У Францыі дзясяткі тысяч пратэставалі супраць «санітарнай дыктатуры»
У Францыі дзясяткі тысяч людзей выйшлі на акцыі супраць сістэмы санітарных пропускаў, піша Свабода. 7 жніўня стала чацвёртай суботай пад лозунгамі супраць «санітарнай дыктатуры».
![58794234_303.jpg 58794234_303.jpg](/img/v1/images/58794234_303.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як паведаміў канал «Еўраньюс», пратэстныя выступы ахапілі 150 гарадоў Францыі. Гэта стала адказам на рашэнне Канстытуцыйнага савету Францыі, які ўхваліў новыя захады барацьбы з каронавірусам.
Уводзіцца забарона на наведванне ўстаноў культуры і спартыўных комплексаў без сертыфікату аб прышчэпцы або без адмоўнага тэсту на COVID. Закон дазваляе адхіляць не прышчэпленых супрацоўнікаў ад працы.
З панядзелка прапускны рэжым у Францыі будзе распаўсюджаны на кавярні, рэстараны, гандлёвыя цэнтры і цягнікі далёкага накіравання. Частка насельніцтва катэгарычна супраць новых абмежаванняў.
У пятніцу ў Італіі былі ўведзеныя аналагічныя захады, нягледзячы на пратэсты. Прапускны рэжым з гэтага часу дзейнічае ва ўстановах культуры і спорту, рэстаранах і ў грамадзкім транспарце. Урад заявіў, што гэта неабходна для больш бяспечнага пачатку навучальнага года.