Ад эканамічных патрабаванняў да палітычных. Такаеў узяў уладу ў Казахстане?
У Казахстане маштабныя пратэсты супраць павышэння коштаў на звадкаваны газ ахапілі ўсю краіну. Хоць цэны на газ былі зніжаны, пратэстоўцы патрабуюць поўнай адстаўкі ўрада і сыходу з палітыкі экс-прэзідэнта Нурсултана Назарбаева.
22.40 З мэтай устанаўлення парадку ў Алматы распачата антытэрарыстычная спецаперацыя, заявіў намеснік Акіма горада Яржан Бабакумараў.
— У горадзе пачалася спецаперацыя. Аэрапорт ужо вызвалены і пераводзіцца ў штатны рэжым працы, — сказаў ён.
У сеціве з'явілася відэа з разгромленага аэрапорта:
21.46 Журналісты казахскай службы «Радыё Свабода» патрапілі ў Алматы пад абстрэл. Напад на супрацоўнікаў рэдакцыі адбыўся днём 5 студзеня на цэнтральнай плошчы ў Алматы, калі мітынгоўцы бралі штурмам будынак акімата.
Невядомыя адкрылі агонь па дэманстрантах і журналістах, якія знаходзіліся на плошчы. Паводле журналістаТаракула Даорава, невядома, гэта былі сілавікі ці правакатары, паколькі стрэл быў зроблены з машыны без нумароў.
Як сцвярджаюць журналісты, якія трапілі пад абстрэл, нападнікі цэліліся менавіта ў іх, паколькі гэты самы аўтамабіль раней ездзіў за імі. Карэспандэнту і аператару ледзь удалося выбрацца з цэнтральнай плошчы, падкрэслівае Даораў.
Ён таксама расказаў, што работа казахскага бюро ў краіне цалкам паралізаваная, паколькі інтэрнет блакуецца, а тэлефонная сувязь працуе з сур’ёзнымі перабоямі.
19.52 «Белавія» прапанавала пасажырам, якія ляцяць у Казахстан, змяніць даты вылету. Сённяшні рэйс адменены.
Паведамляецца, што абмен квіткоў можа быць праведзены без спагнання дадатковай аплаты ў межах аднаго класа абслугоўвання на прамыя рэйсы «Белавія», якія вылятаюць у Казахстан ці адтуль па 31 студзеня 2022 года ўключна.
Сённяшні рэйс з Мінска ў Алматы на 20:05 быў адменены, інфармацыя пра гэта з’явілася за паўтары гадзіны да вылету.
18.50 Будынак філіяла нацыянальнага дзяржаўнага тэлеканала «Казахстан» у Алматы разгромлены. Людзі ўварваліся ў будынак, у якім на той момант знаходзіліся некалькі супрацоўнікаў, у тым ліку аддзел кадраў і чатыры ахоўнікі. Натоўп збіў супрацоўнікаў тэлеканала, зладзіў пагром у будынку, ускрылі сейфы, спалілі студыю і забралі ўсю апаратуру.
Будынак філіяла нацыянальнага дзяржаўнага тэлеканала «Казахстан» у Алматы цяпер гарыць.
Будынак Дэпартамента паліцыі Алматы яшчэ не захапілі, штурмуюць, чуваць стрэлы.
З Алматы з’яўляецца шмат паведамленняў пра крадзяжы з банкаў, крамаў, марадзёрства.17:58 Пацвярджаецца захоп аэрапорта Алматы.
«Увесь дзень пасажырам казалі, што войска абараняе аэрапорт, самалёты лётаюць у штатным рэжыме, а рэгістрацыя ішла ў ручным рэжыме. Цяпер у службе бяспекі аэрапорта нам сказалі: “Выбачайце, аэрапорт захоплены. Рэйсаў сёння не будзе”», — распавёў блогер Алішэр Елікбаеў карэспандэнту Orda.kz.
Алішэр Елікбаеў знаходзіцца ў гасцініцы каля аэрапорта. Ён павінен быў вылецець апоўначы.
Шэраг працоўных «Мангістаўмунайгаз» (казахстанска-кітайская нафтагазавая кампанія, адна з найбуйнейшых у Казахстане) у Мангістаўскай вобласці зладзілі забастоўку, паведамляе CNN.
