Ігар Тышкевіч: Трансфармацыя ўлады і нетыповы выступ Лукашэнкі
Як састарэлы аўтакрат пераконваў нават не аўдыторыю (нават суперлаяльную), а, у першую чаргу сябе самога, што ён малайчына, што ён вялікі палітык і вялікі лідар, разважае палітолаг і аналітык украінскага Інстытута Будучыні Ігар Тышкевіч у сваім тэлеграм-канале.
У Беларусі пачаў працу Усебеларускі народны сход. З гэтага года як адзін з органаў улады, чый Прэзідыум (які будзе сфарміраваны ў бліжэйшыя дні) будзе стаяць крыху вышэй за іншыя галіны ўлады, у тым ліку і прэзідэнта.
Для тых, хто не занадта ўважліва сочыць за беларускімі падзеямі, правяду найбольш блізкую паралель — «Савет экспертаў Ірана», які выбірае Факіха (вышэйшага кіраўніка, памылкова званага аяталай) дзяржавы.
Такім чынам, завяршаецца першы этап трансфармацыі палітычнай сістэмы Беларусі. І лагічна, што першы выступ на такім хурале (як пагардліва называюць УНС частка беларусаў) адведзены менавіта Лукашэнку. Яго выступ быў, мякка кажучы, нетыповым, калі ўлічваць папярэднія выхады на публіку. Коратка прайдуся па асноўных тэзісаў.
- 1. Выступ больш падобны на падвядзенне вынікаў. Але не за год, як гэта было б лагічна, а з умоўнага прыходу Лукашэнкі да ўлады. Чымсьці тое нагадвае савецкі падыход, калі школьнікам у падручніках давалі параўноўваць аб'ёмы вытворчасці 1913 і ўмоўна 1985 гадоў. Аднак тэма эканомікі і якасці жыцця праходзіла «чырвонай ніткай». Выступоўца пераконваў і аўдыторыю і сябе асабіста што «беларусы ніколі так добра не жылі» (цытата).
- 2. Рэгулярныя звароты да тэмы геапалітычнай трансфармацыі. Тут, натуральна, адводзілася роля «памылковай палітыцы Захаду», але галоўным было іншае. Яшчэ 5-6, ды нават год таму, кажучы пра геапалітыку, Лукашэнка падкрэсліваў ролю Расіі і, адпаведна, «гістарычна правільную» сваю палітыку ў арыентацыі на РФ. Сёння Расійскай Федэрацыі была адведзена ўмоўная роля «другога шэрагу». Затое шмат і падрабязна гаварылася пра Кітай, яго геапалітычныя амбіцыі і актыўнасці. Аб «Саюзнай дзяржаве РФ і Беларусі» — мімаходзь, аб ЕАЭС — адным сказам, затое шмат, маляўніча і з натхненнем аб ШАС, БРІКС, ініцыятыве «Пояс і шлях».
- 3. Калі гаварылася пра ворагаў, куды ж без іх, відавочна праступала зрушэнне акцэнтаў. Умоўны «Захад» перастаў быць «вырадкам пекла». Добрым ён не стаў. Маўляў, краіны ЕС і ЗША кіруюцца сваімі інтарэсамі (часцяком памылковымі) і прымушаюць да гэтага іншых. У тым ліку стымулюючы развіццё канфліктаў. Гэта значыць, замест ворага ўжо ўмоўны «канкурэнт». Дайшло да нечуванага для беларускіх чыноўнікаў (асабліва ў апошнія гады) пачатку прамовы: «Мы спакойна ставімся да непрымання заходнімі лібераламі палітычнай мадэлі нашага развіцця (звяртаю ўвагу — ужо не «Захаду», а нейкіх «лібералаў»), пры гэтым не адмаўляем прагрэсіўныя формы заходнееўрапейскай дэмакратыі — мы іх інтэгруем, калі яны не супярэчаць нашым традыцыям».
- 4. Унутраныя ворагі ці апазіцыя. Тут гаворка Лукашэнкі нашмат больш мяккая, магчыма, самая блізкая да нейтральнай за апошнія тры гады. Згадак адносна няшмат. Тэма палітычнага супрацьстаяння сышла на чацвёрты план пасля эканомікі, геапалітыкі і «якасці жыцця». Аднак выразна відаць, што яго трыгерыць тэма пратэстаў і неўспрымання яго персоны значнай часткай грамадства. Але апазіцыянерам адведзеныя дзве ролі: або ненавідзяць краіну (літаральна пару прыкладаў, адзін з якіх, выдуманы, адсылае да 1990-х гадоў) альбо «аблудных», якія паверылі тым самым «заходнім лібералам». Асобна праступае падсвядомы ці то страх, ці то нянавісць да носьбітаў беларускай культуры. Беларуская мова з вуснаў Лукашэнкі гучала тройчы, кожны раз нібыта, ілюструючы тэму антынароднай пазіцыі апанентаў Лукашэнкі. Пры гэтым вельмі важна, што не былі згаданыя ні Варшаўскі ні Віленскі цэнтры беларускай апазіцыі.
