Улады Расіі падтрымлівалі план перавароту ў Чарнагорыі — «The Telegraph»
У 2016 годзе змоўшчыкі ў Чарнагорыі планавалі путч і забойства прэм'ер-міністра, а кіравалі змовай афіцэры расійскай выведкі, сцвярджае брытанскае выданне «The Telegraph».
У 2016 годзе пры падтрымцы і з ухвалення Масквы змоўшчыкі ў Чарнагорыі планавалі путч і забойства прэм'ер-міністра Міла Джуканавіча. У дзень парламенцкіх выбараў узброеная група павінна была атакаваць парламент, а кіравалі змовай афіцэры расійскай выведкі. Пра гэта піша брытанскае выданне “The Telegraph” у нядзелю, 19 лютага, са спасылкай на крыніцу, блізкую да ўрада ў Лондане.
Выданне публікуе фатаграфіі чатырох мужчын, якія нібыта мелі дачыненне да змовы, двое з іх — як мяркуецца, расіяне Уладзімір Папоў і Эдуард Шырокаў. Паводле дадзеных журналістаў, спроба перавароту была сарваная 16 кастрычніка 2016 года — усяго за некалькі гадзін да ажыццяўлення. Мэтай змоўшчыкаў быў зрыў уступлення Чарнагорыі ў NАТО.
Паводле “The Telegraph”, спецслужбы Вялікабрытаніі і ЗША сабралі доказы таго, што Расія мела дачыненне да змовы "на высокім узроўні". Спробу путчу ў Чарнагорыі абмяркоўвалі на сваёй першай сустрэчы кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Барыс Джонсан і дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан. Інтэрпол вядзе вышук двух расіян, якія мелі дачыненне да арганізацыі путчу, адзначаецца ў матэрыяле.
У лістападзе 2016 года спецыяльны галоўны пракурор Чарнагорыі Мілівой Катніч заявіў, што расійскія і сербскія нацыяналісты планавалі гвалтоўныя дзеянні супраць урада Чарнагорыі, але ўрад РФ у гэтым не ўдзельнічаў.
Па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэракту ў Чарнагорыі і Сербіі былі арыштаваныя больш за 20 чалавек, па паведамленнях сербскіх СМІ, з краіны выслалі шэраг расійскіх грамадзян. Расія адмаўляе датычнасць дзяржструктур да спробы перавароту ў Чарнагорыі.
Паводле www.dw.com