У Расіі прапанавалі абнуліць прэзідэнцкія тэрміны Пуціна, ён не супраць
Дэпутатка расійскай Дзярждумы касманаўтка Валянціна Церашкова ў расійскім парламенце прапанавала зняць у Канстытуцыі Расіі абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Прапанова прагучала падчас другога чытання законапраекта па зменах у Канстытуцыю, перадае Еўрарадыё.
Уладзімір Пуцін пасля гэтай прапановы прыехаў у Дзярждуму. У сваім выступе ён не падтрымаў прапанову адмяніць абмежаванне на прэзідэнцкія тэрміны.
А вось ідэя з абнуленнем тэрмінаў яму спадабалася, але пры гэтым кіраўнік Расіі выставіў пэўныя ўмовы. «У прынцыпе, гэты варыянт быў бы магчымы, але пры адной умове: калі Канстытуцыйны суд дасць афіцыйнае заключэнне, што такая папраўка не будзе супярэчыць Канстытуцыі. Мы ж прымаем не новую Канстытуцыю, а ўносім у яе значныя папраўкі», — заявіў прэзідэнт Расіі.
Як перадае Інтэрфакс, дэпутаты Дзярждумы пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным падтрымалі папраўку аб абнуленні прэзідэнцкіх тэрмінаў пасля прыняцця новай Канстытуцыі. 380 дэпутатаў прагаласавалі за, 43 — супраць, адзін устрымаўся.
Дарэчы, у Беларусі абнуленне прэзідэнцкага тэрміну правёў Аляксандр Лукашэнка пасля канстытуцыйнага рэферэндума 1996 года.