьвеце чэмпіянат па лаўн-тэнісе, які сёньня вядомы проста як тэніс, прайшоў у Англіі ў 1877 годзе. 147 гадоў традыцыяў і нечаканых правілаў. Скардзіцца можна колькі заўгодна, але каму ёсьць да таго справа? Знаёмцеся, апроч футболу Англія прыдумала і тэніс. Проста цяпер адбываецца чарговы турнір.
Самы пачатак
Вытокі Ўімблдона, найстарэйшага і самага прэстыжнага тэніснага турніру ў сьвеце, прасочваюцца з моманту стварэньня Ўсеангельскага клюба крокету. Ён быў заснаваны ў ліпені 1868 года. Спачатку клюб быў засяроджаны, зразумела, на крокеце, папулярным занятку сярод віктарыянскай шляхты каралеўства. Тым не менш, прывабнасьць новага віду спорту пад назвай лаўн-тэніс, пачала захапляць брытанскую грамадзкасьць у 1870-я гады.
У 1875 годзе, прызнаючы рост папулярнасьці лаўн-тэніса, кіраўнікі клюба вырашылі дадаць гэты від спорту ў сваю дзейнасьць. Такім чынам, яны зьмянілі назву клюба на Ўсеангельскага клюба крокету і лаўн-тэніса. У 1877 годзе клюб абвесьціў аб правядзеньні першага чэмпіянату Ўімблдона, які стаў першым у гісторыі афіцыйным турнірам па лаўн-тэнісе.
Абвестка аб чэмпіянаце была зробленая ў нумары часопіса «The Field», дзе запрашалі ўсіх «аматараў лаўн-тэніса» прыняць удзел у мерапрыемстве. Турнір павінны быў пачацца 9 ліпеня 1877 года на пляцоўцы клюба, якая месьцілася на Ўорпл Роўд ва Ўімблдоне, прыгарадзе Лёндана. Уступны ўнёсак быў усталяваны ў памеры адной гінэі (эквівалентна прыкладна 1,05 фунта стэрлінгаў сёньня), і пераможца атрымліваў узнагароду ў 12 гінэяў (прыблізна 12,60 фунтаў стэрлінгаў) і срэбраны кубак. Параўнайце з сёлетнім ганарарам пераможцы ў 2 мільёны фунтаў!
Але спартовыя дасягненьні і рэкорды мы пакінем крыху ўбок, засяродзімся на традыцыях. Бо ў гэтым – уся Англія!
Цалкам белы дрэс-код
Традыцыйны белы дрэс-код на Ўімблдоне - адна з самых знакавых і ўстойлівых асаблівасьцей турніру. Калі ў 1870-х гадах Ўсеангельскі клюб крокету і лаўн-тэніса ўвёў у сваю дзейнасьць той самы лаўн-тэніс, гэты від спорту быў у асноўным забавай для брытанскай вышэйшай клясы. У лаўн-тэніс часта гулялі на вечарынах і сьвецкіх сходах, дзе этыкет і прыстойнасьць былі галоўнымі.
Віктарыянскае грамадзтва высока цаніла сьціпласьць, асабліва ў асяродзьдзі дзе разам прысутнічалі як жанчыны так і мужчыны. Белая вопратка разглядалася як сымбаль чысьціні і элегантнасьці, прыдатны для вытанчаных заняткаў вышэйшай клясы. Больш за тое, белае лічылася больш прыдатным для заняткаў спортам на сьвежым паветры, таму што ў ім было менш верагодна, каб былі бачныя плямы ад поту, што лічылася непрыстойным і недарэчным, асабліва для кабетаў.
Калі турнір набіраў папулярнасьць і прыцягваў разнастайных гульцоў, арганізатары імкнуліся падтрымліваць стандарт вонкавага выгляду, які адлюстроўваў прэстыжны статус мерапрыемства.
Рэкамендацыі па форме падрабязныя і канкрэтныя, яны ахопліваюць не толькі асноўныя прадметы адзеньня, але і такія аксэсуары, як павязкі на галаву, бранзалеты і нават падэшвы абутку гульцоў (некалі нават вялікі Роджэр Фэдэрэр здаўся і вымушаны быў зьмяніць абутак з памаранчавымі падэшвамі).
У іншым выпадку, у 2017 годзе, Вінус Уільямс была вымушана зьмяніць сваю вопратку ў сярэдзіне турніру пасьля таго, як афіцыйныя асобы вызначылі, што яе ружовая шлейка станіка была бачная, што парушала патрабаваньне цалкам белага колеру.