- 5. Украіна. Здарыўся цуд! Зяленскі ўжо не «апалаўмеў» і ўжо не «фашыст». (Дарэчы, такая трансфармацыя здарылася крыху раней — прыкладна са студзеня 2024). Проста Украіна нібыта стала полем супрацьстаяння геапалітычных гульцоў і, цытата «полем бітвы ядзерных дзяржаў». Заўважна таксама, што тэма вайны падмяняецца тэмай бяспекі для беларусаў. У якасці негатыўнага прыкладу прыводзяцца рэгулярныя паветраныя трывогі, якія «палохаюць дзяцей», і як пазітыў — што «ў нас гэтага няма».
- Лукашэнка відавочна прадаваў сябе як «неабходную ўмову мірнага жыцця».
- 6. Тэма бяспекі краіны і сілавога блока. У выступе згаданая толькі мімаходзь. Прычым у звязку з барацьбой са злачыннасцю ў 1990-я гады і ростам аўтарытэту арміі ў апошнія гады. Звыклага бразгання зброяй не было. Дакладней, яно будзе — УНС будзе сцвярджаць новую ваенную дактрыну. Аднак спічрайтэры Лукашэнкі свядома развялі гэтыя тэмы. І я не здзіўлюся, калі дакладчыкамі па тэме дактрыны, акрамя ТатыКолі будуць і іншыя асобы. Характэрна, што толькі мімаходзь згаданая роля сілавікоў у падаўленні пратэстаў 2020-2021 гадоў.
- 7. Вельмі шмат спасылак на «эксперты сцвярджаюць», «эксперты кажуць». Відавочная спроба дэманстрацыі ці то дасведчанасці, ці то гатоўнасці ўспрымаць інфармацыю. І, нарэшце, практычна нічога (акрамя згадак мімаходзь) пра падзеі апошніх двух-трох гадоў у Беларусі. Затое ў фінале выступу словы пра тое, што «стварыла наша пакаленне» і «як важна гэта захаваць».
У тых, хто прачытаў гэтыя пункты або праслухаў выступ, можа стварыцца ўражанне, што гэта была ці ледзь першая з серыі развітальных прамоў Лукашэнкі. Зусім не.
З аднаго боку, уся трансфармацыя палітычнай сістэмы адбываецца, каб дадзены персанаж мог «сысці не сыходзячы».
Менавіта пад яго ствараецца пасада «старшыні Прэзідыума УНС» з функцыяналам іранскага Факіха. Але сыходзіць з прэзідэнцкай пасады да 2025 года, гэта значыць датэрмінова, Лукашэнка наўрад ці будзе.
Ды і наконт 2025-га года перспектывы няясныя. З аднаго боку, ёсць ціск часткі яго ўласнага асяроддзя што, маўляў «час», ёсць напружанне сістэмы і ёсць нават намёкі з Масквы. Але ёсць несуцішная прага ўлады, і пакуль няма просьбы «вызваліць месца» з Кітая.
Таму Лукашэнка з аграмаднай доляй верагоднасці пойдзе на выбары ў 2025 годзе — і яму намалююць 90+ працэнтаў.
Але паўтару свой прагноз, які даў 8 жніўня 2020 (да пачатку пратэстаў) — гэта яго апошні электаральны тэрмін. Выбрацца зноў ён можа, дасядзець будзе вельмі складана.
Лукашэнка адчувае праблему (што-што, а палітычная чуйка ў яго ёсць) і таму для яго вельмі важным з'яўляецца ўкараненне іранскай мадэлі. Каб была верагоднасць сысці з пасады прэзідэнта, але захаваць уладу.
Але, у адрозненне ад Ірана, дзе ёсць рэлігійна-ідэалагічны стрыжань у выглядзе ісламу, атачэнне Лукашэнкі так і не змагло «нарадзіць» ідэалогію беларускай улады (не кажучы пра дзяржаўную). Таму з'яўляюцца і будуць з'яўляцца такія выступы. Дзе састарэлы аўтакрат будзе пераконваць, нават не аўдыторыю (нават суперлаяльную) а, у першую чаргу сябе самога, што ён малайчына, што ён вялікі палітык і вялікі лідар.