У парламенце Украіны выступілі за ўвядзенне санкцый супраць Лукашэнкі
Партыя «Голас», якая мае ў Вярхоўнай Радзе Украіны сваю фракцыю (19 з 423 дэпутатаў агульнага складу парламенту), запатрабавала ад ураду ўвядзення персанальных санкцый супраць Лукашэнкі.
«Заяў аб непрызнанні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўжо недастаткова. Самаабвяшчэнне Лукашэнкі прэзідэнтам і яго збліжэнне з Пуціным з’яўляюцца прамой ваеннай рызыкай для Украіны. Таму неабходна неадкладна склікаць Раду нацыянальнай бяспекі і абароны і ўвесці персанальныя санкцыі супраць Лукашэнкі і яго марыянетак, адказных за фальсіфікацыі выбараў, а таксама сістэматычныя і масавыя парушэнні асноўных правоў і свабодаў чалавека», — заявіла лідарка партыі «Голас» Кіра Рудык.
Адначасова партыя звярнулася да Кабінету міністраў і Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны з просьбай забяспечыць часовую абарону грамадзянам Беларусі, вымушаным уцякаць ва Украіну ад палітычнага пераследу.
Увядзенне санкцый супраць грамадзян Беларусі, якія лічаць сябе ўладай, падтрымліваюць і яшчэ дзве парламенцкія фракцыі — партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» і Пятра Парашэнкі «Еўрапейская салідарнасць».
У прыватнасьці, намесьнік старшыні партыі «Бацькаўшчына» Рыгор Няміра на сустрэчы Еўрапейскай народнай партыі і групы аднадумцаў у Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая 24 верасня адбывалася ў рэжыме анлайн, заявіў аб падтрымцы ўвядзення санкцый супраць асобаў, адказных за фальсіфікацыю вынікаў выбараў і гвалт супраць пратэстоўцаў.
Ірына Герашчанка, адна з кіраўнікоў фракцыі «Еўрапейская салідарнасць», падтрымала заяву міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы аб непрызнанні Лукашэнкі новаабраным прэзідэнтам Беларусі: «Ужо паўтара месяца кажу пра неабходнасць змены мінскай пляцоўкі для трохбаковай кантактнай групы. Цяпер зацягваць і заплюшчваць вочы не атрымаецца. Бо немагчыма не прызнаваць Лукашэнку прэзідэнтам і адначасова карыстацца яго пляцоўкай для мірных перамоваў».
Кіраўнік партыі «Апазіцыйная платформа «За жыццё» Віктар Медвядчук, кум Пуціна, перакананы, што замарожванне стасункаў з Беларуссю і падтрымка еўрапейскіх санкцый супраць беларускай улады створыць для Украіны шмат праблемаў у бяспецы і эканоміцы: «Гэта чарговыя інтрыгі, гэта палітыка “партыі вайны”, якую сёння прадстаўляе частка “Слугі народу” (прадстаўнікі Сораса і іншых міжнародных арганізацый), фракцыі “Голас”, “Еўрапейская салідарнасць” і Парашэнка, гэта фракцыя “Бацькаўшчына”, якія лічаць, што сёння іх ацэнка выбараў у Беларусі з’яўляецца прынцыповай. Я яшчэ раз падкрэсліваю: гэта апошні наш сусед, з якім мы падобнымі заявамі разрываем і псуем адносіны. Вось гэта і ёсць дзяржаўныя інтарэсы і нацыянальная бяспека, у тым ліку энергетычная незалежнасць Украіны. Таму што траціна паставак нафтапрадуктаў з Беларусі — гэта вельмі сур’ёзна. Калі заўтра яны спыняцца з якой-небудзь прычыны, а ў гэтым выпадку можа быць толькі палітычная прычына, — гэта цяжкія наступствы для нашай краіны», — заявіў Віктар Медвядчук.
Урад пакуль не адрэагаваў на прапановы палітычных партый. 23 верасня міністар замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што Украіна не прызнае Лукашэнку ў статусе новаабранага прэзідэнта Беларусі.
Паводле Радыё Свабода