Пуцін не дэманструе імкнення да міру. Што скажа Трамп?
Пуцін дэманструе ўпэўненасць, што можа перамагчы Украіну ваеннымі сродкамі, але гэтая ўпэўненасць нічым не абгрунтаваная. Але ўсе чакаюць перамоў Пуціна і Трампа, якія павінны адбыцца сёння. Ідзе 1181-шы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 175 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ у зводцы 19 траўня. Напружаным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі 65 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян у раёнах Малінаўкі, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Дачэнскага, Зверава, Новааляксандроўкі, Катляроўкі, Новасергіеўка, Удалага, Траецкага, Андрэеўкі, Котліна і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 24 разы атакаваў пазіцыі УСУ ў раёнах Канстанцінопаля, Багатіра, Шаўчэнкі, Вольнага Поля.
На Ліманскім напрамку армія РФ атакавала 22 разы, спрабуючы рушыць паблізу Цвердахлебава, Капанкі, Рэдкадубу, Грэкаўкі, Торскага і іншых.
На Тарэцкім кірунку адбылося 11 атак у раёнах Тарэцка, Пятроўкі, Шчарбінаўкі, Азаранаўкі, Дыліеўкі і Дружбы.
На Краматорскім кірунку зафіксавана дзевяць боесутыкненняў. Па шэсць штурмаў расіян было адбіта на Харкаўскім і Северскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі адбылося 18 боесутыкненняў. Расіяне нанеслі 19 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 35 кіраваных авіябомбаў
* * *
У ноч на 19 траўня армія РФ атакавала Украіну 112-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Абясшкоджана 76 варожых БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў: 41 дрон збіты, 35 былі лакацыйна страчаныя, задушаныя РЭБ (без негатыўных наступстваў).
Уначы 19 траўня расійскія войскі атакавалі беспілотнікамі Сумскую вобласць, у выніку чаго пашкоджаная інфраструктура прадпрыемства, адзін чалавек атрымаў раненне.
Адзін чалавек загінуў і яшчэ трое атрымалі раненні ў выніку расійскага ўдару па Херсоне.
* * *
Паводле ацэнкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) Крэмль не рыхтаваў і не рыхтуе расійскую інфармацыйную прастору да заключэння мірнага пагаднення або заканчэння вайны з Украінай. Наадварот, у РФ усё часцей гучаць заклікі да зацягвання вайны датуль, пакуль акупанты не дасягнуць сваіх мэтаў.
«Крэмль прыкладае мэтанакіраваныя намаганні, каб апраўдаць ваенныя мэты Пуціна як жыццёва важныя для расійскай дзяржавы і заручыцца падтрымкай грамадства ў дачыненні да зацягвання вайны датуль, пакуль Расія не дасягне гэтых мэтаў. Крамлёўскія чыноўнікі ўсё часцей публічна заяўляюць, што Расія гатовая працягваць ваяваць датуль, пакуль Украіна не прыме расійскія патрабаванні, магчыма, таму, што Крэмль мяркуе, што ён адэкватна падрыхтаваў расійскае грамадства і расійскіх вайскоўцаў да такога сцэнару», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
ISW адзначае, што 18 траўня крамлёўскі журналіст апублікаваў урыўкі з нібыта «новага» інтэрв'ю з Пуціным, у якім той заявіў, што Расія мае дастаткова жывой сілы і тэхнікі, каб давесці вайну ва Украіне да «лагічнага» завяршэння з «патрэбнымі» для Расіі вынікамі. Верагодна, гаворка ідзе пра кадры з «дакументальнага фільма» пра Пуціна «Расія.Крэмль.Пуцін.25 гадоў», які Крэмль апублікаваў 4 траўня, і ў якім Пуцін неаднаразова паўтараў заявы аб здольнасці Расіі давесці вайну да «лагічнага заканчэння».
