Украіну штарміць: прэм'ер-міністр падаў у адстаўку

Аляксей Ганчарук падаў у адстаўку з пасады прэм'ер-міністра Украіны. Адпаведную заяву ён перадаў прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму.

2458896.jpg

Пасля серыі свежых скандалаў, нейкія падобныя віражы з боку украінскага ўрада былі прадказальныя. Грамадства ўжо два тыдні абураецца касмічнымі памерамі прэмій — да сямі тысяч долараў, — якія кіраўнікі шэрагу ведамстваў выпісалі сабе пад навагоднюю ёлку. Прэса здзекуецца, што нават Дональд Трамп атрымлівае менш.

Затым у сеціве з'явіўся запіс, на якім нібыта прэм'ер-міністр Аляксей Ганчарук неадназначна ацэньвае здольнасці Зяленскага і заяўляе, што ў таго «прымітыўнае разуменне эканамічных працэсаў».

Пасля гэтага ад прэзідэнта Украіны многія запатрабавалі звольніць Аляксея Ганчарука. Сам Уладзімір Зяленскі, верагодна, таксама разумее, што ўсё гэта не дадае яму плюсаў. Таму прыватна ён мог настаяць на тым, каб Ганчарук напісаў заяву пра сыход «па ўласным жаданні».

Аднак прэм'ера і яго міністраў спісваць у палітычны ўтыль яшчэ рана. Паводле працэдуры, без згоды ўкраінскага парламента звольніць кіраўніка Кабміна нельга. У выніку галасоў за адстаўку у Вярхоўнай Радзе, дзе «слугі народа» маюць дэпутацкую большасць, можа банальна не хапіць. Дарэчы, такі трук у свой час рабіў непапулярны прэм'ер Арсень Яцэнюк, які таксама падаў у адстаўку. Парламент яе не прыняў, што ў выніку дапамагло Яцэнюку толькі ўзмацніць пазіцыі.

Акрамя таго не зразумела, якой можа быць персанальная і канцэптуальная альтэрнатыва Ганчаруку і яго камандзе.

Можна смела сцвярджаць толькі адно: Украіна ўваходзіць у новую паласу турбулентнасці.

* * *

Фота: iportal.rada.gov.ua

Фота: iportal.rada.gov.ua

Нагадаем, у інтэрнэце з'явіўся запіс нарады прэм'ера Украіны з кіраўніком Мінфіна і прадстаўнікамі Нацбанку па пытаннях эканомікі. Ролік быў размешчаны на YouTube.

Чыноўнікі перад нарадай з Уладзімірам Зяленскім абмяркоўвалі, што сказаць кіраўніку дзяржавы наконт сур'ёзнага ўмацавання грыўні, а таксама наконт "дзіркі", якая ўтварылася ў бюджэце, адзначае korrespondent.net.

Падчас размовы Ганчарук прызнаецца, што ён з'яўляецца дылетантам у пытаннях эканомікі, але ўдакладняе, што і ў Зяленскага "ёсць вельмі прымітыўнае разуменне эканамічных працэсаў".

На сходзе было прапанавана прыдумаць зразумелыя для прэзідэнта тлумачэнні прычын умацавання грыўні, каб Зяленскі не вельмі хваляваўся з-за так званай "піраміды". Гэту неафіцыйную назву атрымала скупка інвестарамі аблігацый у грыўнях (аб'ём укладанняў нерэзідэнтаў у аблігацыі ўнутранага дзяржаўнага займу з пачатку года вырас на 103,7 мільярда грыўняў, або больш чым у 17 разоў — да 110,1 мільярда грыўняў).

Дэпутаты “Слугі народа” звярнуліся да ўкраінскіх спецслужбаў, каб тыя праверылі сапраўднасць запісаў.

Пакуль жа сапраўднасць запісаў размоваў не пацверджаная, аднак калі яны ўсё ж будуць сапраўднымі, то атрымаць іх, адзначаюць дэпутаты, маглі трыма шляхамі: "у рамках крымінальнага расследавання, якога няма; у рамках контрразведвальнай дзейнасці; пры ўсталяванні тэхнічных сродкаў у памяшканнях чыноўнікаў, дзе праводзяцца нарады".