Папа Рымскі можа падхапіць пасярэдніцтва ў перамовах па Украіне, калі ад гэтага адмовіцца Трамп
З-за пазіцыі, якую заняў Дональд Трамп на перамовах з Пуціным, кіраўніка ЗША крытыкуюць з усіх бакоў. Тым часам Еўропа бярэ лідарства ў дапамозе Украіны і спрабуе перахапіць гэтае ж лідарства і ў мірных перамовах. Ідзе 1183-гі дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 164 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы за 21 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 44 штурмавыя дзеянні расіян ў раёнах Яблонаўкі, Новааленаўкі, Малінаўкі, Шаўчэнка Першага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Зверава, Удалага, Новасергіеўкі, Траецкага, Катляроўкі і Андрэеўкі.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 30 разоў, спрабуючы ўклініцца ў абарону Украіны ў раёнах Капанкі, Рэдкадубу, Грэкаўкі, Зялёнай Даліны, Ямпалоўкі, Торскага.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 33 атакі ў раёнах Вольнага Поля, Прывольнага, Зялёнага Поля, Канстанцінопалю, Бурлацкага і іншых.
На Тарэцкім кірунку адбылося 14 атак арміі РФ у раёнах Дружбы, Пятроўкі і Тарэцка.
У Курскай вобласці Расіі расіяне нанеслі 19 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 40 КАБ. Украінскія войскі адбілі 13 штурмаў арміі РФ.
* * *
На фронце фіксуецца прасоўванне расійскіх войскаў у Сумскай і Харкаўскай абласцях, на Запарожскім кірунку і паблізу Часавага Яру і Тарэцка ў Данецкай вобласці, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 19 траўня, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ў межах паўднёва-заходняй часткі Локні ў Сумскай вобласці і захапілі палі на захад ад населенага пункта.
Апублікаваныя 20 траўня геалакацыйныя кадры паказваюць, што войскі РФ прасунуліся праз раку Воўчая ў паўночна-заходняй частцы Ваўчанска Харкаўскай вобласці. Але незразумела, ці ўтрымліваюць яны пазіцыі ў гэтым раёне, пішуць у ISW.
Геалакацыйныя кадры ад 20 траўня, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на поўнач ад Калінаўкі (на поўнач ад Часавага Яру).
Геалакацыйныя кадры ад 19 траўня сведчаць, што войскі РФ прасунуліся ў заходняй частцы Тарэцка і на ўсход ад Новай Палтаўкі (на захад ад Тарэцка) уздоўж трасы Т-0504 Пакроўск — Канстанцінаўка. Дадатковыя геалакацыйныя кадры ад 20 траўня паказваюць, што расійцы трохі прасунуліся на поўнач ад Тарэцка.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 19 траўня, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на паўднёвы захад ад Белагор'я (на паўднёвы ўсход ад Арэхава) на Запарожскім кірунку.
* * *
У ноч на 21 траўня Расія ажыццявіла атаку Украіны 76-цю беспілотнікамі Shahed і іншымі БПЛА розных тыпаў. Супрацьпаветраная абарона Украіны збіла 63 беспілотніка — 22 знішчаныя агнявымі сродкамі, яшчэ 41 лакацыйна страчаныя з-за падаўлення сістэм РЭБ.
У Кіеўскай вобласці з-за атакі ўдарных БПЛА пацярпела сям'я з пяці чалавек, сярод якіх трое — дзеці. Таксама пашкоджаныя грамадзянскія будынкі і аўто.
Увечары 20 траўня войскі РФ нанеслі ўдар ракетай «Іскандэр» па палігоне Сіл абароны Украіны ў Сумскай вобласці, дзе трэніраваліся ўкраінскія вайскоўцы. Загінула 6 чалавек, яшчэ 10 атрымалі раненні.
У Арлоўскай вобласці Расіі ноччу 21 траўня быў атакаваны Болхаўскі завод паўправадніковых прыбораў. Раніцай у сеціве з'явіліся публікацыі пра нібыта паразу гэтага завода. Па звестках з адкрытых крыніц, на Болхаўскім заводзе вырабляюць мікрасхемы, паўправаднікі, індыкатары, мікразборкі, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах сувязі, кіравання, РЭБ і трэнажорах для танкаў і ракетных комплексаў.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, пасля перамоваў з дыктатарам Расіі Уладзімірам Пуціным, заявіў украінскаму калегу Уладзіміру Зяленскаму і еўрапейскім лідарам, што Кіеў і Масква павінны самастойна знайсці выхад з вайны, піша The New York Times.
Гэтую заяву, адзначае выданне, Трамп зрабіў усяго праз некалькі дзён пасля таго, як сказаў, што «толькі ён і Пуцін маюць паўнамоцтвы заключыць пагадненне».
