1200 сведкаў стабільнасці
Ад павелічэння колькасці сведак беларуская стабільнасць не стане стабільнейшай. Таму што калі ў стабільнасці зменіцца дзеючы гарант, то ў сведак стабільнасці зменіцца вектар лаяльнасці, разважае аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі».
У кіраўніка Беларусі ўжо ёсць сходы, што мусяць гарантаваць яму спакойнае панаванне: адзін сход, які ён называе Палатай прадстаўнікоў, і яшчэ адзін сход, які называецца Саветам Рэспублікі. Разам у гэтых двух сходах разам амаль 170 гарантаў стабільнасці. Але неяк ніякай стабільнасці гарантаваць не атрымліваецца.
Учора сёй-той вызначыўся, што свой Усебеларускі сход ён правядзе праз месяц. Сказаў, што гэты Усебеларускі сход у яго павінен быць асаблівым. Не такім, як ранейшыя усебеларускія сходы. Усё ж такі сёй-той ускладае на гэты сход вялікія надзеі. Таму што гэты сход павінен стаць яму новым гарантам яго асабістай стабільнасці.
Вось цяпер у гэтай стабільнасці два гаранты — красаўцы і саюзнік. Але двух гарантаў для стабільнасці ўсё ж такі замала. Таму што красаўцы ўмеюць гарантаваць стабільнасць толькі ў рэжыме надзвычайных абставінаў. А вось каму ў выпадку сапраўдных надзвычайных абставінаў будзе гарантаваць стабільнасць саюзнік, гэта яшчэ пытанне. Таму хочацца, каб стабільнасці было больш, стабільнасці была стабільнейшай.
Хоць насамрэч ніякай дадатковай стабільнасці Усебеларускі сход нікому, вядома, не забяспечыць. Вось у сяго-таго ўжо ёсць адзін сход, які ён называе Палатай прадстаўнікоў. І яшчэ адзін сход, які называецца Саветам Рэспублікі. У гэтых двух сходах разам амаль 170 гарантаў стабільнасці. Але неяк ніякай стабільнасці ў гэтых гарантаў гарантаваць не атрымліваецца. І калі дадаць да 170 гарантаў яшчэ 1200 новых гарантаў, то стабільнасць ад павелічэння колькасці гарантаў стабільнейшай не стане.
Вось як бы не атрымалася наадварот. Пакуль стабільнасць будзе заставацца стабільнай, Усебеларускі сход будзе проста бескарысным. (Ну, прынамсі для ўсіх, акрамя членаў Усебеларускага сходу). І гэта яго лепшае агрэгатны стан.
Таму што ў абставінах, калі Усебеларускі сход можа прынесці хоць якую-небудзь карысць, ад яго не будзе ніякай карысці, акрамя шкоды.
Па-першае, у выпадку ўзнікнення надзвычайных абставінаў ты яшчэ паспрабуй гэтыя 1200 чалавек разам сабраць. 1200 сведкаў стабільнасці — гэта не тыя людзі, якія будуць збірацца разам у выпадку ўзнікнення надзвычайных абставінаў. Як паказала практыка, у надзвычайных абставінах сведкі стабільнасці імкнуцца сведчыць стабільнасць з бяспечнай адлегласці.
А па-другое, адзіны канстытуцыйны сэнс Усебеларускага сходу складаецца ў тым, каб гарантаваць стабільнасць былому гаранту. І дзеля гэтага ва Усебеларускі сход зараз адбіраюць толькі самых надзейных сведак стабільнасці. Такіх, якія не паквапяцца на стабільнасць нават у канстытуцыйна несвядомым стане.
Але надзейныя сведкі стабільнасці — гэта такія сведкі стабільнасці, для якіх няма стабільнасці важнейшай, чым асабістая стабільнасць. І калі ў стабільнасці зменіцца дзеючы гарант, то ў сведак стабільнасці зменіцца вектар лаяльнасці. Можа не адразу. Усё ж такі сведкам стабільнасці спатрэбіцца некаторы час на ўсведамленне новай рэальнасці. Але і доўга цягнуць са зменай вектару яны таксама не будуць. Калі змяняеш вектар лаяльнасці — вельмі важна паспець змяніць вектар лаяльнасці своечасова.
Так што ніякай стабільнасці былому гаранту ніякі сход, вядома, не гарантуе. Як бы не атрымалася наадварот. Таму што сведкі стабільнасці любяць свайго гаранта, пакуль ён гарант. А калі ён не гарант, то за што, пытаецца, яго любіць?
Дый ніхто гаранту, калі ён стане былым гарантам, ніякай стабільнасці гарантаваць не зможа.
Аб гарантыях стабільнасці трэба было думаць раней. Яшчэ да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.