17.10 У горадзе Талдыкарган спрабуюць знесці помнік Назарбаеву. Яго паставілі там у 2016 годзе, яшчэ за часам кіравання першага прэзідэнта Казахстана. Як павядамляе «Эхо Москвы» са спасылкай на свае крыніцы, Назарбаеў гатовы пакінуць Казахстан «для лячэння».
16:21 Прэзідэнт Казахстана Такаеў выступіў з тэлезваротам да грамадзян. Ён заявіў, што ўступае на пасаду старшыні Савета бяспекі. Раней Савет бяспекі ўзначальваў Нурсултан Назарбаеў.
Такаеў заявіў, што з сённяшняга дня ўлада мае намер дзейнічаць максімальна жорстка ў дачыненні да правапарушальнікаў падчас пратэстаў. Ён таксама сказаў, што ў змоўшчыкаў быў пільны план дзеянняў, яны матываваныя фінансава.
Але ў бліжэйшы час Такаеў мае намер выступіць з новымі прапановамі па палітычнай трансфармацыі Казахстана.
Дзе цяпер Нурсултан Назарбаеў, пакуль не паведамляецца.
Тым часам спынена вяшчанне тэлеканалаў НТК і Першы канал Еўразія, у Алматы разгромлены офіс прадстаўніцтва МТРК "Мір", знішчана тэлевізійнае абсталяванне.
Пратэстоўцы выйшлі на вуліцы Семея.
У казахстанскім Балхашы металургічныя заводы спынілі вытворчасць, а металургі далучыліся да пратэстаў.
13:34 Казахстан пачынаюць пакідаць «кашалькі Назарбаева»? У мясцовых СМІ з'явілася паведамленне аб тым, што ўрадавы бізнес-джэт вылецеў з Казахстана ў Расію. Хто на ім, пакуль невядома.
Таксама паведамляецца, што Казахстан на прыватным самалёце пакінуў Патох Шодзіеў — саўладальнік горназдабыўной кампаніі Eurasian Resources Group. Раней з краіны спешна паляцеў бізнесовец Кенес Ракішаў.
Вылецеў з Алматы Кайрат Баранбаеў. Ён лічыцца бізнэсменам з бліжэйшага круга Назарбаевых у Казахстане.
Баранбаеў раней узначальваў Казрасгаз — СП казахскай нафтагазавай кампаніі з дзяржудзелам і расійскага Газпрома. Цяпер ён з'яўляецца СЕО ў холдынгавай групе «Еампанія па кіраванні актывамі “Алмалы”». У актывах дадзенай кампаніі лічацца, да прыкладу «Бекмамбетаў Сінема», футбольны клуб «Кайрат», FitNation, «Казахстанская нафтахімічная кампанія “Кемикал», «КазТурбоРемонт», Comfort Hotel Astana, ГЦ «Алмалы» і іншыя.
13:00 Агенцтва KazTag паведамляе, што моцна збітыя каля 20 байцоў Нацыянальнай гвардыі. Таксама відавочцы паведамляюць аб магчымым агнястрэльным раненні салдата Нацгвардыі.
Акрамя таго, у горадзе гарыць будынак бізнес-цэнтра, у якім знаходзіцца офіс кіруючай партыі «Нур Атан», таксама пажар пачаўся ў будынку Генпракуратуры.12:20 У Алматы гарыць будынак пракуратуры.
11:58
Пратэстоўцы ўварваліся ў будынак акімата Алматы, у ім выбітыя вокны і дзверы. Частка пратэстоўцаў спрабуе прарвацца ў старую рэзідэнцыю прэзідэнта.
11:50
Паведамляецца пра акцыі пратэсту ў Актобе, Паўладары, Усць-Каменагорску, Актау, Таразе, іншых месцах. У сталіцы — Нур-Султане — пра пратэсты не паведамляецца. У горадзе шмат паліцыянтаў, прыпаркаваных уздоўж вуліц аўтазакаў, а будынак адміністрацыі вобласці (акімат) ахоўваюць атрады спецназу.
Прэс-служба ўпраўлення аховы здароўя Алматы назвала колькасць пацярпелых падчас вячэрніх і начных сутыкненняў. Усяго ў медыцынскія ўстановы звярнуліся 190 чалавек, з траўмамі шпіталізаваныя 40 чалавек, сямёра знаходзяцца ў рэанімацыі, у тым ліку чацвёра паліцэйскіх. Усяго сярод пацярпелых 137 работнікаў органаў унутраных спраў і 53 цывільныя асобы.11:44
У Актобе сілавікі вызвалілі акімат, які паспрабавалі захапіць пратэстоўцы. Між тым, у Алматы дэманстранты паспрабавалі захапіць мясцовую адміністрацыю.
