Тэніс і незалежнасць Шатландыі

Як паўплывае перамога этнічнага шатландца Эндру Мюрэя на Уімблдонскім турніры на вынік рэферэндуму аб незалежнасці Шатландыі? Гэта пытанне задаюць не толькі звычайныя грамадзяне, але і палітолагі.  



murray_2.jpg

Роўна 77 гадоў чакала Брытанія гэтага дня. Дня, калі брытанскі тэнісіст зноў стане ўладальнікам галоўнага трафею Уімблдону. І вось 7 ліпеня Эндру Мюрэй нарэшце спраўдзіў надзеі Вялікабрытаніі. «Слабы ўдар Новака (суперніка Мюрэя) выклікаў нябачаную па моцы выбухную хвалю, якая пранеслася праз гатэлі, бары і плошчы, на якіх былі размешчаны вялікія экраны», — напісаў адзін з англійскіх журналістаў.

Аднак у моры пераможных крыкаў і тостаў гучаць дзіўныя галасы. «Пачакайце, што вы робіце? Якое дачыненне мае да Вялікабрытаніі Эндру Мюрэй? Ён жа шатландзец».

Сапраўды, Эндру нарадзіўся ў Глазга ў 1987 годзе. Яшчэ пару гадоў таму на гэты пункт біяграфіі не звярнулі б увагі. Але не цяпер. Справа ў тым, што на прызначаным на наступны год плебісцыце шатландцы павіны вызначыцца — быць ці не Шатландыі незалежнай? І, відавочна, трыумф суайчынніка можа ўзняць шансы шатландскіх незалежнікаў.

Ёсць тут і дадатковы аспект. Так склалася, што большасць зорак шатландскага спорту не ў захапленні ад незалежніцкіх канцэптаў. Славуты шатландскі веласіпедыст Крыс Хой адкрыта выступіў супраць абвяшчэння суверэнітэту бацькаўшчыны. «Я адначасова шатландзец і брытанец, што не супярэчыць адно другому. Калі спартсмены жадаюць быць лепшымі, яны не павінны дазволіць уцягнуць сябе ў палітыку», — сказаў Крыс падчас цырымоніі атрымання залатога медаля на Лонданскай алімпіядзе мінулага года.

Алекс Фергюсон, які да апошняга сезону трэніраваў «Манчэстэр Юнайтэд», пайшоў далей: «Я і яшчэ 800 тысяч шатландцаў, якія жывуць у Аб’яднаным Каралеўстве па-за межамі Шатландыі, — не іншаземцы, а сябры вялікай сям’і». У дадатак ён ахвяраваў цэлых 500 фунтаў у фонд кампаніі «Better Together» («Разам лепш»), якая агітуе шатландцаў галасаваць супраць незалежнасці.

А вось Эндру Мюрэй, быццам, для нацыяналістаў свой чалавек. Практычна ў кожным інтэрв’ю ён падкрэслівае сваё шатландскае паходжанне. Не дзіўна, што шатландскія нацыяналісты па поўнай праграме паспрабавалі выкарыстаць трыумф Мюрэя. Галоўную ролю ў інструменталізацыі спартсмена прыйшлося выканаць асабіста шатландскаму прэм’еру Алексу Салманду. Ён прынёс на фінальны матч вялізарны шатландскі сцяг, што, дарэчы, забаронена правіламі стадыёну (пасля стала вядома, што «Saltire» (так называюць сцяг Шатландыі) пранесла на трыбуны жонка прэм’ера. «Эндру — фантастычны шатландскі спартсмен і заслугоўвае, каб у яго гонар махалі сцягам», — сказаў пазней Салманд у інтэрв’ю ВВС. Палітык таксама дадаў, што марыць пра тое, каб на Алімпіядзе 2016 года Шатландыя мела сваю каманду.

Самае цікавае, што не меншы энтузіязм ад перамогі Мюрэя атрымаў Дэвід Кэмеран, прэм’ер Вялікабрытаніі ад партыі кансерватараў, якая рашуча выступае супраць шатландскага сепаратызму. Падчас гульні ён знаходзіўся ў адной ложы з Салмандам і таксама вельмі эмацыйны перажываў за Эндру. А літаральна пасля заканчэння гульні ўвогуле заклікаў надаць спартсмену рыцарскі тытул.