Адзначаецца, што рашэнне Крамля адкласці публікацыю гэтых відэазапісаў да 18 траўня сведчыць, што Крэмль спрабуе паказаць Захаду і ўнутранай расійскай аўдыторыі моцную, пераважаючую ў ваенным плане Расію напярэдадні тэлефоннай размовы Пуціна з Трампам 19 траўня.
У ISW мяркуюць, што расійскія войскі нясуць значныя страты на полі бою, якое, імаверна, з'яўляецца няўстойлівым ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве, і што Пуцін няправільна кіруе расійскай эканомікай, якая пакутуе ад высокіх вайсковых выдаткаў, росту інфляцыі, значнага дэфіцыту працоўнай сілы і скарачэння суверэннага фонду Расіі.
«Працяг знясілення расійскіх матэрыяльных, кадравых і эканамічных рэсурсаў пры цяперашніх тэмпах, імаверна, паставіць Пуціна перад складаным выбарам у 2026 ці 2027 гадах», — прагназуюць у ISW.
* * *

* * *
Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін напярэдадні тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам перакананы, што мае перавагу на фронце, да канца года зможа захапіць цалкам 4 украінскія вобласці і таму не будзе спяшацца з заключэннем мірнага пагаднення, піша Bloomberg.
«Пуцін упэўнены, што яго войскі змогуць прарваць абарону Украіны да канца года і ўзяць пад поўны кантроль чатыры рэгіёны, на якія ён прэтэндуе. Гэта азначае, што кіраўнік Расіі не будзе спяшацца з заключэннем пагаднення і наўрад ці прапануе Трампу нейкія значныя саступкі падчас размовы двух лідараў», — адзначае выданне.
Пры гэтым Bloomberg адзначае, што ўпэўненасць Пуціна адносна перспектыў Расіі на полі бою супярэчыць заходнім ацэнкам. Са слоў еўрапейскіх чыноўнікаў, Расія, якая панесла велізарныя страты за больш чым тры гады баявых дзеянняў, не мае дастатковага патэнцыялу для дасягнення пастаўленых Пуціным мэтаў.
«Гэты скептыцызм падзяляюць многія расійскія вайскоўцы, якія ваююць ва Украіне, заявіла крыніца, блізкая да Мінабароны ў Маскве. Са слоў суразмоўцы, украінскія беспілотнікі зрабілі правядзенне шырокамаштабных наступальных аперацый дарагім і неэфектыўным для Расіі», — піша агенцтва.
Еўрапейскія чыноўнікі, паводле звестак Bloomberg, занепакоеныя тым, што Трамп можа паспрабаваць праціснуць урэгуляванне, нягледзячы ні на што. Агенцтва нагадвае, што прэзідэнт ЗША настойвае на хуткім завяршэнні вайны, Пуцін жа не падаў ніякіх прыкмет таго, што ён гатовы спыніць баявыя дзеянні.
«Расце адчуванне, што намаганні ЗША, накіраваныя на спыненне агню, дасягнулі кульмінацыі, а еўрапейскія чыноўнікі не ўпэўненыя, ці будзе Трамп узмацняць ціск на Расію, альбо проста пяройдзе да наступнага выкліку, калі яны пацерпяць няўдачу. Трамп паабяцаў праінфармаваць Зяленскага і некаторых сваіх хаўруснікаў у NATO пасля таго, як скончыць размову са сваім расійскім калегам», — піша Bloomberg.
* * *
Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кіт Келаг паведаміў, што Вашынгтон прадставіў мірны план па ўрэгуляванні расійска-ўкраінскай вайны з 22 пунктаў. «Першы пункт — гэта ўсёабдымнае спыненне агню, якое спыніць забойствы цяпер», — дадаў ён.
Адзначым, дзяржсакратар ЗША Рубіё распавёў, што амерыканскі бок прадставіў Расіі «магутны мірны план» па завяршэнні вайны ва Украіне, які ўхвалілі Украіна і Еўропа. У сваю чаргу СМІ паведамілі, што Пуцін адмовіўся абмяркоўваць гэты мірны план, праз гэта спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф адклаў паездку да Пуціна.