10:53
У Актобе мітынгоўцы ўзялі штурмам акімат — мясцовую адміністрацыю.
Паведамляецца, што ў Алматы — сутычкі мітынгоўцаў з паліцыяй. Паліцыя ўжывае светлашумавыя гранаты. Вялікая колькасць людзей працягвае рухацца да цэнтра Алматы разам з ваеннай тэхнікай, прычым, пратэстоўцы прама сядзяць на машынах
10:46
Кадры з Алматы, паліцыя разам з пратэстоўцамі рухаецца ў цэнтры горада. Відавочцы паведамляюць, што ў цэнтры Алматы адбываюцца сутыкненні пратэстоўцаў з сіламі Нацгвардыі, сілавікі стрымліваюць людзей.
10:41. Актывісты ў казахстанскім Жанаазене прад'явілі ўладам 5 патрабаванняў:
- Змяніць рэжым;
- Правядзенне выбараў народных акіма кожнай вобласці і горада, людзі самі павінны выбраць;
- Вяртанне Канстытуцыі 1993 года;
- Грамадзянскія актывісты не павінны пераследавацца ўладамі;
- Да ўлады ў вобласці павінен прыйсці чалавек па-за сістэмай.
Масавае абурэнне людзей выклікала рэзкае (больш чым удвая) падвышэнне цаны на звадкаваны газ, якім на захадзе многія кіроўцы запраўляюць аўтамабілі.
Урадавая камісія сустрэлася з актывістамі на плошчы Ынтымак у горадзе Актау. На сустрэчы былі агучаныя пастановы, прынятыя падчас перамоваў з ініцыятыўнай групай Актау, а менавіта — аб зніжэнні кошту звадкаванага газу і ўсталяванні цаны ў 50 тэнге за літр у Мангістаўскай вобласці ў рамках сацыяльнай адказнасці АТ НК «Атмазмнагаз»,
Нягледзячы на абяцанне ўладаў знізіць кошты на газ у Мангістаўскай вобласці, пратэсты ахапілі ўвесь Казахстан — акцыі прайшлі ў сталіцы Нур-Султане, найбуйнейшым горадзе краіны Алма-Аце і ў іншых гарадах-Карагандзе, Уральску, Талдыкаргане, Кызылордзе, Шымкенце. Патрабаванні мітынгоўцаў з сацыяльна-эканамічных сталі палітычнымі: адстаўка ўрада. У некаторых гарадах натоўпы скандавалі «Шал, кет» («Дзед, сыходзь»), маючы на ўвазе былога прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. У пратэстаў пры гэтым няма выяўленага лідара.
З самага ранку ў Алматы не працуе інтэрнэт і грамадскі транспарт, шмат якія арганізацыі вырашылі працаваць з дома. Дарогі да аэрапорта ачэпленыя. Таксама ранкам стала вядома, што алмацінскія пратэстоўцы ўчора захапілі мясцовы акімат.
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў на фоне пратэстаў у краіне адправіў у адстаўку ўрад. Члены ўрада працягнуць выконваць абавязкі да фарміравання новага складу.
Такаеў усклаў віну за пратэсты на ўрад, у прыватнасці Мінэнерга, кампаніі «Казмунайгаз» і «Казакгаз», якія дапусцілі павышэнне коштаў на газ. У прыватнасці было паказана на затрымку будаўніцтва завода па вытворчасці звадкаванага газу ў пратэсным рэгіёне, праблемы з рэфармаваннем газавай галіны.
Як паведамляе @orda_kz, пратэстоўцы не вераць у адстаўку ўрада і патрабуюць, каб у склад Кабміна не ўваходзілі чальцы кіруючай партыі.
Яны таксама патрабуюць, каб з паста акіма Мангістаўскай вобласці сышоў Нурлан Нагаеў. Па дадзеных выдання, каля акімата знаходзіцца каля 1000 чалавек.
Пратэстоўцы застаюцца таксама на вуліцах Сямея і Актабе. У буйныя гарады сцягваецца спецыяльная і ваенная тэхніка.