Табачная адукацыя

Дзмітры Табачнік, скандальны ўкраінскі міністр адукацыі і навукі, абвясціў пра пачатак у краіне рэформы сістэмы адукацыі.

Гуманітарная палітыка — самая простая і адначасова самая складаная галіна дзяржаўнай палітыкі ва Украіне.

Правесці рэформы ў навуцы, адукацыі ці мове значна прасцей, чым узняць пенсіі або адрадзіць прамысловы сектар. Дастаткова толькі падпісаць адпаведны цыркуляр.



300891a62162b960cf02ce3827bb363c.jpg

Дзмітры Табачнік, скандальны ўкраінскі міністр адукацыі і навукі, абвясціў пра пачатак у краіне рэформы сістэмы адукацыі.
Гуманітарная палітыка — самая простая і адначасова самая складаная галіна дзяржаўнай палітыкі ва Украіне.
Правесці рэформы ў навуцы, адукацыі ці мове значна прасцей, чым узняць пенсіі або адрадзіць прамысловы сектар. Дастаткова толькі падпісаць адпаведны цыркуляр.
З іншага боку, культурна-гістарычны падзел Украіны на Захад і Усход патрабуе ад чыноўніка, адказнага за гэты накірунак, вялікай далікатнасці. Адна неасцярожная трактоўка таго ці іншага гістарычнага персанажа, непрадуманая рэпліка наконт моўнага пытання — і адразу на цябе паставяць кляймо «маскаля» або «бандэраўца».
Амаль усе палітычныя каментатары ва Украіне прызнаюць, што далікатнасць і асцярожнасць даўно ўжо не характэрныя для тых, хто адказвае за гуманітарныя ведамствы.
Эпоха «аранжавых» стала часам фарсіраванай украінізацыі і навязвання грамадству гістарычных дактрын, якія былі неадназначна ўспрынятыя на Усходзе. Аднак новая бела-блакітная ўлада, здаецца, не зрабіла ўрокаў з досведу сваіх папярэднікаў, наступаючы на тыя ж самыя граблі.
Дзмітры Табачнік — сёння, безумоўна, самы вядомы міністр ва ўрадзе. Славу яму зрабілі студэнты Львова, якія пасля прызначэння Табачніка на пасаду міністра згадалі ягоную сентэнцыю пра тое, што жыхары Галіцыі — асобная ад украінцаў нацыя. У сакавіку па шматлікіх універсітэтах прайшлі акцыі за адстаўку Табачніка. Тры абласныя саветы Заходняй Украіны прынялі зварот да Януковіча з патрабаваннем адстаўкі. У самой Вярхоўнай радзе фракцыі «аранжавых» беспаспяхова спрабавалі зняць міністра шляхам галасавання.
Аднак вынік антытабачнай кампаніі быў адваротным.
 «Украінская Правда» прызнавала: «Лютая кампанія супраць «украінафоба Табачніка» зрабіла Табачніка своеасаблівым сцягам Паўднёвага Усходу. Жыхары Данбаса і Крыму маглі б знайсці героя больш сімпатычнага, але спрацаваў стары добры прынцып «на зло ворагу». Чым гучней нацыянал-патрыятычныя абвінавачванні ў адрас Табачніка, тым хутчэй расце папулярнасць скандальнага міністра на процілеглым ідэалагічным полюсе».
На гэтай хвалі растучай папулярнасці Табачнік задумаў рэформу адукацыі ва Украіне.
Вось яе галоўныя накірункі:
— пераход усіх ведамасных ВНУ пад кантроль Мінадукацыі;
— узбуйненне вядучых ВНУ за кошт ліквідацыі малых;
— новыя правілы прыёмы ў ВНУ: акрамя вынікаў тэстаў на ўступленне будзе ўплываць бал школьнага атэстата;
— усе школьнікі Украіны пачнуць здаваць тэсты на мове навучання ў школах. Тэсты для гэтага будуць перакладзены на мовы нацменшасцяў (крымска-татарскую, малдаўскую, польскую, венгерскую, рускую і румынскую).
— бацькі ўкраінскіх школьнікаў і студэнты атрымаюць права выбіраць мову навучання.
Змены моўнай палітыкі пацягнуць за сабою змену статусу ВНУ. Навучальныя ўстановы атрымаюць больш аўтаноміі, каб больш гнутка вызначаць мову навучання.
У прынцыпе, патрэба структурных рэформаў у галіне адукацыі сапраўды відавочная. Інакш бы рэктары большасці ўкраінскіх ВНУ на спецыяльным пасяджэнні не падтрымалі ініцыятывы Табачніка (тут, дарэчы, няма нічога дзіўнага: лепшыя і прэстыжныя універсітэты традыцыйна сканцэнтраваныя на прамыслова развітым рускамоўным Усходзе).
Тым больш ініцыятывы Табачніка былі агучаныя ў час, калі ў асяроддзі прафесуры ўсё часцей гучаць галасы супраць пераходу ўкраінскіх ВНУ на прынцыпы еўрапейскай, г. зв. Балонскай, адукацыйнай сістэмы.
Асабліва незадаволеныя тэхнічныя ВНУ. «Выклікае сумнеў распараджэнне пра падрыхтоўку бакалаўраў і магістраў на працягу трох-чатырох гадоў. Якія пасады можа займаць выпускнік пасля трохгадовай тэарэтычнай падрыхтоўкі? А нашто патрэбная траекторыя вольнага выбару? Гэта можа стаць дадатковай паслугай, але не абавязковым выбарам кожнага студэнта. Якія прадметы могуць абраць студэнты-першакурснікі?» — адзначае рэктар Адэскага політэхнічнага універсітэта.
Праблема, аднак, у тым, што хутка ў рэформе Табачніка на першае месца выйшаў прынцып гуманітарнага рэваншу. Як заявіў міністр, бліжэйшым часам будуць таксама перапісаныя падручнікі гісторыі.
На думку Табачніка, у аснову выкладання гісторыі мае быць пакладзены прынцып антрапацэнтрызму. Апошні павінен замяніць этнацэнтрызм, што, як лічыць чыноўнік, дамінуе ў цяперашніх падручніках. «Мы павінныя адмовіцца ад этнацэнтрызму. Інакш кажучы, ад этнічнага падыходу і гіпербалізацыі дзяржавы, вайсковых аспектаў выкладання. То бок у цэнтры — чалавек, а не дзяржава».
Ініцыятыва Табачніка, хаця і пад гуманітарным соусам, выклікала пратэсты з боку нават не ўкраінскамоўнай грамадскасці. Відавочна, што напісаць тэкст гісторыі Украіны на прынцыпах антрапацэнтрызму не проста. Вайна з Гітлераўскай Германія аб’ектыўна таксама несла пакуты простаму чалавеку. Значна прасцей рэанімаваць або імпартаваць з Расіі старыя гістарычныя дактрыны пра славянскае брацтва і Кіеўскую Русь — калыску рускай дзяржаўнасці.
Тым больш, што менавіта такую трактоўку гісторыі замаўляе выбаршчык на Усходзе, заклапочаны тым, як дасадзіць «аранжавым фашыстам». У гэтым накірунку ўсё зараз і ідзе. Табачнік ужо абвясціў пра вяртанне ў новыя падручнікі савецкага гістарычнага тэрміну «Вялікая Айчынная вайна».
Пытанне застаецца адкрытым: як далёка можа зайсці Табачнік і «Партыя рэгіёнаў» у сваіх намерах за кошт гуманітарнай сферы кампенсаваць адсутнасць эканамічнага росту і захаваць адначасова электаральную падтрымку на Усходзе?