Варажба на выбарах
Аказваецца, каб ведаць прозвішча наступнага прэзідэнта ЗША, не трэба чакаць вынікаў заакіянскай выбарчай камісіі. За 200 гадоў узнікла цэлая сістэма ірацыянальных прыкмет, якія дазваляюць вылічыць, хто стане гаспадаром Белага дому.
Так, у сярэдзіне пазамінулага стагоддзя шматлікія амерыканцы лічылі, што ў палітыку нельга ісці чалавеку, чыё прозвішча складаецца з трох словаў (напрыклад, Марцін ван Бюрэн). Глебай для такога міфу стаў той факт, што тройчы людзі з такімі складанымі прозвішчамі не здолелі абрацца на пасаду прэзідэнта.
Але, напэўна, самая вядомая прыкмета звязаная з клубам «Washington Redskins» (англ.: «Чырванаскурыя з Вашынгтону»). У амерыканскім палітычным лексіконе нават існуе
выраз «Redskins rule» («Правіла чырванаскурых»). Правіла простае: калі згаданы клуб перамагае на сваім поле ў апошнім матчы перад днём галасавання, цяперашні
прэзідэнт (або іншы прадстаўнік правячай партыі) будзе фармаваць дзяржаўную адміністрацыю. Калі клуб прайграе, апазіцыя можа загадзя замаўляць шампанскае і святкаваць перамогу.
Часам гэта сапраўды нагадвае фантастыку. Так, у 1976 годзе «Washington Redskins» за ўвесь сезон перад матчам, які быў прызначаны напярэдадні выбараў, прайгралі толькі адну гульню ў
родных сценах. Букмекеры адназначна прагназавалі, што і ў чарговым матчы перамогу будуць святкаваць «чырванаскурыя». Аднак у выніку яны ўмудрыліся прайграць — і праз
некалькі дзён дзеючы прэзідэнт Форд прайграў выбары дэмакрату Картэру. Праўда, адзін пракол у гэтым правілы быў. У 2004 годзе, нягледзячы на паразу «чырванаскурых», Джордж
Буш-малодшы пераабраўся на пасаду амерыканскага гаранта.
Палітолагі шукаюць сакрэт таго, што адбываецца, і нават прыдумалі своеасаблівую тэорыю пра нябачную сувязь паміж гульцамі на полі і настроем на трыбунах. Ідэя простая: калі ў краіне ўсё добра, то і
балельшчыкі ў пазітыўным тонусе, які перадаецца спартовым улюбёнцам. Пры адваротным раскладзе яны нервуюцца, і, адпаведна, іх каманда атрымлівае негатыўны эмацыйны зарад, што адлюстроўваецца на
табло.
Наступнае прадказанне тычыцца параўнання колькасці прададзеных масак прэзідэнта і яго суперніка падчас святкавання Дня ўсіх святых. Тут усё проста — індыкатарам фаварыта ёсць колькасная
перавага продажаў. Калі верыць саліднаму агенцтву CNN, варажба на масках дае правільныя вынікі пачынаючы з выбараў 1980 года. Раней, на жаль, да гэтай методыкі сур’ёзна не ставіліся.
Не менш забаўнае і наступная прадказанне. Гаворка пра вынікі так званага «галасавання дзяцей» — Kid Vote. Цяжка сказаць, хто прыдумаў, каб школьнікі (якія, зразумела, не
маюць права голасу) таксама абіралі прэзідэнта. Аднак у выніку мы маем сенсацыйныя дадзеныя: у 15 з 17 апошніх выбараў дзеці правільна прадказвалі канчатковы вынік дарослых выбараў. Пры гэтым яны ў
большасці прызнаюць: галоўным фактарам, каб падтрымаць таго ці іншага палітыка, ёсць яго падабенства да нейкага папулярнага мультыплікацыйнага героя. Другі па папулярнасці матыў —
падабенства кандыдата да дзядулі. У 2012 годзе па выніках школьных выбараў, вынікі якіх апублікавалі за тыдзень да 6 лістапада, Абама перамог Міта Ромні.
