У Сімферопалі захоплены парламент і ўрад, узнятыя расійскія сцягі
Невядомыя са зброяй сёння ноччу захапілі будынкі Вярхоўнай Рады аўтаноміі і Савета міністраў Крыма ў цэнтральнай частцы Сімферопаля.
Фота з фэйсбука Аляксандра Янкоўскага
Пра гэта паведаміў лідар меджліса крымскіх татараў Рэфат Чубараў.
«Патэлефанавалі… Паведамілі, што будынкі Вярхоўнай Рады Крыма і Рады міністраў Крыму занятыя ўзброенымі людзьмі ў уніформе без апазнавальных знакаў. Іх патрабаванні пакуль не
выстаўлены», — напісаў Чубараў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Але над парламентам ўзнятыя расійскія сцягі.
Інфармацыю пра захоп двух будынкаў пацвердзілі відавочцы, якія знаходзяцца ў цэнтры горада.
Паводле звестак міліцыі Крыма, прыкладна а 4.00 па мясцовым часе ў будынак парламента ўвайшла група ўзброеных людзей — прыкладна 30 чалавек у чорнай форме ў масках з аўтаматамі
Калашнікава. Некалькіх ахоўнікаў папрасілі пакінуць Вярхоўны Савет і аддаць зброю.
Міліцыя Сімферопаля паднятая па трывозе. Сілавікі выстаўляюць ачапленне каля будынка парламента.
Супрацоўнікі МУС таксама паведамілі аб захопе будынка ўрада Крыму.
УНІАН