«Вы пасланы нам Усявышнім і павінны пажыццёва ўзначальваць нас!» Практыка Народных сходаў

 Варта пагадзіцца з афіцыйнымі  аналітыкамі: Усебеларускі Народны Сход, які распачаўся сёння, 24 красавіка, — з’ява ўнікальная. Мабыць, існуе адзіны аналаг УНС на постсавецкай прасторы — туркменскі Народны Савет у эпоху Сапармурата Ніязава (Туркменбашы).

newscentralasia.net

newscentralasia.net

«Неверагодны Халк» — так называўся адзін з блокбастараў нулявых. Неўзабаве за выхадам фільма на экраны за туркменскім Халк Маслахаты (Народны Савет) замацаваўся эпітэт «неверагодны». І сапраўды, Халк Маслахаты быў амаль неверагодным дзяржаўным інстытутам.

Пачаць можна з таго, што сам прынцып фармавання Халк Маслахаты ніхто толкам не разумеў. Дзве-тры тысячы чальцоў Савету, які збіраўся раз на год, нікім не абіраліся, а алгарытм іх прызначэння заставаўся незразумелым. Так ці інакш, у склад Халк Маслахаты ўваходзілі дзяржаўныя чыноўнікі, бюджэтнікі, бізнесмены, дэхкане (фермеры), сябры грамадскіх арганізацый - увогуле, прадстаўнікі ўсіх магчымых катэгорый насельніцтва.

Ніхто не разумеў і функцыянал Халк Маслахаты. Паводле Канстытуцыі, Народны Савет павінны быў збірацца раз на год, каб даносіць да Туркменбашы волю туркменаў і ўхваляць усе прынятыя ім законы. Апроч іншага, Савет быў таксама ўпаўнаважаны ўносіць папраўкі ў канстытуцыю. На справе ўсё зборы Народнага Савету выліваліся ў шоу праявы калектыўнай любові на адрас дыктатара.

У 1999 годзе Халк Маслахаты назваў Ніязава бестэрміновым прэзідэнтам, дазволіўшы яму пераабірацца на пасаду любую колькасць разоў. А У 2002 годзе «хурал» абвясціў Ніязава ўжо пажыццёвым прэзідэнтам — яму было дазволена заставацца на пасадзе да канца сваіх дзён без усялякіх пераабранняў. Таксама Савет перайменаваў месяцы года і дні тыдня, прычым студзень атрымаў назву Туркменбашы, а красавік быў названы Гурбансалтан — у гонар маці прэзідэнта.

Пры гэтым сам Ніязаў рабіў выгляд, што ён не можа прыняць прапановы дэлегатаў. Але самае вясёлае адбылося на з'ездзе Халк Маслахаты ў 2004-м. Тады Туркменбашы заявіў аб намеры пакінуць пасаду прэзідэнта праз салідны ўзрост. Тут пачалося нешта фантастычнае!

«Вы пасланы нам Усявышнім і павінны пажыццёва ўзначальваць нас!» — крычаў адзін з дэлегатаў. «Вы — наш вялікі лідар, любімы бацька і пажыццёвы прэзідэнт. Мы вас выбралі і больш нікога выбіраць не жадаем!» — падтакваў  іншы. А першы сакратар Палітсавета ўрадавай Дэмакратычнай партыі Туркменістана публічна рыдаў і заклікаў усіх на каленях прасіць Ніязава застацца.

У выніку Ніязаў пагадзіўся больш ніколі не ўздымаць тэму выбараў. Сесія была аб'яўлена закрытай, хаця дэлегаты з'езда яшчэ каля гадзіны тоўпіліся вакол Ніязава, цалавалі яму рукі і ўручалі букеты кветак.

Дарэчы, не трэба думаць, што Халк Маслахаты выказваў выключна «адабрамс». У 2005 годзе Ніязаў асабіста ўнёс у Халк Маслахаты законапраект, паводле якога ў 2009 годзе ў Туркменістане павінны былі прайсці выбары новага прэзідэнта. У выніку адбылася гістарычная падзея: члены Халк Маслахаты ўпершыню адхілілі законапраект Туркменбашы. За праект прагаласаваў толькі адзін дэлегат — сам Ніязаў. Больш за тое, члены савета праявілі дзіўную непавагу, заглушыўшы прамову аўтара праекта енкамі: «Народ! Радзіма! Вялікі Туркменбашы!».

Аднак у выніку асцярогі прэзідэнта датычна складанасцяў кіравання краінай ва ўзросце за 70 гадоў апраўдаліся. Ніязаў памёр у ноч на 21 снежня 2006 года. Яму было 66 гадоў.

Тут жа дэлегаты Халк Маслахаты аднадушна пераключыліся на палкую любоў да Гурбангулы Бердымухамедава, які насуперак канстытуцыі пачаў імкліва браць пад кантроль структуры ўлады. Так, члены Народнага Савета прапанавалі абвясціць Бердымухамедава прэзідэнтам без усялякіх выбараў. Зрэшты, Гурбангулы настаяў на ўсенародным галасаванні, на якіх, натуральна, элегантна перамог.

Тым не менш, далей адносіны новага лідара з Народным Саветам, не склаліся. У выніку Халк Маслахаты як дзяржаўны інстытут па настойлівых просьбах «калектываў прадпрыемстваў, устаноў і асобных грамадзян Туркменістана» быў ліквідаваны. А функцыі органа, які бурна ўхваляе ўсе рашэнні прэзідэнта, перайшлі да Савету Старэйшын (Яшулі Маслахаты).

Аксакалы сапраўды хутка давялі, што не горш за Халк Маслахаты. У 2011 годзе яны прысвоілі Бердымухамедаву званне Героя Туркменістана і назвалі яго праўленне «раем на Зямлі». Аднак у 2018-м было абвешчана, што гэты орган будзе пераўтвораны назад у Халк Маслахаты. А ў студзені 2023 года Народны Савет зноў быў ліквідаваны. Зрэшты, канчатковы яго лёс дасюль не зразумелы.