Украіна падрыхтавала новы пазоў да Расіі
Украіна падрыхтавала пазоў у міжнародны суд супраць Расіі з-за парушэння дамовы аб сяброўстве. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка. Праца над гэтым дакументам вялася на працягу года.
Паміж Украінай і Расіяй да гэтага часу дзейнічае дагавор аб сяброўстве.
"У так званым вялікім Дагаворы аб сяброўстве, супрацоўніцтве і партнёрстве паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй напісана, што Расія паважае тэрытарыяльную цэласнасць і непарушнасць існуючых межаў. Зараз мы бярэм гэты артыкул і нясем ў міжнародны суд. Мы на працягу года рыхтавалі адпаведны пазоў, цяпер гэтая падрыхтоўка скончылася", — сказаў Вадзім Прыстайка.
Дыпламат падкрэсліў, што пакуль гэты пункт, які Расія не выконвае, значыцца ў дамове, "нам ёсць за што яе судзіць".
"А калі б мы дазволілі сабе скасаваць гэтую дамову, расіяне нам сказалі б: "Пачакайце, мы нічога не парушылі, таму што не бралі на сябе ніякіх абавязацельстваў, — адзначыў намеснік міністра. Таму мы не можам дазволіць Расіі саскочыць з такога кручку».
Нагадаем, Украіна працягвае падрыхтоўку шостага пазову да Расіі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, што датычыцца падзей на Данбасе і ў Крыме ў 2015–2016 гадах. Гэтая скарга будзе пададзеная ў пачатку 2017 года.
ААН стварыла трыбунал, які пачне разгляд справы па іску Украіны да Расіі датычна марскіх акваторый і кантынентальнага шэльфа Крыма.
Паводле Корреспондент.net