Са слоў чыноўнікаў адміністрацыі Трампа, прэзідэнт ЗША таксама адмовіўся ад уласных пагроз далучыцца да еўрапейскай кампаніі ціску, што ўключала б новыя санкцыі супраць Расіі і намякнуў на сваю сапраўдную мэту — нармалізацыю стасункаў паміж Вашынгтонам і Масквой.
«Пуцін, падобна, добра ўсведамляе камерцыйныя інтарэсы Трампа, таму засяродзіў большую частку іх размоў на магчымых эканамічных адносінах. У выніку Еўропа рухаецца да ўвядзення новых санкцый, тады як ЗША гатовыя рухацца ў процілеглым кірунку, імкнучыся абыйсці Украіну і паглыбіць супрацоўніцтва з Расіяй. Гэта і ёсць той раскол унутры NATO, які Пуцін спрабаваў стварыць і выкарыстоўваць цягам двух дзесяцігоддзяў», —піша выданне.
Рознагалоссі паміж ЗША і Еўропай, як мяркуе NYT, могуць дасягнуць апагею падчас летніх самітаў G7 і NATO. Падчас апошняга будзе абмяркоўвацца доўгатэрміновая падтрымка Украіны і крокі па стрымліванні расійскіх войскаў.
* * *
Расія паабяцала даслаць ЗША «ўмовы таго, што ім спатрэбіцца для дасягнення спынення агню» з Украінай, заявіў у аўторак падчас слуханняў у Сенаце дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, піша Politico.
«Мы чакаем гэтых умоў, і тады ў нас будзе значна лепшае разуменне разлікаў Пуціна, калі мы ўбачым, як будуць выглядаць гэтыя ўмовы», — дадаў ён.
Яго заўвагі, адзначае выданне, сталі апошнім знакам таго, што ЗША не спяшаюцца мяняць сваю пазіцыю ў дачыненні да Расіі, нават нягледзячы на тое, што многія еўрапейскія чыноўнікі і заканадаўцы лічаць, што Пуцін цягне час.
Выданне Axios паведаміла, што падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і еўрапейскімі лідарамі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп распавёў, што прасіў Пуціна выступіць з такой прапановай, якую Украіна і еўрапейцы «не адкінуць адразу».
* * *
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга паведаміў, што краіны Еўрапейскага Саюза ўжо выдзелілі дзве траціны з 2 мільёнаў артылерыйскіх снарадаў, і працуюць над тым, каб як мага хутчэй забяспечыць астатнія. «Я дзякую Каю (кіраўніцу дыпламатыі ЕС Каю Калас — рэд.) за яе важную ініцыятыву», — напісаў Сібіга ў сацсетцы Х.
* * *
Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заклікаў Еўрапейскі Саюз ужо цяпер пачаць працу над наступным, 18-м пакетам санкцый супраць Расіі, які павінен ударыць па агрэсару «там, дзе яму сапраўды балюча».
Міністр заявіў, што падман, дэзарганізацыя, адцягненне ўвагі і зацягванне часу з'яўляецца стратэгіяй Пуціна, каб пазбегнуць санкцый і адказнасці. Будрыс адзначыў, што 17-ты пакет санкцый, прыняты 20 траўня, з'яўляецца «ўчорашнім днём».
«18-ы пакет санкцый павінен ударыць па агрэсару там, дзе яму сапраўды балюча — у энергетыку, ЗПГ, нафту, ядзернае паліва. Нашай мэтай павінны стаць фінансавыя ўстановы, якія доўгі час заставаліся недатыкальнымі», — заявіў літоўскі міністр, падкрэсліўшы, што праца над новым пакетам павінна пачацца неадкладна.
«Мы павінны рухацца наперад, інакш нашы словы разыдуцца з рэальнасцю і хто паверыць нам, калі мы пашлем падобны сігнал зноў?» — сказаў ён.
* * *
Папа Рымскі Леў XIV гатовы да правядзення ў Ватыкане наступнага раўнда перамоў паміж украінскім і расійскім бакамі, каб паспрабаваць пакласці канец вайне паміж краінамі, піша Reuters са спасылкай на прэм'ер-міністра Італіі Джорджыю Мэлані.
Мэлані размаўляла з Львом XIV па тэлефоне. «Знайшоўшы ў Святога Айца пацвярджэнне гатоўнасці прыняць наступныя перамовы паміж бакамі ў Ватыкане, прэм'ер-міністр выказала глыбокую падзяку пантыфіку за яго нязменную адданасць міру», — гаворыцца ў заяве кіраўніка італьянскага ўрада.
Мэлані таксама паведаміла, што яна мела перамовы з іншымі еўрапейскімі лідарамі і з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім адносна далейшых крокаў. «Дамоўлена падтрымліваць цесную каардынацыю паміж партнёрамі з мэтай новага раўнда перамоваў, накіраваных на спыненне агню і мірнае пагадненне ва Украіне», — гаворыцца ў паведамленні офіса прэм'ера Італіі.