Туркменістан. Усё для спорту

Чыноўнікі Туркменістана — абсалютныя рэкардсмены па крэатыву, як спагнаць грошы з насельніцтва.

030316_6.jpg

Усё дзякуючы «Азіядзе» — Пятым Азіяцкім гульням у закрытых памяшканнях і па баявых мастацтвах, якія адкрыюцца ў Туркменістане ў гэтым месяцы. Падрыхтоўка да гульняў пачалася яшчэ пару гадоў таму, адбіўшыся ў тым ліку на заробках бюджэтнікаў. 


З 2016 года ва ўсіх супрацоўнікаў гэтага сектару 20–30 працэнтаў заробкаў утрымліваецца «для развіцця спорту». 


Аднак, падаецца, гэта была толькі ўверцюра. На мінулым тыдні работнікам шэрагу прадпрыемстваў Ашхабада, якія ўваходзяць у склад Міністэрства камунальнай гаспадаркі, загадалі здаць пашпарты на праверку наяўнасці прапіскі ў сталіцы Туркменістана. Нічога не падазраючы, камунальнікі выканалі загад, каб у хуткім часе даведацца, што за вяртанне пашпартоў трэба аддаць 200 манатаў (28,5 долара). 


Тым, хто адмовіўся вяртаць пашпарт, пагражаюць звальненнем. Як пішуць апазіцыйныя медыя, большасць камунальнікаў вымушаныя былі шукаць грошы, паколькі знайсці працу ў Туркменістане не так проста.
Адзінае, што можа неяк кампенсаваць людзям іх праблемы, — «Азіяда» так ці інакш закончыцца праз два тыдні.

Паводле туркменскай прэсы