Перамовы з Пуціным — чарговая адтэрміноўка. Трампа пачалі абвінавачваць у слабасці

Двухгадзінная размова Трампа з Пуціным скончылася тым, што Масква нібыта пагадзілася на стварэнне нейкага «мемарандума» па спыненні вайны, але без канкрэтных тэрмінаў яго стварэння. Відавочна, што Пуцін «уліў у вушы» Трампу чарговую абяцанку, якую не збіраецца выконваць. З гэтага пачалі ўзнікаць пытанні: а ці так моцны Трамп, як падаецца? Ідзе 1182-гі дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі на фронце ва Украіне зафіксаваныя 177 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы за 19 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 72 штурмавых дзеянні расіян у раёнах Міралюбаўкі, Зверава, Малінаўкі, Лысоўкі, Удалага, Траецкага, Катляроўкі, Андрэеўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку адбылося 23 баі. Расійцы спрабавалі прасунуцца паблізу Ямпалаўкі, Капанак Зялёнай Даліны, Торскага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 22 атакі равсіян у раёнах Канстанцінопаля, Прывольнага, Равнаполя, Аольнага Поля.

На Тарэцкім кірунку армія РФ 13 разоў атакавала украінскія падраздзяленні ў раёнах Тарэцка, Наваспаскага, у бок Дыліеўкі.

Па чатыры атакі расіян было адбіта на Северскім і Арэхаўскім кірунках, па тры атакі — на Харкаўскім і Купянскім кірунках.

У Курскай вобласці Расіі ўкраінскія войскі адбілі 10 атак расіян.

* * *

Сілы абароны Украіны маюць поспехі ў Курскай вобласці і паблізу Баравой і Тарэцка. Расійцы ціснуць паблізу Часавага Яру, Тарэцка, Новапаўлаўкі і на Куршчыне, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 19 траўня, паказваюць, што УСУ прасунуліся на паўднёвай ускраіне Цеткіна (на паўднёвы захад ад Глушкава) у Курскай вобласці Расіі. Між тым на гэтым кірунку таксама назіраецца прасоўванне і з боку войскаў РФ — расармія прасунуліся да міжнароднага пункта пропуску на мяжы Расіі і Украіны на паўднёвы ўсход ад Цеткіна.

Як паказваюць апублікаваныя геалакацыйныя кадры, УСУ прасунуліся на захад ад Сяргееўкі (на ўсход ад Баравой) у Луганскай вобласці Украіны.

Камандзір брыгады УСУ, якая дзейнічала на Ліманскім кірунку, зняпраўдзіў заявы Расіі ад 15 траўня пра нібыта «захоп» Торскага, паведаміўшы, што пуцінскія вайскоўцы не замацавалі ўстойлівых пазіцый у цэнтры пасёлка, і што УСУ кантралююць увесь населены пункт. Паводле яго слоў, расійцы спрабуюць увайсці ў Торскае ўдарнымі групамі па два-тры чалавекі, але УСУ забіваюць або раняць 80-90% гэтых груп.

Геалакацыйныя кадры ад 17 траўня паказваюць, што расійцы прасунуліся ў паўднёвай частцы Часавага Яра і на паўднёвы ўсход ад Азаранаўкі (на паўднёвы ўсход ад горада) Данецкай вобласці.

Як паказваюць геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 18 траўня, УСУ прасунуліся ўздоўж чыгункі на паўднёвы ўсход ад Дыліеўкі (на паўночны ўсход ад Тарэцка). Пры гэтым геалакацыйныя кадры ад 19 траўня паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на паўночны захад ад Тарэцка.

Геалакацыйныя кадры ад 19 траўня паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на поўнач ад Катляроўкі (на ўсход ад Новапаўлаўкі).

19 траўня спікер украінскай аператыўна-тактычнай групоўкі «Угледар» Аляксей Бельскі заявіў, што УСУ ўтрымліваюць пазіцыі ў Багаціры, Канстанцінопалі, Андрэеўцы (на захад ад Курахава) і Разліве (на паўднёвы захад ад Курахава), нягледзячы на заяву Мінабароны РФ аб нібыта захопе гэтых населеных пунктаў.

* * *

У ноч на 20 траўня расіяне атакавалі Украіну 108-мю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай Украіны абясшкоджана 93 БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў: 35 БПЛА былі збітыя агнявымі сродкамі, яшчэ 58 — лакацыйна страчаныя, задушаныя РЭБ (без негатыўных наступстваў).

* * *

499588229_1048228867490191_5880725844904311799_n.jpg

* * *

Расійская Федэрацыя і Украіна павінны неадкладна пачаць перамовы аб спыненні агню і завяршэнні вайны, напісаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у Truth Social.

На думку Трампа, ягоная размова з Пуціным прайшла «вельмі добра». «Расія і Украіна неадкладна пачнуць перамовы аб спыненні агню і, што яшчэ важней, аб спыненні вайны. Умовы гэтага будуць узгодненыя двума бакамі, таму што яны ведаюць дэталі перамоваў, пра якія ніхто іншы не будзе ведаць», — напісаў Трамп.

З ягоных слоў, «тон і дух размовы былі выдатнымі», а Расія хоча весці буйнамаштабны гандаль са Злучанымі Штатамі пасля таго, «калі гэтая катастрафічная "крывавая лазня" скончыцца, і я згодны».

