У Індыі знеслі статую Леніна і згулялі яе галавой у футбол

У індыйскім штаце Трыпура прыхільнікі партыі «Бхаратыя джаната парты» (БДП, «Індыйская народная партыя») знеслі статую Уладзіміра Леніна на адной з плошчаў гораду Белонія.

lenin_3.jpg

Пра гэта паведамляе «The India Express». Выданне апублікавала ў «Twitter» відэазапіс таго, што адбылося.
Статуя Леніна стаяла ў горадзе цягам апошніх пяці гадоў. 5 сакавіка а 14:30, праз 48 гадзінаў пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у Індыі, у якіх БДП абышла Камуністычную партыю Індыі (КПІ), прыхільнікі «Бхаратыя джаната парты» зладзілі святкаванне.
Відавочца распавядае, што пасля таго, як статую павалілі, ад яе аддзялілі галаву і пачалі гуляць з ёй у футбол.
У Камуністычнай партыі Індыі, якая кіравала штатам 25 гадоў, інцыдэнт назвалі прыкладам «камуністафобіі».
У сваю чаргу сакратар паўднёвага аддзялення БДП Раджу Нат заявіў, што абурэнне статуяй Леніну цягнулася шмат гадоў, яна была пабудаваная муніцыпалітэтам і фінансавалася падаткаплацельшчыкамі. Сакратар адзначыў, што, калі б гэта быў помнік нават былому прэм’еру, які прадстаўляў КПІ, то ніхто яго б не чапаў, і задаўся пытаннем, якое дачыненне «гэты замежнік (Ленін) мае да індыйскага народу».
Паводле belsat.eu