Варта згадаць і пра прадказанне з дапамогай акругі Віга (Vigo), што ў штаце Індыяна. Як вядома, па сутнасці большасць штатаў галасуюць традыцыйна. Тэхас і Поўдзень заўсёды галасуюць за
рэспубліканцаў, а Каліфорнія — за дэмакратаў. Інтрыга назіраецца толькі ў прыкладна 12 штатах, дзе вынікі няпэўныя. Таму сапраўдны знавец амерыканскай палітыкі будзе адсочваць дадзеныя
экзіт-полаў менавіта ў гэтых штатах. А самы лепшы знавец сканцэнтруе ўвагу на апытаннях у акрузе Віга. Тубыльцы заўсёды галасуюць так, як галасуе ўся краіна. Пачынаючы з 1956 года, кандыдат, які
перамог у гэтай акрузе, абавязкова станавіўся прэзідэнтам ЗША. Аказваецца, менавіта ў Віга жыве больш за ўсё людзей, якія маюць сярэднестатыстычную вагу цела грамадзяніна ЗША. Адказ на пытанне, якім
чынам вага цела звязаная з мастацтвам прадказваць вынікі выбараў, навуцы пакуль не вядомы.
Яшчэ адзін папулярны метад загадзя высветліць вынікі выбараў — зазірнуць у каляндар алімпійскіх гульняў, якія, як і выбары прэзідэнта ЗША, адбываюцца ў той самы год. І пры гэтым існуе
цікавае супадзенне: калі Алімпіяда праходзіць у горадзе, які раней ужо прымаў гульні, то на выбарах у ЗША перамагае кандыдат ад кіроўнай партыі. Гэты прынцып спрацаваў 12 разоў і толькі аднойчы даў
асечку. Паколькі Алімпіяда ў 2012 годзе прайшла ў Лондане, які раней ужо двойчы прымаў гульні, усё казала пра перамогу дэмакратаў. Аднак рэспубліканцам, магчыма, таксама хутка пашанцуе. Арганізатар
наступных алімпійскіх спаборніцтваў — Бразілія, дзе Алімпіяду ніколі не прымалі. Такім чынам, у партыі «сланоў» папросту фантастычныя шансы ў 2016 годзе зноў аформіць
прапіску ў Белым доме.
Не менш загадкавая сувязь існуе паміж выбарамі і «Оскрам» — галоўнай узнагародай Амерыканскай кінаакадэміі. Формула прадказання наступная. У год выбараў узгадайце, які
фільм атрымаў статуэтку летась, і пасля ўзгадайце яго фабулу. Калі стужка заканчваецца хэпі-эндам (злачынцу садзяць у турму або любоў перамагае ўсе перашкоды) — смела прагназуйце перамогу
кандыдата ад партыі, якая цяпер пры ўладзе. Калі фінал карціны не аптымістычны (гангстэр застаецца на свабодзе, а любоў заканчваецца драматычна), можна адразу пабіцца аб заклад хоць на тысячу
долараў, што пераможа апазіцыя.
Класічным прыкладам з’яўляюцца выбары 1976 года. За год да гэтага «Оскара» атрымаў фільм «Пралятаючы над гняздом зязюлі». Хэпі-энда ў фільме няма. З такой
канцоўкай вынікі дуэлі кандыдатаў Форд — Картэр можна было лёгка прадказаць. У 1979 годзе «Оскар» дастаўся фільму «Крамер супраць Крамера» пра адзінокага
бацьку, які вымушаны заняцца выхаваннем сына. Драматычная меланхалічная гісторыя не пакінула ніякіх шансаў дэмакратам на выбарах наступнага года.
У 1991 годзе (на той час пры ўладзе былі рэспубліканцы) трыумфуе «Маўчанне ягнят» — кіно пра канібала, які лёгка падманвае федэральных дэтэктываў. Так кінаакадэмікі, лічы,
забяспечылі перамогу дэмакрата Біла Клінтана на выбарах 1992-га. «Оскара» 2011 года атрымаў «Артыст» — кінааповесць пра актора нямога кіно, які ўсе губляе
з прыходам на экран гуку. Аднак дзякуючы каханню ён з фурорам вяртаецца на сцэну. Хэпі-энд стужкі прадказваў, што праз год выбары выйграе Абама.
Гэта далёка не ўсе забабоны наконт выбараў амерыканскага прэзідэнта. Яшчэ іх вынікі можна прадказваць па курсу Доу-Джонса на сярэдзіну жніўня ў год выбараў, па выніках фінальнай гульні лепшых каманд
амерыканскіх футбольных лігаў і г.д. Усё гэта сведчыць не толькі пра тое, што ў свядомасці сучаснага чалавека засталося шмат перажыткаў архаічных часоў, калі ён тлумачыў усё працэсы праз тэорыю
супрацьстаяння злых і добрых духаў. Такая колькасць міфаў, легенд і забабонаў сведчыць, што амерыканскія выбары — гэта сапраўды значная для кожнага амерыканца падзея.