VK пашырае сетку сервераў, каб хутчэй загружалася. Няўжо рыхтуецца да забароны YouTube ў Расіі?
Калі ў РФ не застанецца YouTube, давядзецца глядзець відэа ва «ВКонтакте»? Кампанія VK пашырае ўласную сетку CDN-сервераў, каб паскорыць загрузку відэакантэнту на фоне росту колькасці карыстальнікаў. Як піша «Forbes» са спасылкай на крыніцы, гэта дазволіць VK падрыхтавацца да скачка трафіку ў выпадку забароны YouTube ў Расіі.
У VK афіцыйна паведамлялі, што пачалі разгортваць сваю сетку CDN-сервераў (сетку дастаўкі кантэнту) яшчэ ў 2021 годзе. Цяпер, як заявілі «Forbes» у кампаніі, яна «паслядоўна нарошчвае прапускную здольнасць, у тым ліку і за кошт пашырэння сеткі CDN» на фоне росту аўдыторыі. Так, па выніках 2022 года трафік ва «ВКонтакте» павялічыўся больш чым у два разы, а аўдыторыя вырасла амаль на 20%.
Паводле выдання «Forbes», пашырэнне сеткі CDN-сервераў — сумесны праект VK і аператараў сувязі. У гутарках з аператарамі сацсетка абяцае перавабіць з YouTube папулярных рускамоўных блогераў і значна павялічыць свой відэатрафік. Пра гэта распавёў выданню адзін з суразмоўцаў на тэлекамунікацыйным рынку.
Крыніца «Forbes» у адной з кампаній мяркуе, што, магчыма, VK усталёўвае CDN-серверы ў якасці прэвентыўнай меры на выпадак блакіравання YouTube, бо ў гэтым выпадку расійскую сацсетку чакае рэзкі ўсплёск трафіку. «Калі ёсць задача стварыць альтэрнатыву замежным сэрвісам (а гэта па большай частцы YouTube), то толькі адзін сэрвіс можа скласці канкурэнцыю — гэта VK», — адзначыла іншая крыніца выдання.
Пры гэтым суразмоўцы «Forbes» не кажуць, што яны нешта ведаюць пра канкрэтныя планы блакіравання YouTube.
Здагадкі аб хуткім блакіраванні YouTube з'явіліся пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Іх стала яшчэ больш пасля забароны Facebook і Instagram у Расіі.
Відэахостынг неаднаразова блакіраваў многія каналы расійскіх дзяржаўных органаў і СМІ, што прыхільнікі забароны YouTube ў Расіі выкарыстоўвалі ў якасці аргументу ў падтрымку яго блакіравання.
Крыніцы «Медузы», блізкія да Крамля, у студзені паведамлялі, што канчатковая пастанова наконт блакіравання YouTube пакуль не прынята. Паводле іх звестак, за блакіраванне выступае куратар інфармацыйнага блока Крамля Аляксей Громаў і многія высокапастаўленыя сілавікі, а супраць — многія чальцы ўрада, а таксама палітычны блок Адміністрацыі прэзідэнта, узначалены Сяргеем Кірыенкам.
- У Расіі на YouTube прыпадае каля 35% усяго трафіку — гэта ацэнка генеральнага дырэктара «TelecomDaily» Дзяніса Кускова.
- У траўні 2022 года Google (які валодае YouTube і платформай Android) апавясціў некаторых расійскіх правайдараў аб скасаванні дамоў на абслугоўванне сервераў ПС. Нібыта тады Google перастаў працаваць з трыма рэгіянальнымі аператарамі сувязі.
- У верасні 2022 года стала вядома, што Microsoft і Netflix закрылі ў Расіі серверы, якія паскараюць загрузку кантэнту.
- Адметна, што ў лютым 2023-га пракуратура горада Уладзіміра запатрабавала заблакіраваць YouTube праз суд, аднак калі на гэта звярнулі ўвагу СМІ, патрабаванне знікла з карткі справы на сайце суда.
Паводле «Медуза», www.forbes.ru