Унабомбер — прарок-тэрарыст. Гісторыя Тэда Качынскага і яго спадчына

У ЗША ва ўзросце 81-го года памёр Тэд Качынскі. СМІ называлі яго «самым страшным злачынцам Амерыкі» і «тэрарыстам №1 у ЗША». Краіна таксама ведала яго па мянушцы «Унабомбер». Што прымусіла перспектыўнага навукоўцу-вундэркінда стаць на шлях тэрарызму і якую спадчыну ён пакінуў.

unabomber.jpg


Самае незвычайнае ў гісторыі Унабомбера — віражы яго біяграфіі. У дзяцінстве лічыўся вундэркіндам. Быў залічаны ў Гарвардскі ўніверсітэт ва ўзросце 16 гадоў, атрымаў ступень бакалаўра, а пазней ступень доктара па матэматыцы. Стаў старшым выкладчыкам у славутым Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі ў 25 гадоў. Як кажуць, жыццё ўдалося.
І раптам у 1971-м Качынскі кідае прэстыжную пасаду і радыкальна мяняе прапіску. Ён абірае сельскую мясцовасць штата Мантана, дзе жыве ў халупе без электрычнасці і вады. Чытае пры святле самаробных свечак і харчуецца трусамі, якіх ловіць у лесе. Адначасова захапляецца радыкальнымі тэорыямі.
Што зрабіла з перспектыўнага вучонага заўзятага анархіста і неалудзіта? Адной з прычын лічыцца яго ўдзел у сумна вядомым навуковым эксперыменце ў Гарвардзе якраз у гады вучобы: псіхолагі падвяргалі студэнтаў-добраахвотнікаў, уключаючы Качынскага, шматгадзіннаму жорсткаму славеснаму і эмацыйнаму прэсінгу, спрабуючы вызначыць, як людзі спраўляюцца са стрэсам. Эксперымент, які зараз лічыцца неэтычным, доўжыўся тры гады і мог паўплываць на псіхіку яго ўдзельнікаў.
У любым выпадку Качынскі выпаў з цывілізацыі. Але ізаляцыі яму падалося мала, і ён пачаў гэтай цывілізацыі помсціць. Прычым вельмі арыгінальным метадам — шляхам рассылання паштовых пакетаў з бомбамі. У 1978 годзе ён пакінуў першую такую пасылку для прафесара інжынерных навук у Чыкага. У выніку выбуху быў паранены толькі афіцэр паліцыі.
Гэта быў толькі пачатак. Амаль 20 гадоў Качынскі тэрарызаваў краіну пасылкамі з бомбамі. Агулам Унабомбер падарваў 17 прылад, у выніку чаго былі паранены каля 25 чалавек. Некаторыя з іх страцілі зрок, слых ці пальцы пры спробе адкрыць пасылку з бомбамі. Яшчэ трое загінулі. Просты прагляд пошты цяпер выклікаў у шматлікіх амерыканцаў прыступы нервовасці. Масавая істэрыка прынесла тэрарысту вядомасць. У прэсе яго ахрысцілі «Унабомбер».
Адсутнасць саўдзельнікаў і незвычайны розум бамбіста прымусілі ФБР шмат папрацаваць. Інфарматары нічога карыснага расказаць не маглі. Акрамя таго Качынскі наўмысна гадамі вадзіў следчых за нос, пакідаючы ў кожнай бомбе ілжывую інфармацыю. Ён нават зрабіў шасцігадовы перапынак у сваёй дзейнасці, што яшчэ больш заблытала следчых.
Аднак у выніку Качынскі фактычна сам дазволіў сябе злавіць. У 1995 годзе ён разаслаў лісты ў СМІ з патрабаваннем апублікаваць яго эсэ «Індустрыяльнае грамадства і яго будучыня» аб шкодзе індустрыялізацыі. У тых лістах ён таксама паабяцаў устрымацца ад нападаў, калі матэрыял будзе апублікаваны. У ФБР ухвалілі публікацыю ў надзеі, што гэта дазволіць выйсці на след злачынцы.
Так і сталася. Брат Тэадора Дэвід прачытаў тэкст у газетах і параўнаў яго з лістамі, напісанымі Тэдам у 1970-я для газетных публікацый. Ужо тады ён лічыў тэхналогіі злом і аргументаваў сваю пазіцыю, выкарыстоўваючы тыя ж выразы, што і ў тэксце «Індустрыяльнага грамадства». Жонка брата Качынскага прымусіла яго звязацца з паліцыяй і распавесці пра гэта следчым.
Тэд Качынскі быў арыштаваны 3 красавіка 1996 года ў сваёй халупе ў Мантане. Тлумачэнне тэрактам Унабомбера далі ўжо пазней: высветлілася, што ён асацыяваў тэхналогіі з «разбуральнікамі прыроды». Качынскі лічыў, што вядзе барацьбу з грамадствам тэхнакратаў, якія паставілі чалавецтва на мяжу катастрофы.
У турэмнай камеры яго абследаваў прызначаны судом медэксперт, які ўстанавіў, што Унабомбер пакутуе на паранаідальную шызафрэнію, але можа быць судзімы. Адвакаты Качынскага здолелі дамовіцца, каб абвінавачанаму дазволілі зрабіць прызнанне ў абмен на пажыццёвае турэмнае зняволенне без права на датэрміновае вызваленне. Так і адбылося: у 1998 годзе 55-гадовы Качынскі прызнаў сябе вінаватым у здзяйсненні 16 тэрактаў.
Пакуль Качынскі сядзеў, яго тэрарыстычная стратэгія і ідэі, якія, паводле яго слоў, ляжалі ў яе аснове, выклікала ў шмат каго інтарэс. Качынскі быў паказаны ў шматлікіх мастацкіх творах і серыялах. Гісторыя Унабомбера натхніла пісьменніка Чака Паланіка напісаць сваю знакамітую кнігу «Байцоўскі клуб». Яго працы па пытаннях этыкі вывучаюцца ў некаторых універсітэтах. Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Злучаных Штатах 1996 года была запушчана сатырычная кампанія пад назвай «Unabomber for President» — «Унабомбера ў прэзідэнты».
Праўда, знайшліся і тыя, хто намагаўся капіраваць дзейнасць Унабомбера. У італіі з 1994-га па 2005-ты дзейнічаў экстрэміст, які таксама дасылаў поштай пакеты з бомбамі. Напрацоўкамі Качынскага скарыстаўся неанацыст Андэрс Брэйвік, які ў 2011 годзе ўчыніў масавае забойства ў Нарвегіі.
Асобная тэма — Унабомбер і экалогія. Адмоўны эфект дзейнасці індустрыяльных карпарацый на экалогію не выклікае сумневаў. Ці значыць гэта, што Качынскі меў рацыю і можа быць рэабілітаваны? Не дарма Ілан Маск адрэагаваў на навіну пра смерць Качынскага твітам: «Можа, ён і не памыляўся».
Самі эколагі, аднак, больш асцярожна каментуюць спадчыну Унабомбера. «Ён (Качынскі) быў прарокам і яго мэта была высакароднай. Ён спрабаваў выратаваць прыроду і свабоду чалавека — як вынікае з яго тэарэтычных тэкстаў. Аднак сумнеўна, што для дасягнення гэтых мэт неабходна рассылаць выбуховыя пакеты карпаратыўным кіраўнікам. Гвалт здольны дыскрэдытаваць лепшыя палітычныя планы», — напісала адно з украінскіх экалагічных медыя.