У Казахстане ўведзена надзвычайнае становішча ў Алмацінскай вобласці
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў пашырыў зону надзвычайнага становішча ў краіне. Ноччу надзвычайнае становішча было ўведзена ў Мангістаўнскай вобласці, дзе пачаліся пратэсты з-за росту коштаў на газ, а таксама ў Алматы.
Сёння зранку ён падпісаў указ аб увядзенні надзвычайнага становішча ў Алмацінскай вобласці, піша REFORM.by.
Надзвычайнае становішча будзе дзейнічаць з 12:30 5 студзеня да паўночы 19 студзеня. У вобласці ўводзіцца каменданцкая гадзіна з 23:00 да 7:00. Камендантам рэгіёна прызначаны начальнік дэпартамента паліцыі Серык Кудзебаеў.
Загадана ўзмацніць ахову грамадскага парадку, дзяржаўных і стратэгічных аб'ектаў, абмяжоўваецца свабода перамяшчэння, уезд і выезд з вобласці, забараняюцца мірныя сходы, відовішчныя, спартыўныя і іншыя масавыя мерапрыемствы, забастоўкі, продаж зброі і боепрыпасаў, усталёўваецца асаблівы рэжым абароту алкаголю, у фізічных асоб павінны забраць зброю і боепрыпасы.
Пасля пачатку пратэстаў урад прыняў рашэнне знізіць цэны, аднак гэта не задаволіла пратэстоўцаў. Акцыі пратэсту распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. Паліцыя ўжыла сілу. У Алматы, Шымкенце і Тараз адбыліся найбольш сур'ёзныя сутыкненні. Пратэстоўцы распачалі спробы штурму мясцовых адміністрацый. Сёння раніцай Такаеў адправіў у адстаўку ўрад і прыняў шэраг рашэнняў у газавай галіне, у тым ліку замарозіў цэны на звадкаваны газ. Раніцай былі затрыманыя дырэктар газаперапрацоўчага завода ў Жанаазене і кіраўнік Цэнтра электронных таргоў па звадкаваным газе. У дачыненні да іх пачата дасудовае расследаванне Агенцтвам па фінансаваму маніторынгу па факце неабгрунтаванага завышэння коштаў на газ.