Страляніна ў Гдыні. Затрымалі 30-гадовага беларуса

Небяспечны інцыдэнт здарыўся ў офісным будынку агенцтва Thomson Reuters у польскім горадзе Гдыня на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора, паведамляе Радыё Свабода. Затрыманы 30-гадовы грамадзянін Беларусі, які працаваў у гэтай фірме.

police_1.jpg

А 21.00 мінскага часу ўзброены мужчына ўвайшоў на другі паверх будынку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі радыё RMF FM, беларус быў узброены пісталетам Glock і даўгаствольнай зброяй. Страляніна адбылася ў адной з заляў будынку. Мужчына спрабаваў пацэліць у свайго калегу. Людзі пачалі ўцякаць, адзін з прысутных накінуўся на ўзброенага мужчыну і затрымаў яго. Пацярпелых не было.
Як паведаміў з месца падзеяў рэпарцёр Радыё Гданьск, калі б не хуткая і адважная рэакцыя аднаго з прысутных, то маглі б быць ахвяры.
Калі паліцыя прыбыла на месца, то арыштавала 30-гадовага беларуса, які працаваў у гэтай фірме.

police_2.jpg

Паводле ягоных калегаў, мужчына быў замкнёным чалавекам, на працы не вітаўся з іншымі, у яго не было сяброў і ён часта званіў да сваёй сям’і. У агенцтве ён займаўся ўвядзеннем у базу дадзеных рапартаў фірмаў.
Gazeta Wyborcza паведамляе, што беларус цікавіўся стральбою і браў удзел у конкурсах стралкоў.
Паводле крыніц, блізкіх да кампаніі Reuters, здарэнне было выпадковасцю. Як паведаміла крыніца Радыё Свабода, беларус вяртаўся з трэніроўкі і хацеў паказаць свой пісталет аднаму з калегаў. Калі зброю ўбачылі іншыя, то пачалася паніка. Падчас спробы вырваць у мужчыны пісталет, выпадкова адбыліся два стрэлы.
На месцы здарэння цяпер працуюць следчыя.