Украіна. Рэкордная за апошнія чатыры тыдні колькасць загінулых і параненых на фронце
Пра рэкордную за апошнія чатыры тыдні колькасць загінулых і параненых на фронце распавяла Ірына Герашчанка. Яна адзначыла, што расійскі бок працягвае дэманстраваць непавагу да Мінскіх дамоўленасцяў, парушаючы рэжым цішыні на Данбасе.
У зоне правядзення антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны за апошнія чатыры тыдні зафіксавана рэкордная колькасць загінуўшых і параненых. Пра гэта заявіла першы віцэ-спікер Вярхоўнай Рады, прадстаўнік Украіны ў гуманітарнай падгрупе Трохбаковай кантактнай групы Ірына Герашчанка падчас круглага стала, перадае gordonua.com.
"У нас цяпер трагічны перыяд у гэтым годзе. Пасля майскіх святаў было значнае павелічэнне абстрэлаў, колькасці парушэнняў рэжыму цішыні. Мы маем абсалютна рэкордную за апошнія чатыры тыдні колькасць загінулых на фронце, параненых, у тым ліку і сярод цывільнага насельніцтва", — адзначыла яна.
Герашчанка дадала, што расійскі бок працягвае дэманстраваць непавагу да Мінскіх дамоўленасцяў, парушаючы рэжым цішыні на Данбасе.
"Украінскі ўрад вельмі выразна займае пазіцыю палітыка-дыпламатычнага спосабу ўрэгулявання канфлікту на Данбасе. У гэтым кантэксце выкананне Мінскіх пагадненняў, вядома ж, з'яўляецца прыярытэтным для Украіны, але патрабуе ад усіх падпісантаў выразнага выканання пагадненняў. У першую чаргу ад краіны-агрэсара", — падкрэсліла яна.
Яшчэ 10 мая штаб АТА паведаміў пра істотнае пагаршэнне становішча на Данбасе.
Нагадаем, у канцы красавіка бакі канфлікту заявілі пра гатоўнасць спыніць агонь у сувязі з Вялікаднем і майскімі святамі. 29 красавіка трохбаковая кантактная група ў Мінску дамовілася аб поўным спыненні агню ў зоне правядзення АТА з 00.00 30 красавіка, але правакацыі працягваюцца.