Калі каралева прыслухаецца да прэм’ера, то Эндру Мюрэй, якому толькі 26 гадоў, будзе самым маладым чалавекам у гісторыі, якога пасвяцілі ў рыцарскі сан. Праўда, сам спартсмен ставіцца да гэтага вельмі іранічна.

Наўрад ці Кэмеран сімулюе сімпатыю да шатландскага тэнісіста. Па-першае, ён сапраўды вядомы як вялікі аматар тэнісу. Па-другое, поспех шатландца пад брытанскім сцягам цэментуе міф пра вялікую дружную сям’ю народаў Альбіёну. «Яго каласальная перамога была гістарычнай. Шатландзец, якога віталі мільёны англічан, зрабіў больш чым хто для замацавання адзінства нацыі і для таго, каб кожны ганарыўся Вялікабрытаніяй», — піша блізкае да кансерватараў выданне «Daily mail».

З тым, што шатландскія спартсмены ў складзе брытанскай зборнай працуюць на міф пра адзінства Вялікабрытаніі, цяжка паспрачацца. Падчас лонданскай алімпіяды мінулага года шатландцы, што выступалі ў складзе зборнай Вялікабрытаніі, заваявалі 12 медалёў з 65 здабытых брытанцамі (сем з якіх залатыя). У той час апытанні зафіксавалі падзенне папулярнасць ідэі незалежнасці ў Шатландыі прыкладна на 4 працэнты.

Але спорт не вельмі ўплывае на палітычныя настроі. Напрыканцы 1970-х гадоў шатландская футбольная зборная лічылася адной з самых моцных камандаў у свеце. Аднак гэта не выклікала нацыяналістычных сентыментаў у горцаў. На рэферэндуме 1979 года яны завалілі ідэю стварэння шатландскага парламенту. Увогуле, шатландскі спартовы нацыяналізм — дастаткова стары феномен. Так, зборныя Англіі і Шатландыі па футболу існуюць з канца ХІХ стагоддзя. Аднак, як было сказана вышэй, на палітычны працэс гэта ўплывала вельмі ўскосна.

З іншага боку, тэндэнцыі могуць мяняцца. Газеты адзначаюць, што ў Шатландыі па слядах турніру на Уімблдоне ўзнік так званы «фактар Мюрэя».

Шатландцы ганарацца перамогай земляка, узгадваючы, як у выпадку правалаў лонданская прэса называла Мюрэя шатландцам. Палітызацыя спорту дае Салманду шанец выкарыстаць у палітычных мэтах гульні Брытанскай Садружнасці, якія летам наступнага года, за два месяцы да рэферэндуму, пройдуць у Глазга. На Гульнях Шатландыя будзе прадстаўленая асобнай камандай, што гарантуе выбух патрыятычных настрояў.

У дадатак на чэрвень наступнага года прыходзіцца 700-я гадавіна славутай бітвы пры Бэнокберне (адна з найважнейшых бітваў англа-шатландскіх войнаў XIII–XVI стагоддзяў). Разгром англійскага войска пад Бэнокбернам забяспечыў аднаўленне на нейкі час незалежнасці Шатландыі. Відавочна, што юбілей таксама стане падставай для буйной піяр-кампаніі ў падтрымку незалежнасці. Такім чынам, прапорцыі ў палітычных настроях яшчэ можна змяніць. Нагадаем, што цяпер толькі 38 працэнтаў шатландцаў гатовыя сказаць «так» незалежнасці. Аднак тое, што 12–14 працэнтаў не вызначыліся з выбарам, дазваляе нацыяналістам спадзявацца на перамогу.

Напрыканцы хацелася б даць слова тым, хто асуджае спробы выкарыстаць Эндру Мюрэя ў палітычных гульнях. «Давайце пазбаўляцца нацыянальных забабонаў. Тэніс — гэта, як правіла, індывідуальны від спорту. Мюрэй перамог перш за ўсё для сябе. Ён не нацыянальны герой, паколькі быць героем — значыць праявіць нейкі альтруізм у імя калектыву…» — піша газета «Guardian».

З такім падыходам не пагодзяцца не толькі шатландскія нацыяналісты і брытанскія кансерватары, аднак і ірландцы. На ірландскіх інтэрнэт-форумах вельмі папулярная тэорыя ірландскага паходжання Мюрэя, паколькі яго прозвішча найбольш сустракаецца сярод жыхароў Ірландыі.