* * *

Уладзімір Пуцін пасля размовы Трампам заявіў, што Расійская Федэрацыя гатовая працаваць з украінскім бокам над «мемарандумам з нагоды магчымай будучыні мірнай дамовы з вызначэннем шэрагу пазіцый». Пуцін сказаў, што неабходна «проста вызначыць найбольш эфектыўныя шляхі руху да міру».

У той жа час спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што «канкрэтных тэрмінаў падрыхтоўкі мемарандума... няма». «Тэрмінаў няма і быць не можа. Вядома, усе хочуць гэта зрабіць максімальна хутка, але, зразумела, увесь д'ябал хаваецца ў дэталях» — заявіў ён.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля тэлефоннага званка расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну і ўкраінскаму калегу Уладзіміру Зяленскаму намякнуў на магчымасць выхаду Вашынгтона з перамоваў. Са слоў Трампа, падчас размовы з Пуціным, ён спытаў апошняга: «Калі мы скончым гэта кровапраліцце, гэтую крывавую лазню?». 

Ён дадаў, што Штаты могуць «адысці» ад перамоваў, калі Белы дом палічыць, што не можа дапамагчы, паколькі ў пытанні ўрэгулявання поўнамаштабнай вайны задзейнічаныя «вельмі вялікія эга». «Я думаю, што нешта адбудзецца. А калі гэтага не адбудзецца, я проста адступлю, а ім давядзецца працягваць», — цытуе Трампа СNN.

* * *

Еўрапейскія лідары, з якімі Дональд Трамп пагаварыў пасля сазвону з Пуціным 19 траўня, былі непрыемна здзіўлены тым, што прэзідэнт ЗША, падобна, не гатовы аказаць ціск на гаспадара Крамля, піша Financial Times

Пасля размовы з Пуціным Трамп распавёў пра яго змест прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, а таксама лідарам Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Фінляндыі і прэзідэнту Еўрапейскай камісіі.

Крыніца FT кажа, што лідары, якія ўдзельнічалі ў тэлефоннай размове, былі «непрыемна здзіўленыя» апісаннем з боку Трампа вынікаў яго званка з Пуціным. Было відавочна, што Трамп «не гатовы аказваць большы ціск» на Пуціна, каб той сур'ёзна падышоў да перамоваў, дадала тая ж крыніца.

Як піша FT, у еўрапейскіх сталіцах нават асцерагаюцца, што Трамп можа заключыць з Пуціным пагадненне, якое задаволіць максімалісцкія патрабаванні апошняга і будзе супярэчыць інтарэсам Украіны.

* * *

Еўрапейскія краіны ўзмоцняць санкцыйны ціск на Расійскую Федэрацыю, адпаведнае рашэнне ўжо падтрымалі ЗША. Пра гэта ў 19 траўня, у мікраблогу Х заявіў канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, які разам з іншымі еўрапейскімі лідарамі з'яўляўся ўдзельнікам тэлефонных перамоваў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

«Еўропа і Амерыка вельмі адзіныя ў гэтым пытанні: мы будзем цесна падтрымліваць Украіну на яе шляху да спынення агню. Еўропа ўзмоцніць ціск на Маскву з дапамогай санкцый. Мы дамовіліся пра гэта з прэзідэнтам ЗША пасля ягонай размовы з Пуціным», — напісаў ён у сацсетцы Х.

У той жа час Financial Times са спасылкай на крыніцы, дасведчаныя з размовай Трампа з еўрапейскімі лідарамі, піша, што Трамп не абяцаў будучых санкцый ЗША супраць Расіі, калі Пуцін адмовіцца ад якіх-небудзь спробаў дасягнуць міру.

* * *

Тэлефонная размова паміж Дональдам Трампам і Уладзімірам Пуціным выглядае як відавочная параза амерыканскага прэзідэнта і здрада Украіны, заявіў карэспандэнт Sky News у ЗША Джэймс Мэцьюз.

«Як гэта можна падаць інакш, чым як правал прэзідэнта ЗША? Правал у перамовах, дыпламатыі і кіраванні канфліктам, — заявіў журналіст. — Афіцыйнае паведамленне з расійскага боку толькі ўмацоўвае ўражанне, што менавіта Пуцін цалкам кантралюе сітуацыю».

Мэцьюз адзначыў, што адміністрацыя Трампа спрабавала задаць тон напярэдадні размовы, транслюючы мэсэдж «Амерыка перш за ўсё». Віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс наўпрост заявіў: ЗША гатовыя выйсці з гульні, калі не будзе прымальнага для іх сцэнара.

«Пуцін, без сумневу, пачуў гэты сігнал і прыйшоў да высновы: варта проста перачакаць — і Амерыка сама сыйдзе, пакінуўшы Украіну адкрытай да далейшага расійскага наступу. Украіна і еўрапейскія хаўруснікі ЗША даўно асцерагаліся, што Трамп ім проста здрадзіць. Але яны былі гатовыя пачакаць мірнага развязання канфлікту, якое Трамп увесь час абяцаў, бо ім была важная падтрымка ЗША. Цяпер жа яны пастаўленыя перад фактам: ключавая размова нічога не дала, і сітуацыя для Украіны толькі пагоршылася», — кажа Мэцьюз.

«Дональд Трамп, нягледзячы на ўсе размовы пра "жорсткую руку", дагэтуль не нанёс Расіі ніякага ўдару. Наадварот — гэта суцэльная гульня на саступкі. Для Масквы — толькі пернік, ніякай пугі», — дадаў карэспандэнт.