Венесуэла: калі пераможца прайграў

Сапраўдным шокам для ўсіх аказаліся вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле: яўны фаварыт Нікалас Мадура ледзь не прайграў. Сусветная прэса шукае адказ на пытанне: што ж здарылася?



2013_04_12t162406z_01_tbr07_rtrmdnp_3_venezuela_election.jpg

Усяго за два тыдні кампаніі апазіцыйны кандыдат Энрыке Капрылес здолеў дагнаць прадстаўніка чавістаў Нікаласа Мадура, які на старце выбарчай гонкі меў на 20 пунктаў больш. У выніку, паводле афіцыйных дадзеных, разрыў паміж кандыдатамі складае каля 1,5 працэнтаў, або 200 тысяч з гакам галасоў. Як Мадура, якога лічылі амаль рэінкарнацыяй Чавеса, мог прафукаць такі рэсурс?

У якасці адказу на старонках СМІ прапануюцца шмат версій. Перш за ўсё, безумоўна, пішуць пра тое, што як асоба Мадура аказаўся не такі цікавы. «Пераемнік Чавеса Нікалас Мадура, здаецца, не мае ні інтэлектуальных, ні палітычных талентаў прымаць рашэнні, якія задавальняюць інтарэсы ўсёй наменклатуры. У першыя дні пасля выбараў яго стыль кіравання — спалучэнне пагроз расправіцца і абяцанняў пералічыць галасы — зрабіў яго імідж яшчэ больш туманным», — адзначае нямецкае выданне «DerWelt».

Шматлікія СМІ адзначаюць, што Капрылес як лідар аказаўся прывабней за Мадура. «Нарэшце ў нас ёсць лідар», — казалі шматлікія прыхільнікі апазіцыі ў час апошняй кампаніі.

На думку газеты «Vanguardia», улада адштурхнула ад сябе гэтых людзей, пабудаваўшы кампанію не на аргументах, а на кульце Чавеса: «Аказалася пралікам думаць, што стварэнне рэлігійнага культу вакол Уга Чавес будзе дастаткова, каб утрымаць электаральную большасць. Улічваючы сур’ёзныя праблемы краіны і эканомікі, няўпэўненасць, палітычную палярызацыю і вельмі неэфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, венесуэльцы былі прыхільнікамі не чароўных, а зямных рашэнняў».

Левыя выданні лічаць, што Капрылес абавязаны свайму прарыву тым, што пачаў атакаваць Мадура з левых пазіцый. Амерыканскае выданне «Nation» адзначае: «Капрылеспастаянна параўноўваў сябе з бразільскім левым прэзідэнтам Лулай даСільва, заяўляючы, што ён захавае ўсе сацыяльныя праекты Чавеса — сістэму аховы здароўя, адукацыю, забеспячэнне жыллём, дзіцячыя сады, разлічаныя на дапамогу гарадской і сельскай беднаты. Пры гэтым Капрылес, які ў 2002 годзе падтрымаў арганізаваны ЗША пераварот, цяпер называе сябе прыхільнікам баліварыянскай рэвалюцыі. Яшчэ некалькі гадоў пра падобнае нельга было нават і падумаць — гэта ўсё роўна, што Дзік Чэйні (адна з ключавых фігур адміністрацыі прэзідэнта Буша-малодшага) абвясціў бы сябе сябрам левай антываеннай феміністычнай арганізацыі».

Яшчэ адзін цікавы тэзіс тычыцца ролі, якую адыгралі ў кампаніі Капрылеса патрыятычныя лозунгі. Венесуэльская апазіцыя і раней спрабавала стрыгчы купоны на тэме ўплыву Гаваны на рашэнні, якія прымаў Чавес. Аднак цяпер дэвіз «NosomosCuba,somosVenezuela» (Мы не Куба, мы Венесуэла), мяркуючы па рэпартажах з вуліц Каракаса, сапраўды знайшоў масавую падтрымку.

