Уся ўлада серыялам!

Скончыўся, напэўна, самы эфектыўны ў гісторыі серыял «Гульня тронаў», аднак палітычны эфект мыльнай оперы нам яшчэ давядзецца адчуць.

6312337.jpg

Сімвалічна, што фінал «Гульні тронаў» супаў з уступленнем Уладзіміра Зяленскага на пасаду прэзідэнта Украіны. Няма сумневу, што свайму прыходу на Банкавую (кіеўская вуліца, дзе знаходзіцца офіс прэзідэнта Украіны) артыст абавязаны не палітычным і адміністрацыйным якасцям, а серыялу. У серыяле «Слуга народа» ён выканаў ролю ідэальнага прэзідэнта Васіля Галабародзькі, чый вобраз-галаграма падчас выбараў аказаўся мацней за агітацыйныя ролікі, заклікі кіраўнікоў цэркваў, петыцыі інтэлектуалаў ды брутальны кампрамат. Насуперак усяму, людзі галасавалі за Зяленскага.

У гэтым плане міжволі даводзіцца задумацца: калі «Слуга народа» — досыць сціплы па размаху прадукт — так перапрацаваў мазгі, чаго чакаць ад «Гульні тронаў» з бюджэтам каля 10–15 мільёнаў долараў на адну серыю і з планетарнай аўдыторыяй. Толькі на першы погляд серыял па матывах твораў Джорджа Марціна — бясконцы парад крывавых разборак, сексуальных сцэн, інтрыг рыцараў і бітваў з удзелам драконаў на прыдуманым кантыненце Вэстэрос. За ўсёй гэтай казкай многія ўбачылі адзнакі палітычнай праграмы.

Калумністка «Washington Post» яшчэ ў рэцэнзіі на кнігу Марціна нечакана прызналася, што, чытаючы тэкст, нечакана разумее: прыдуманы пісьменнікам свет «у чымсьці мае сэнс». Іншае выданне — «New Yourker» — пісала пра тое, што «серыял утрымлівае сталыя падтэксты, якія маюць на ўвазе змяненне правілаў у кіраванні грамадствам».

4b378426_80b0_424f_b6c8_33b9843e9b9a_w1023_r1_s.png

Дарэчы, навукоўцы даўно працуюць з тэмай уплыву забаўляльнай прадукцыі на насельніцтва. Шмат хто згодны з правакацыйным тэзісам амерыканскага прафесара Антоні Гіержынскі: «Забаўляльныя серыялы маюць найбольшы патэнцыял як агент палітычнай адукацыі (...) Вы не толькі глядзіце і атрымліваеце асалоду ад шоу, якое пераносіць вас у іншы свет. Яны адначасова перафарматуюць, часцяком па-за вашым жаданнем, вашы палітычныя погляды». Усё той жа прафесар прагназаваў, што дзякуючы Гары Потэру — культаваму герою тых, хто нарадзіўся ў ХХІ стагоддзі, мы атрымаем пакаленне, якое будзе жыць ірацыянальнымі ўстаноўкамі ў чаканні цуду.

Напэўна, паддавацца чарам творчасці мастака — гэта не так і страшна. Але дастаткова ўспомніць, што ў свой час сентыментальны раман «Хата дзядзькі Тома» зрабіў велізарны ўплыў на калектыўныя ўяўленні амерыканцаў пра рабства. Але ў тым і справа, што з «Гульнёй тронаў» так не атрымліваецца. Героі серыяла парушаюць усе этычныя нормы, не матываваныя доўгатэрміновымі мэтамі, пошукамі стабільнага балансу з наваколлем.

Праз серыял аўдыторыя прызвычайваецца з думкай, што фіксаваная структура грамадства не такая і абавязковая. Валадар можа стаць рабом, а бастард — ператварыцца ў кіраўніка войскам. І наадварот: секс, гвалт, метады палітычнай карупцыі можна штучна і беспрынцыпова камбінаваць для стварэння градыентаў і асабістай мадэлі ўлады. Паняцце калектыўнай выгады ў герояў Марціна ўвогуле няма.

im_monstres.jpg

Самае страшнае злачынства стваральнікаў сагі, на думку многіх, — навязванне людзям пачуцця апатыі адносна лёсу планеты. Слоган «Зіма блізка», які пазначае надыход у Вэстэросе кліматычнай катастрофы, пастаянна гучыць у вуснах усіх герояў серыяла. Але замест таго, каб змагацца з надыходзячым холадам, тыя аддаюць перавагу таму, каб забіваць адзін аднаго і шукаць альянсы з паўночнымі варварамі. Нейкі прафесар паліталогіі з Бостана нават заявіў, што серыял папулярызуе думку пра няздольнасць нашай цывілізацыі змагацца са зменамі ў прыродзе.

Адзінае, што падабаецца ліберальным крытыкам, — тыпаж кабетаў. Жанчыны ў серыяле сапраўды вяршыцелькі лёсаў. Аднак і тут не абышлося без наездаў. Моцныя характары гераіняў, на думку некаторых, канструююцца імі не ў сілу існуючых на Вэстэросе нормаў, а, хутчэй, для выжывання і манеўру ў рэальных цяжкіх умовах.

494857.jpg


І, нарэшце, самы эксцэнтрычны тэзіс: «Гульня тронаў» рыхтуе чалавецтва да неафеадальнага перыяду гісторыі. Асноўная рыса гэтай будучай фармацыі — падпарадкаванне жыцця кожнага чалавека карпарацыі, у якой ён працуе. У сваю чаргу, карпарацыя мае такую ж уладу, як і дзяржава.

Такім чынам, неафеадалізм, цынізм палітыкаў, індывідуалізм, алібі на гвалт, абыякавасць да лёсу планеты... Такія трэнды ў свеце, нібыта, стварае серыял. Зрэшты, ёсць меркаванне, што «Гульня тронаў» — гэта не футурызм, а алегорыя на сучаснасць. «Гэты серыял з’яўляецца акном, каб зразумець сучасную палітыку», — піша брытанская «Guardian».

Уласна кажучы, праверыць тэорыю няцяжка. У наступным годзе нас чакаюць выбары прэзідэнта ЗША з удзелам Дональда Трампа, чые цынічныя выступы, сексізм, эгаізм, вельмі паходзяць на ўчынкі персанажаў папулярнага серыялу. А вось дэмакраты дагэтуль, маўляў, носяцца з нейкімі архаічнымі вобразамі палітыкаў і таму маюць нулявыя шансаў на перамогу. Падобна, што «Зіма блізкая». Зрэшты, пасля зімы абавязкова прыходзіць вясна.

trump_io.jpg