Украіна. Вакарчук не хоча быць прэзідэнтам?
Цяпер дамінуе пункт гледжання, што Вакарчук падтрымае іншага кандыдата.
Украінскі рок-гурт «Океан Эльзи» 24 жніўня даў традыцыйны канцэрт на Дзень незалежнасці краіны. Ад падзеі таксама чакалі адказу на важнае пытанне — ці абвесціць спявак Святаслаў Вакарчук пра свой удзел у выбарах прэзідэнта 2019 года.
Пра магчымы ўдзел Вакарчука ў выбарах кажуць ужо трэці год. Прычым стартавы рэйтынг спевака вельмі някепскі. Так ці інакш, лічылася, што ён абвесціць пра сваё вылучэнне ў прэзідэнты менавіта на канцэрце 24 жніўня.
Напярэдадні шоў украінскія букмекеры нават прапанавалі рабіць стаўкі на тое, ці варта чакаць такой аб’явы. Прычым, шанцы музыканта падацца ў палітыку яны ацэньвалі з верагоднасцю 50 на 50.
Аднак Вакарчук на канцэрце так і не зрабіў чаканай заявы. Хіба што ў перапынку паміж песнямі звярнуўся да гледачоў і сказаў, што сапраўдныя змены пачынаюцца з самога сябе.
Зараз дамінуе пункт гледжання, што Вакарчук падтрымае іншага кандыдата. Зрэшты, некаторыя лічаць, што лідар «Океана Эльзи» яшчэ зробіць заяву пра балаціроўку, але пазней.
Паводле ўкраінскай прэсы