Відавочна, гэта звязана з тым, што 25 гадоў таму Нікалас Мадура атрымаў запрашэнне прайсці ў Гаване навучанне ў Інстытуце падрыхтоўкі кадраў. Нават французская «LeMonde», якую нельга назваць правай, не выключае, што Мадура з’яўляўся агентам кубінскай дыпламатыі і завязаў кантакты з Уга Чавесам у рамках нейкага задання.

Хаця, з іншага боку, такім жа чынам працавала ў Венесуэле і ЦРУ, якое было звязанае са спробай вайсковага перавароту супраць легітымнага ўраду ў 2002 годзе. Дарэчы, нямецкая «Tageszeitung» піша, што Мадура, наадварот, атрымаў перавагу, паколькі адкрыта заявіў, што ён сацыяліст. З улікам яго слабай харызмы, гэта было адзіным, што дазволіла яму кансалідаваць сацыяльную базу чавістаў.

Аднак вернемся да прычын канфузу Мадура. Іспанская газета «ElMundo» слабым месцам выбарчай кампаніі Мадура лічыць зварот выключна да бедных. Між тым, дзякуючы перш за ўсё рэформам Чавеса, у краіне большасць людзей належаць да сярэдняга класу, які ўжо не жадае галасаваць за «кандыдата бедных», як называў сябе ў агітацыйных роліках Нікалас Мадура.

Што далей? Тая ж «ElPais» падводзіць прамежкавы вынік: «Пакуль што мы маем маральную, а не рэальную перамогу апазіцыі. Аднак гэта маральная перамога часова замарозіла чавісцкі праект для краіны, у аснове якога інстытуцыялізацыя гарадскога люмпену ў якаcці галоўнага суб’екту рэвалюцыі».

Між іншым, у першы дзень пасля выбараў гэтае ж выданне прагназавала, што вулічныя маніфестацыі апазіцыі могуць прывесці да вайсковага путчу. Пакуль сцэнар развіцця падзей застаецца незразумелым. 17 красавіка Капрылес заявіў, што мае дадзеныя пра тое, што прыкладна на тысячы выбарчых участкаў мелі месца дадатковыя ўкідванні фальсіфікаваных бюлетэняў. Быццам, гэта дало Мадура больш за паўмільёна ліпавых галасоў. У адказ чавісіты патрабавалі ў пракуратуры распачаць крымінальную справу супраць Капрылеса за правакацыйныя заклікі і непраўдзівую інфармацыю.

Яшчэ адзін магчымы фактар дэстабілізацыі ў Венесуэле — анархія ў шэрагах чавістаў. Журналісты звяртаюць увагу на пост, які пакінуў 16 красавіка ў Twitter другі ў цяперашняй чавісцкай камандзе чалавек — Дзіасдада Кабельё . Ён раскрытыкаваў Мадура за адсутнасць самакрытыкі. Нехта зразумеў той пост як адкрыты старт унутрыпартыйнай барацьбы.

Спецыяльна для НЧ сітуацыю ў Венесуэле каментуе Аляксандр Снітко, беларускі актывіст Руху салідарнасці 1980-х гадоў, які дасюль падтрымлівае кантакты з сябрамі ў Лацінскай Амерыцы.

Сыходзячы з перапіскі з маімі сябрамі (галоўным чынам гэта людзі левых поглядаў), магу ўказаць як мінімум на дзве прычыны нечаканага ўздыму папулярнасці Капрылеса. Па-першае, гэта абяцанне ў выпадку перамогі за кошт дзяржавы аплаціць крэдыты тым, хто ў часы Чавеса браў іх на будаўніцтва жылля. Цяпер працэнты па тых крэдытах плацяць каля двух мільёнаў венесуэльцаў. Гэта важная грамадская праблема, якую ўпусцілі ў штабе Мадура. Па-другое, Капрылес абяцаў рэзка ўзняць мінімальны заробак, што таксама спадабалася шматлікім выбаршчыкам.

Тым не менш, баліварыянскі лагер выстаяў. Хаця ўсе мае сябры прызнаюць, што для яго пачынаюцца цяжкі часы. Галоўныя выклікі на адрас Мадура — карупцыя, праблема бюракратызацыі і злачыннасць. Калі ён нешта тут зробіць, то шансы ў баліварыянскага праекту яшчэ будуць.