Уімблдонскі дрэс-код прадугледжвае, што «белы колер не ўключае брудна-белы або крэмавы», а любое колеравае аздабленьне павінна быць не шырэй аднаго сантымэтра.
У першыя гады акцэнт рабіўся перш за ўсё на тым, каб гульцы насілі белыя кашулі і нагавіцы або спадніцы. Сёньня правілы прадугледжваюць, што нават бялізна, якая можа быць бачная падчас гульні, таксама павінна адпавядаць патрабаваньням цалкам белага колеру.
Трускаўкі на ўсіх!
Трускаўскі і вяршкі даўно займаюць ганаровае месца ў кулінарных традыцыях ангельскай нацыі. Кажуць, што гісторыя стравы ўзыходзіць да эпохі Цюдораў, калі Томас Уолсі, лорд-канцлер караля Генрыха VIII упершыню падаў такое спалучэньне на банкеце ў пачатку XVI стагодзьдзя. Спалучэнне хутка стала папулярным сярод брытанскай арыстакратыі, што сымбалізавала вяршыню вытанчанасьці і раскошы.
Традыцыя падаваць трускаўку і вяршкі на Ўімблдоне такая ж старая, як і сам турнір, і бярэ свой пачатак яшчэ з першага чэмпіянату ў 1877 годзе. Паколькі турнір быў заснаваны ў разгар брытанскага сэзона, ён, натуральна, пераняў кулінарныя звычаі лета.
З самага пачатку гледачам падавалі трускаўкі і вяршкі. Камбінацыя хутка стала сінонімам Уімблдона. Маштаб спажываньня трускавак і вяршкоў на турніры ашаламляе.
Кожны год падчас двухтыднёвага мерапрыемства спажываецца каля 28 тонаў (прыкладна 140 тысячаў порцыяў) трускавак і 7 тысячаў літраў сьвежых вяршкоў. Гэтыя трускаўкі традыцыйна здабываюцца на фермах графства Кент. Яны зьбіраюцца ўручную і штодня дастаўляюцца на турнір.
Да гэтай традыцыі варта дадаць і шампанскае з крушонам. Агульнае спажываньне алкагольных напояў таксама неймавернае.
Каралеўскі патранат
Прысутнасьць каралеўскай сям'і на Ўімблдоне павысіла статус падзеі і замацавала яе месца ў культурнай і сацыяльнай структуры Вялікай Брытаніі. Першая каралеўская сувязь з Уімблдонам адбылася ў 1907 годзе, праз 30 гадоў пасьля заснаваньня, калі кароль Эдуард VII наведаў турнір. Яго візіт паклаў пачатак новай традыцыі, паводле якой шматлікія чальцы каралеўскай сям'і ўпрыгожваюць трыбуны на працягу доўгіх і доўгіх гадоў.
У 1922 годзе, калі турнір пераехаў у сваё сёньняшняе месца, Усеангельскі клюб скарыстаўся магчымасьцю, каб шыкоўна аформіць каралеўскую прысутнасьць на Уімблдоне: яны стварылі Каралеўскую ложу. Гэтая зона знаходзіцца на Цэнтральным корце, і як на дзіва, забясьпечвае найлепшы від на матчы для каралеўскай сям'і і іх гасьцей. Каралеўская ложа зьмяшчае каля 74 сябраў караля і яго сям’і.
Вельмі асаблівым быў візіт караля Георга V і каралевы Марыі ў 1926 годзе, калі іх сын, будучы кароль Георг VI, удзельнічаў у парных спаборніцтвах.
У 1957 годзе каралева Лізавета II упершыню прысутнічала на Ўімблдоне ў якасьці манарха. Дачка каралевы, прынцэса Ганна, таксама была частым госьцем на Ўімблдоне. Яшчэ адна вядомая аматарка каралеўскага тэніса — герцагіня Кэмбрыджская Кейт Мідлтан, якая ў 2016 годзе стала афіцыйным патронам Усеангельскі клюб, зьмяніўшы каралеву Лізавету II.
Гульцы, якія перамагаюць у сваіх матчах на Цэнтральным корце, часта выказваюць пашану каралеўскай ложы, робячы невялікі паклон або рэвэранс.
Сёньня, калі да чарговых фіналаў на турніры застаецца некалькі дзён, будучы кароль, прынц Уільям выбраў для сябе іншую забаву – ён падтрымлівае зборную Англіі на Чэмпіянаце Эўропы, дзе яго падданыя дайшлі ўжо да паўфіналу.