Імунныя пашпарты: за і супраць
Існуе мноства спрэчных версій таго, як будзе выглядаць свет, калі скончыцца пандэмія. Шмат хто лічыць, што першай глабальнай інавацыяй стане ўвядзенне індывідуальнага імуннага пашпарту.
Калі агулам падсумаваць дэбаты наконт тых пашпартоў, то можна казаць, што гаворка ідзе пра спецыяльныя аналагавыя альбо лічбавыя дакументы. Іх будуць выдаваць людзям, якія перахварэлі на Covid-19 або маюць моцны імунітэт супраць заразы. Наяўнасць такога пашпарта будзе дазваляць яго ўладальніку займаць працоўнае месца, падарожнічаць, наведваць масавыя культурныя і спартовыя мерапрыемствы.
Аўтарства ідэі, напэўна, належыць ураду Чылі. Ён яшчэ ў сакавіку ўвёў дакумент для тых, хто перахварэў на вірус. Яны мелі права вяртацца на працу. Праўда, пазней, калі стала вядома, што былыя пацыенты могуць захварэць зноў, эксперымент спынілі.
Але ідэя, як кажуць, пайшла ў народ. Напрыклад, у Вялікабрытаніі ідэя імунных пашпартоў для чыноўнікаў разглядаецца ў адным з камітэтаў тамтэйшага ўраду. На яго замову брытанская кампанія Bizagi ўжо выпусціла CoronaPass — праграму, у якой захоўваецца інфармацыя пра стан імунітэту карыстальніка, атрыманая ад адпаведнага органа аховы здароўя. Праз QR-код, быццам, можна праверыць статус імунітэту карыстальніка ў любы момант.
Не адстаюць і прыватныя фірмы. Яшчэ ў красавіку авіякампанія Emirates правяла першыя экспрэс-аналізы крыві на Covid-19 у пасажыраў авіякампаніі, перш чым пускаць іх на борт. «Мы працуем над планамі па пашырэнні магчымасцяў тэставання ў будучыні і распаўсюджванні вопыту на іншыя рэйсы», — гаварылася ў паведамленні кампаніі.
Як правіла, усе распрацоўшчыкі ў гэтай галіне спрабуюць знайсці і сертыфікаваць метад, які дэманструе наяўнасць у арганізме антыцелаў, здольных блакаваць вірус. З улікам той колькасці рэсурсаў, якія кінутыя на гэты фронт, не выключана, што хутка і ў нас для паездкі ў электрычцы давядзецца прад’явіць на сканер той самы QR-код або пашпарт здароўя.
З’яўленне ж такога пашпарту можа мець наступствы больш драматычныя, чым цяперашняя эпідэмія. Пачаць можна з праблем этычнага характару. Тыя, у каго не будзе пашпарта або знойдзецца дэфіцыт антыцелаў, аўтаматычна стануць маргіналамі, уладальнікамі «воўчага білета», якіх ніхто не возьме на нармальную працу. Гэта абнуляе ўсе намеры лакалізаваць эпідэмію з дапамогай пашпартоў: як сведчыць практыка, менавіта сацыяльна маргіналізаванае асяроддзе становіцца інкубатарам хваробы.
Пасля з’яўлення імунных пашпартоў можна будзе смела выкрасліць з Канстытуцый права грамадзян на прыватнае жыццё. Людзям давядзецца ледзь не на кожным кроку афішаваць стан свайго здароўя. І пакуль няма ніякіх гарантый, што гэтая канфідэнцыйная інфармацыя не стане публічнай. Абяцанні стваральнікаў пашпартоў, што асабістыя даныя будуць даступныя толькі ўрадам або кампетэнтным кампаніям, не пераконваюць скептыкаў. Пашпартамі давядзецца карыстацца вельмі часта, у тым ліку падчас наведвання розных устаноў, кампутарныя сістэмы якіх стануць мэтай хакераў.
Пачатак эры пашпартоў імунітэту аўтаматычна адкрые новую эру крыміналу, паколькі паўстане чорны рынак інфармацыі пра здароўе грамадзян. Шмат людзей будуць гатовыя плаціць шантажыстам за захаванне ў таямніцы файлаў пра свой слабы імунны стан. Інакш, калі пра гэта даведаюцца іншыя, можна згубіць не толькі месца працы, але нават, пад ціскам суседзяў, месца жыхарства. Вытворчасць пашпартоў таксама адкрывае велізарныя гарызонты для карупцыянераў у краінах са слабай прававой дысцыплінай.
Нарэшце, апалагетыка тэстаў на антыцелы вельмі сумнеўная. Біялогія каронавіруса Sars-cov-2 настолькі новая, што ніхто не ведае, ці сапраўды тыя антыцелы надаюць імунітэт і, калі гэта так, на які тэрмін. У красавіку Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) апублікавала навуковае рэзюмэ, у якім гаварылася пра «брак доказаў эфектыўнасці імунітэту з прысутнасцю антыцелаў, каб гарантаваць дакладнасць пашпартоў імунітэту або іншага сертыфікату». «У гэтых выпадках раздача пашпартоў імунітэту можа павялічыць рызыку заражэння як для іх уладальнікаў, так і для грамадства ў цэлым», — піша часопіс New Yorker з спасылкай на высновы СААЗ.
Як бачым, існуе шмат аргументаў супраць увядзення пашпартоў імунітэту. Можна пагадзіцца з тымі медыкамі і медыя, якія заклікаюць не ўсталёўваць часавыя межы для стварэння эфектыўнага тэсту. У тым ліку таксама таму, што няма адназначнага адказу, як доўга захоўваецца імунітэт супраць віруса.
Але, падаецца, падобныя пажаданні дактароў і журналістаў, якія падзяляюць іх думку, не змогуць перамагчы лобі авіябізнесу, спорту і, нарэшце, урадаў краін, гаспадарка якіх крытычна залежыць ад турпатоку. Ужо ўлетку гэтага года на брытанскіх стадыёнах плануецца распачаць першыя эксперыменты. Тыя, хто хоча набыць квіткі на трыбуны, павінны будуць прад’явіць той самы імунны пашпарт.