«Не баялася выказваць услых свае думкі і меркаванні». Суседкі расказалі пра абыходжанне ў калоніі з экс-палітзняволенай Тамарай Каравай

Асуджаную за лайк у «Аднакласніках» 45-гадовую жыхарку Лунінца Тамару Каравай, якая памерла пасля выхаду з калоніі, за кратамі неаднаразова кідалі ў ШІЗА. Пра гэта і іншыя дэталі яе ўтрымання ў калоніі Гомеля «Нашай Ніве» расказалі экс-палітзняволеныя.

screenshot2025_05_16at101035_5phpl.png.png

«Тамара знаходзілася ў 18-м атрадзе. Яшчэ калі была ў каранціне, першы раз заехала ў ШІЗА, ёй тады далі трое сутак. Пасля яе яшчэ шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА. Да яе было вельмі шмат прэтэнзій з боку адміністрацыі і заўгаса, і яе ўсяляк імкнуліся запісаць у дадатковыя прыбіранні, дадатковыя нарады», — расказвае адна з былых палітзняволеных, што перасякалася з Каравай у калоніі.

Пры гэтым Тамара не баялася выказваць услых свае думкі і меркаванні — у тым ліку непахвальныя і грубыя на адрас адміністрацыі.

«Яна не баялася, што гэта могуць пачуць староннія людзі, якія яе маглі здаць. У прынцыпе, за гэта яе і здавалі па выніку».

Вядома, што Тамару ў калоніі адпраўлялі мыць туалеты. Праз нялёгкую фізічную працу і працяглае знаходжанне ў ШІЗА яна моцна схуднела.

«Але яна шмат пасміхалася, была вельмі трывалай жанчынай», — каментуюць экс-палітзняволеныя.

Пра смерць Тамары Каравай «Нашай Ніве» паведамілі яе знаёмыя. Афіцыйная прычына — не вытрымала сэрца. Невядома, калі дакладна не стала жанчыны, але анлайн у сацсетках апошні раз яна была 23 красавіка 2025 года.

Тамара працавала прыбіральшчыцай у лунінецкай будаўнічай краме «Справа тэхнікі». Пасля стала індывідуальнай прадпрымальніцай і прадавала на рынку абутак. Апошні час перад арыштам падпрацоўвала сядзелкай.

Замужам жанчына не была, але жыла з грамадзянскім мужам і гадавала сына. На момант затрымання ён быў непаўналетнім.

Тамара Каравай апынулася ў ліку памілаваных  20 жніўня 2024 года. Яна вызвалілася на тры месяцы раней за прызначаны ёй тэрмін.