У Эстоніі сабралі больш за €100 тысячаў для украінскіх вайскоўцаў
Эстонскі рок-гурт «Свята ватра» прывез у нядзелю ва Украіну гуманітарную дапамогу з Эстоніі. Гэта — індывідуальныя аптэчкі, цёплыя рэчы, цеплавізары і дзіцячыя малюнкі, якія музыкі праз валанцёраў перадаюць у зону АТА.
Частку гуманітарнага грузу музыкі перадалі добраахвотнікам батальёна «Айдар». Гэтую дапамогу прыняў камандзір батальёна Сяргей Мельнічук.
«Наш рок-гурт 21 кастрычніка ў рамках Дзён культуры Украіны ў Эстоніі праводзіў канцэрт, тады сярод удзельнікаў былі хлопцы з гурта «Гайдамакі». Перад тым яны
выступалі перад украінскімі байцамі каля Данецкага аэрапорта і распавялі пра свае ўражанні. Мы папрасілі гледачоў дапамагчы ўкраінскай арміі і добраахвотніцкім батальёнам. Нам удалося сабраць больш
за сто тысяч еўра, на гэтыя грошы мы закупілі індывідуальныя аптэчкі, цеплавізары і цёплыя рэчы байцам», — распавёў Радыё Свабода заснавальнік рок-гурта «Свята ватра», украінскі музыка Руслан
Трачынскі, які больш за дзесяць гадоў жыве ў Эстоніі.
Таксама сярод перададзеных байцам ў АТА рэчаў — цёплыя шкарпэткі і рукавіцы, якія
спецыяльна для ўкраінскіх байцоў вязалі эстонскія жанчыны.
«Свята ватра» 17-20 лістапада правядзе дабрачынныя канцэрты ў Днепрапятроўску, Харкаве і Славянску, а ў Кіеве выступіць перад параненымі байцамі ў Цэнтральным вайсковым
шпіталі.
radiosvoboda.org