Абвешчаны прысуд уладальніку гарадзенскай этнакрамы «Цудоўня». Хронікі рэпрэсій 16 траўня
Уладальніка гарадзенскай этнакрамы «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча асудзілі на абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. З улікам часу, які Несцяровіч да суда знаходзіўся ў СІЗА, на «хіміі» яму трэба будзе адбыць год.

Андрэя Несцяровіча затрымалі 6 лютага 2025 года. Супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкула 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» за падзеі, звязаныя з пратэстамі 2020 года.
У івацэвіцкай калоніі «Ваўчыныя норы» памёр зняволены
Як стала вядома @MAYDAYMog, вязню было каля 50 гадоў, у яго на волі засталася сям'я. Прычыну смерці пакуль высветліць не атрымалася, аднак раней паведамлялася аб верагоднай эпідэміі COVID-19 у гэтай папраўчай установе. Асуджаныя хварэлі цэлымі атрадамі, а лячылі іх толькі парацэтамолам.
Аб тым, што сімптомы хваробы вельмі нагадваюць каранавірус, перадалі на волю самі зняволеныя. Адміністрацыя ПК-22 усяляк абвяргала інфармацыю аб росце захворвання, а калі навіна патрапіла ў незалежныя СМІ, стала пагражаць адказнасцю за перадачу звестак «экстрэмісцкім» рэсурсам.
Анарха-партызан Дзмітрый Рэзановіч выйшаў з ПКТ
У канцы красавіка Дзмітрый Рэзановіч вярнуўся ў атрад з памяшкання камернага тыпу. Ён быў змешчаны ў ПКТ на 6 месяцаў у кастрычніку 2024 года.
Цяпер Дзмітрый зноў працуе на вытворчасці ў калоніі №14, куды быў пераведзены пасля суда паводле арт.411 КК.
У Гродне прадаюць два аўтамабілі Вадзіма Саранчукова
Два аўтамабілі актывіста Вадзіма Саранчукова выставілі на аўкцыён на пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне». Renault 1989 года і Opel 1998-га хочуць прадаць 27 траўня.
Судовы выканаўца — Карунас Кацярына Алегаўна.
Гарадзенец Вадзім Саранчукоў — актывіст Партыі БНФ, в.а. старшыні Партыі. У жніўні 2024 года яго завочна асудзілі на 4 гады калоніі і штраф 24 000 рублёў (600 базавых). Яго судзілі ў Гродзенскім абласным судзе па ч.1 і ч. 2 арт. 361-4 КК «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 40 прозвішчаў — цяпер у ім 5297 чалавек
16 траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі блогера Сяргея Бяспалава, прадстаўнікоў мінскага стартап-хаба «Імагуру» Таццяну Марыніч, Анастасію Хамянкову, Яўгена Пугача, а таксама беларускіх добраахвотнікаў Арцёма Бігеля, Вячаслава Граноўскага, Ігнація Кірэева, Анастасію Махамет, Яна Мельнікава.
Стала вядома, за што асудзілі грамадзяніна Украіны ў Бабруйску
Палітзняволенага 55-гадовага грамадзяніна Украіны Юрыя Бандарэнку затрымалі год таму. Яго абвінавацілі паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і асудзілі да аднаго года і шасці месяцаў калоніі. «Вясна» дазналася, за што менавіта асудзілі ўкраінца ў Беларусі.
Паводле абвінавачвання, Бандарэнка каля крамы выказаўся ў прысутнасці іншых грамадзян у непрыстойнай форме пра Лукашэнку. Згодна версіі абвінавачвання, матывам украінца стала «падтрымка ідэй сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады Рэспублікі Беларусь і адкрытая праява непрыязнасці да яе».
Адзін з прысутных звярнуўся ў міліцыю і нават прадаставіў фотаздымак машыны, на якой з'ехаў Юрый Бандарэнка са сваім таварышчам. На наступны дзень украінца затрымалі па абвінавачванні ў абразе Лукашэнкі.
У Сяргея Сацука пагоршылася здароўе ў калоніі
Як паведамляе dissidentBY, паводле інфармацыі ад людзей, якія кантактавалі з ім, у Сяргея значна пагоршыўся стан здароўя пасля таго, як ён быў этапаваны ў калонію. Ён мае высокі ціск і праблемы з суставамі ног.
Меркавалася, што Сацука павінны былі даставіць у Рэспубліканскую бальніцу, але ці адбылося гэта насамрэч дакладна невядома. Сам Сяргей быў вельмі закрытым, мала каму распавядаў пра свой стан.
Сяргей Сацук — галоўны рэдактар незалежнага партала «Ежедневник» (ej.by) і аўтар гучных антыкарупцыйных расследаванняў. 23 верасня 2022 года ён быў асуджаны Мінскім гарадскім судом на 8 гадоў пазбаўлення волі.