«Права саджаць каго захочаш і стужачкі ўнікальнай сістэмы — гэта былі галоўныя гарантыі, якія заставаліся ў гаранта»

А цяпер, атрымліваецца, што і гэтыя гарантыі мінаючаму гаранту больш не гарантаваныя, піша аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі». Бо мінаючы гарант вымушаны апраўдвацца за ўнікальныя стужачкі з-за дармаедкі Бондаравай.

Фота з visitsiberia.info

Фота з visitsiberia.info

Бачыш, нездарма некаторыя разумныя людзі нам тлумачылі, што мінаючы гарант — апошняя гарантыя беларускага суверэнітэту. Таму, казалі яны, гаранта трэба берагчы. А разумныя людзі дарма казаць не будуць. Вось гарант даказаў, што нездарма казалі. Біўся ўчора за свой істужачны суверэнітэт, як леў.

Ну як біўся? Як мог, так і біўся. Тлумачыў, чаму ў яго святочныя стужачкі не той сістэмы. Другі, заўваж, раз за тыдзень. Да гэтага ўжо тлумачыў Пуціну. Але, мабыць, тлумачэнняў Пуціну аказалася недастаткова. Таму ўчора яшчэ раз патлумачыў сутнасць свайго істужачнага суверэнітэту губернатару Астраханскай вобласці і амбасадару Грызлову.

У чым сутнасць я, праўда, да канца ўсё роўна не зразумеў. Але галоўнае ж у гэтым, правільна?  Галоўнае, што гарант, з усёй, разумееш, шчырасцю, як суверэн, прама, не зважаючы на твары так ім усім выразна і сказаў: ну хоць стужачкі мае мне пакіньце. Калі ласка. І так ужо, кажа, ад Брэста для Уладзівастока вам адна айчына. А павінны ж быць нейкія адрозненні. Можна я хоць стужачкамі буду адрознівацца?

Ну, гэта значыць, адразу відаць, што мужык, глыба, мацёры чалавечышча. Сапраўдны суверэн, а не парасячы хвосцік. Канкрэтны, разумееш, гарант, з усімі мінаючымі яго гарантыйнымі абавязацельствамі.

Дазволілі гаранту яго стужачны суверэнітэт, ці не, я не ў курсе. Хлусіць не буду. Цалкам можа быць, што маглі і дазволіць. Хто яму забароніць? Ну, акрамя Пуціна, пасла Грызлова і астраханскага губернатара. Ды ніхто! Ён жа гарант.

Дармаедка Бондарава гаранту дакладна нічога забараніць не можа. Ці можа? Не, не можа. Хто яна наогул такая, каб абмяжоўваць гаранта ў яго суверэнітэце? Дармаедка Бондарава можа толькі паскардзіцца амбасадару Грызлову. А там ужо толькі пасол Грызлоў вырашае, колькі гаранту пакінуць суверэнітэту. Ну і Пуцін, вядома. І, можа быць, астраханскі губернатар. Ці яшчэ які губернатар.

Праўда, гарант дармаедцы Бондаравай таксама нічога забараніць не можа. Ну, таму што з тымі гарантыямі, якія ў яго пакуль яшчэ засталіся, ён у прынцыпе ўжо мала што можа. І ў гэтым яны з дармаедкай Бондаравай адзін ад аднаго амаль не адрозніваюцца. Хоць, здавалася б, там дармаедка, а тут яшчэ адносна цэлы гарант.

Але вось учора тэлевізары пакрыўдзіліся за прыніжэнне свайго гаранта, і паабяцалі дармаедцы Бондаравай і сведкам альтэрнатыўнай стабільнасці поўны Армагедон. Ну таму што амбасадару Грызлову яны ж нічога такога паабяцаць не могуць. Таму яны зрабілі выгляд, што на стужачны суверэнітэт гаранта рабіў замах не амбасадар Грызлоў, а дармаедка Бондарава і сведкі альтэрнатыўнай стабільнасці.

І я хачу табе сказаць, што ўжывалі такія словы, якія я тут пры табе нават паўтарыць не магу. І я б на месцы сведак альтэрнатыўнай стабільнасці можа нават спалохаўся, калі б тэлевізары такое ўжывалі супраць іх у першы раз. Але пакуль галоўнае дасягненне стабільнасці — 13 сутак дармаедцы Бондаравай. І пакуль штрафы за сваіх дармаедаў плаціць расійская амбасада, ніякіх іншых дасягненняў у абароне свайго суверэнітэту ад розных дармаедаў у стабільнасці, я думаю, не прадбачыцца.

Вось права саджаць каго захочаш і стужачкі сваёй унікальнай сістэмы — гэта былі галоўныя гарантыі, якія засталіся ў гаранта ад яго суверэнітэту. А цяпер, атрымліваецца, што і гэтыя гарантыі мінаючаму гаранту больш не гарантаваныя. Таму ёсць у мяне смутнае адчуванне, што без гаранта суверэнітэту неяк спакайней. Што б там разумныя людзі нам не тлумачылі.

Таму што мінаючы гарант суверэнітэт толькі псуе яшчэ з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.