Віктар Януковіч шпіталізаваны ў Маскве

У бальніцу Масквы шпіталізавалі прэзідэнта-ўцекача Віктара Януковіча, заявілі некалькі расійскіх СМІ са спасылкай на ўласныя крыніцы сярод медыкаў і экстраных службаў.

tsn.ua

tsn.ua

Паводле інфармацыі расійскага інфармагенцтва «РИА Новости», у бальніцу Віктар Януковіч трапіў яшчэ 16 лістапада, аднак вядома стала толькі ў нядзелю, 18 чысла.
«Ён быў, але ўжо не ляжыць у нас. Паступіў сюды ў пятніцу, яму аказалі дапамогу, адпусцілі ў той жа дзень», — паведамілі «РИА Новости» ў даведачнай клінікі.
Выданне «Комсомольская правда» са спасылкай на крыніцу сярод дзяжурных лекараў клінікі Скліфасоўскага паведаміла, што Януковіча шпіталізавалі ў нерухомым стане з падазрэннем на сур'ёзную траўму пазваночніка і калена.
Таксама выданне паведаміла, што Януковіч атрымаў траўму падчас гульні ў тэніс на падмаскоўным корце — адтуль экс-прэзідэнта вывезлі на карэце хуткай. Акрамя таго, крыніца «КП» дадала, што Януковіча суправаджалі некалькі чалавек, і на некаторы час у блоку бальніцы абмежавалі доступ наведвальнікам.
Прэс-сакратар Януковіча каментаваць гэтую інфармацыю выданню адмовіўся.
Са свайго боку рэсурс «360» таксама падцвердзіў інфармацыю аб шпіталізацыі «чалавека, вонкава падобнага на Януковіча». Рэсурс спасылаецца на інфармацыю ад экстраных службаў. Там паведамілі, што ў пацыента з Януковічам супадаюць ўсе дадзеныя, уключаючы імя і дату нараджэння.
«360» таксама паведаміў, што Януковіч правёў у шпіталі каля гадзіны, пасля чаго з'ехаў. Інфармацыю пра нібыта «нерухомы стан» экс-прэзідэнта ў экстранных службах не падалі.
Адзначым, што Януковіч нібыта атрымаў траўму за некалькі дзён да таго, як ён павінен выступаць з апошнім словам у судзе па справе аб дзяржаўнай здрадзе. Суд прызначыў для гэтага дзень 19 лістапада (панядзелак). Паважлівымі прычынамі няяўкі экс-прэзідэнта могуць быць: утрыманне пад вартай, камандзіроўкі, смерць сваякоў або цяжкая хвароба.
Раней на судовых спрэчках адвакаты спрабавалі пераканаць суд у тым, што Януковіч збег у выніку «дзяржаўнага перавароту».
Беглы прэзідэнт абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе, дапамозе прадстаўнікам улады Расіі, наўмысных дзеяннях, учыненых з мэтай змены дзяржаўнай мяжы Украіны, устаноўленай Канстытуцыяй і вядзенні агрэсіўнай вайны.
Па гэтых артыкулах Януковічу пагражае да 15 гадоў зняволення.
hromadske.ua