Украінская моўная контррэвалюцыя
Украіна на парозе моўнай рэформы. Па выніках гэтай рэформы, калі верыць апазіцыі, руская мова фактычна можа стаць другой дзяржаўнай. Пра некаторыя аспекты новай украінскай моўнай сітуацыі
журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Юрыем Дакукіным.
— Як можна сцісла апісаць моўную палітыку ва Украіне ў часы незалежнасці?
Украіна на парозе моўнай рэформы. Па выніках гэтай рэформы, калі верыць апазіцыі, руская мова фактычна можа стаць другой дзяржаўнай. Пра некаторыя аспекты новай украінскай моўнай сітуацыі
журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Юрыем Дакукіным.
— Як можна сцісла апісаць моўную палітыку ва Украіне ў часы незалежнасці?
— Калі Леанід Краўчук, былы першы сакратар Кампартыі Украіны, у 1991 годзе ўключыўся ў прэзідэнцкую кампанію, ён вельмі імкнуўся пазбавіцца ад іміджу камуніста. Пазней ён супрацьпастаўляў
сябе прарасійскаму Кучму. Таму ў камандзе Краўчука з’явіліся ўкраінскія нацыяналісты, якія папулярызавалі тэорыі пра тое, што сітуацыя з украінскай мовай — ключавы момант
сучаснасці. Былі прынятыя законы пра тое, што ўкраінская мова з’яўляецца дзяржаўнай. Пра абавязковае выкарыстанне яе ў справаводстве і дзелавой перапісцы, у рэкламе і г.д. Паколькі галоўным
супернікам наступнага прэзідэнта Кучмы былі камуністы, якія абапіраліся на рускамоўны Усход, ён моўныя законы не пераглядаў. Пры Юшчанку і Цімашэнка мелі месца валюнтарысцкія спробы навязвання
ўкраінскай мовы. Напрыклад, настаўнікам забаранілі размаўляць па-руску ў школах. Аднак сістэмнага ціску не было.
— Якія вынікі такой украінізацыі?
— Вельмі супярэчлівыя. З аднаго боку, паўстала цікавасць да мовы сярод моладзі, з’явілася гарадская моладзевая ўкраінамоўная культура. З іншага — украінская мова ў
шматлікіх рэгіёнах ператварылася ў мову афіцыёзу. На ёй размаўляюць службоўцы, складаюцца міліцэйскія пратаколы, агучваюцца судовыя прысуды. Гэта выклікала пасіўны пратэст. І калі пры Юшчанку
паўзучая ўкраінізацыя займела наступальны фармат, раздражненне набыло адкрытыя формы. Франтальная ўкраінізацыя відавочна супярэчыць рэальнасці. 60 працэнтаў насельніцтва Украіны двухмоўнае. Людзі
думаюць на дзвюх мовах, лёгка пераходзяць з адной мовы на другую. Пры гэтым ёсць асобныя рэгіёны, дзе пераважае руская або ўкраінская мова. Так, колькасць рускамоўнага насельніцтва ў Севастопалі
набліжаецца да ста працэнтаў. Моўныя рэформы слаба змянілі сітуацыю. Тыя сегменты грамадства, якія напачатку 1990-х гадоў размаўлялі па-руску, і зараз працягваюць размаўляць. У тым жа Кіеве асноўная
маса ўкраінамоўных — мігранты з правінцыі. Ёсць пэўная моўная рэальнасць, зламаць якую немагчыма за кошт прававых актаў. Гэта як заробкі ў канвертах — яны фармальна забароненыя,
аднак у рэальнасці існуюць.
— Гэта значыць, рускай мове трэба надаць афіцыйны статут?
— Я не сказаў бы, што ў выніку ўкраінізацыі руская мова вельмі папакутавала. Напрыклад, у Луганску, дзе ў мяне расце дачка ад першага шлюбу, ёсць толькі некалькі ўкраінскіх школ. І ўзровень
адукацыі там самы прымітыўны. У гэтым плане законапраект вельмі кан’юнктурны. Яго падалі на разгляд парламенту адначасова з падвышэннем кошту на камуналку. Партыі рэгіёнаў трэба рабіць
справаздачу перад выбарцамі. У цяперашняй сітуацыі яе адзінае дасягненне — гэта абарона рускай мовы. Тым больш, на носе мясцовыя выбары, а права абласцей уводзіць рэгіянальныя мовы выдатна
ўпісваецца ў такую выбарчую тэматыку. Інакш законапраект не падтрымаў Блок Літвіна — былы суб’ект аранжавай кааліцыі.
— Якая рэакцыя апазіцыі на праект рэформы?
— Гэты законапраект, акрамя ўсяго іншага, — вялікая пастка для аранжавай апазіцыі. Калі Цімашэнка падтрымае яго, яна пазбавіцца падтрымкі з боку Заходняй Украіны. Калі не падтрымае
— ад яе адвернецца Усход і Поўдзень. Аднак сітуацыя тут больш складаная. Самы вялікі парадокс у тым, што канцэпцыя ўкраінізацыі, з якой носяцца аранжавыя, — гэта выдумка
бальшавікоў. Менавіта яны на пачатку 1920-х гадоў, зыходзячы з тактычных задач, прынялі рашэнне перавесці ўсё насельніцтва Украіны на мову Шаўчэнкі. Адначасова, змагаючыся за ўкраінскага селяніна,
яны навязалі ўсяму ўкраінскаму руху сялянскі правінцыйны імідж. Адсюль узяліся тыя шаравары і вусы. І цяпер украінскія нацыяналісты фактычна носяцца з тымі камуністычнымі ўтопіямі і вобразамі
ідэальнага ўкраінца.
— Якія наступствы можа мець новы закон аб мовах?
— Ніякіх. Па-першае, акрамя перамогі на моўным фронце, Партыя рэгіёнаў нічога паказаць выбаршчыку не здольная. Таму яна будзе намагацца як мага зацягваць прыняцце закона, драматызаваць яго,
арганізоўваць якія-небудзь правакацыі. Гэта значыць, што цяперашні стан моваў, хутчэй за ўсё, застанецца як мінімум да парламенцкіх выбараў 2012 года. Па-другое, я яшчэ раз падкрэсліваю, што двухмоўе
ва Украіне — гэта рэальнасць, змяніць якую вельмі цяжка. Прычым рускамоўны ўкраінец — гэта не рускі. У Адэсе былы губернатар Гурвіч — сябра Нашай Украіны — заўсёды
вёў усю агітацыю па-руску. Не дарма ўсе маладыя палітыкі кшталту Яцэнюка або Цігіпкі, якія арыентуюцца на тое, каб прадстаўляць інтарэсы ўсёй Украіны, дыстанцуюцца ад моўнага пытання.
-------------------------------------------------------------
Даведка
Адпаведна законапраекту дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў, камуністаў і Блока Літвіна, што быў пададзены на разгляд у Вярхоўную Раду 9 верасня, ва ўсіх школах гарантуецца адукацыя на рускай мове,
вучні і студэнты могуць патрабаваць навучання на рускай мове, мову навучання ў прыватнай школе вызначае яе ўласнік, у афіцыйных СМІ ўкраінскай мове адводзіцца 60 працэнтаў, судаводства можа весціся
на рускай мове. На працягу восеньскай сесіі парламент павінен разгледзець прапанову дэпутатаў.