Прызначана дата суда над Нінай Багінскай. Хронікі рэпрэсій 15 траўня

30 траўня а 10:30 у судзе Першамайскага раёну Менску будзе разглядацца крымінальная справа супраць актывісткі Ніны Багінскай паводле ч. 2 арт. 342 КК (неаднаразовае парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў). Пра гэта паведамілі крыніцы «Белсату»

1_1097_1.png

Аснову абвінавачання супраць Багінскай складаюць адміністрацыйныя пратаколы і судовыя пастановы за 2024 год.

Прычынай сталі шпацыры са значакам бел-чырвона-белага колеру на адзенні і дэманстрацыя нацыянальнай сімволікі на вуліцах Мінску ў 2024 годзе.

Вядома, што падчас следства па крымінальнай справе Ніну Багінскую некалькі разоў вазілі на псіхіятрычную экспертызу.

Ніне Багінскай пагражае да трох гадоў зняволення.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапіла старонка ў Facebook «ZMAGAR Association of Belarusians In The USA» — адпаведнае рашэнне было прынятае судом Лідскага раёну 14 траўня.

«Экстрэмісцкім» таксама прызналі і лагатып суполкі.

Адміністратарку беларускай Вікіпедыі адправілі на суткі

Рэдактары беларускай Вікіпедыі заўважылі, што адна з адміністратараў раздзела, Вольга Сітнік, вядомая пад нікам Хомелка, знікла 17 красавіка — раптоўна перастала правіць артыкулы і выходзіць на сувязь. Меркавалася, што яна магла быць затрыманая.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у той дзень Сітнік затрымлівалі, але адпусцілі дадому. Тыдзень таму Сітнік была затрыманая зноў і змешчана на 10 сутак на Акрэсціна. 

Вольга Сітнік — хатняя гаспадыня з Мінска, якая гадуе трох непаўналетніх дзяцей. У Вікіпедыі яна з 2009 года піша пра беларускую традыцыйную культуру і прыроду, а таксама на такія тэмы, як грудное выкормліванне. Больш за два дзясяткі яе артыкулаў былі ўганараваныя статусам «добрых» ці «выдатных». З 2010 года бесперапынна з'яўляецца адміністратаркай беларускай Вікіпедыі.