Спірытуальная атамная бомба
50 гадоў таму пабачыў свет цытатнік Маа Дзэдуна (Малая чырвоная кніжка Маа), які па накладу дасюль утрымлівае тытул другой пасля Бібліі кнігі ў гісторыі.
Нягледзячы на тое, што Маа называў сябе марксістам-ленінцам, а значыць, быў паслядоўным матэрыялістам, яго цытатніку прыпісваліся метафізічныя якасці. У 1960–1970-я гады кітайцы ўсур’ёз лічылі, што цытаты Вялікага старшыні маюць чароўны эфект. На рацэ Янцзы знаходзіцца помнік у гонар гераічнага чыну мясцовых сялян. Неяк яны так начыталіся выразаў Маа Дзэдуна, што вырашылі абараніць ураджай ад кепскага надвор’я. Паводле надпісу на мануменце, на подзвіг аграрыяў натхніла наступная фраза Маа: «Прасякнутым рашучасцю, не баяцца ахвяр, ісці на пераадоленне любых цяжкасцяў для заваёвы перамогі!»
Кітайскі афіцыёз 1960–1970-х гадоў ахвотна пісаў пра падобныя цуды. Напрыклад, паведамлялася, што нейкі жаўнер, прачытаўшы кніжку Маа, зразумеў, як больш эфектыўна кастрыраваць парася.
Дарэчы, калі фрагмент кніжкі цытаваўся ў прэсе, то яго абавязкова было патрэбна выдзеліць тлустым шрыфтам. А псаванне кнігі адразу разглядалася як крымінальнае злачынства. Звычайна, за гэта саджалі ў турму.
Была распрацаваная цэлыя методыка правільнага вывучэння цытатаў Маа. Яго кнігу трэба было штудзіраваць у тым ліку падчас працы. Лічылася, што гэта не адцягвае працоўных ад працы, а наадварот, прымушае іх мабілізавацца і працаваць больш эфектыўна. На карцінах і плакатах таго часу практычна ўсе выяўленыя кітайцы (акрамя, натуральна, самога Маа) абавязкова трымаюць у руках яго цытатнік.
Кіраўніцтва Кампартыі паставіла перад адпаведнымі органамі заданне — кожны кітаец павінен мець экземпляр цытатніка. Паколькі на той час у краіне жыло 740 мільёнаў чалавек, пытанне пра тое, якім павінен быць наклад, было вырашана аўтаматычна. Каб надрукаваць такую колькасць кніжак, давялося нават ствараць новыя друкарні. Яшчэ паўтара мільёна экземпляраў надрукавалі на 12 мовах для замежных прыхільнікаў Маа. Нядзіўна, што хутка Маленькая чырвоная кніга прысутнічала ў кніжных крамах па ўсім свеце.
Увогуле, сама ідэя кнігі з’явілася ў структурах Мінабароны. У 1961 годзе тагачасны міністр абароны Лінь Бяа патрабаваў, каб ведамасная газета штодня друкавала адзін з выразаў правадыра. Для гэтага супрацоўнікам рэдакцыі прыйшлося пералапаціць тэксты шматлікіх выступаў, твораў, інтэрв’ю Маа. У выніку ў рэдакцыі адфільтравалі каля 200 выразаў. Памер цытатаў быў вельмі розны — ад аднаго сказу да разгорнутай развагі ў некалькі абзацаў. Іх сартавалі па 33 тэматычных рубрыках: вайна, камунізм, эканоміка, культура і г.д.
У 1964 годзе нарадзілася ідэя выдаць тыя цытаты асобным зборнікам. Адначасова быў прыдуманы славуты дызайн вокладкі глыбокага чырвонага колеру. Хутка кніга стала іконай для рэвалюцыянераў усяго свету.
Самае цікавае, што цытатнік ішоў на ўра не толькі ў трэцім свеце, аднак і на Захадзе. Лепшым прыкладам тут з’яўляецца культавая стужка славутага французскага рэжысёра Жана-Люка Гадара «Кітаянка», якая выйшла на экраны ў 1967 годзе і атрымала спецыяльную прэмію ў Венецыі. Карціна распавядае пра секту французскіх маладых мааістаў, якія вывучаюць працы Маа і мараць забіць пасла СССР у Францыі за тое, што ён, на іх думку, аказаўся рэвізіяністам.
Тое, што Маленькая чырвоная кніжка Маа стала культавай сярод моладзі і інтэлектуалаў Захаду, здаецца нонсэнсам. Што цікавага сур’ёзны чалавек можа знайсці ў катэгарычных выразах накшталт: "Вінтоўка нараджае ўладу!" або «Нічога страшнага, што пасля атамнай вайны на зямлі застанецца жыць палова чалавецтва». Дасюль сацыякультурны феномен папулярнасці мааізму на Захадзе ў 1970-я гады цалкам не даследаваны. Напрыклад, вядомы французскі філосаф Ален Бадзьё піша пра тое, што літаратурныя выкрутасы Маа захаплялі маладых еўрапейцаў сваім гераічным абсурдам, катэгарычным адмаўленнем буржуазнага ладу жыцця. Так ці інакш, бум мааізму і інтарэсу да цытатніка Маа быў настолькі павальны, што адзін з тагачасных палітолагаў назваў той зборнік «Спірытуальная атамная бомба».
Пры гэтым заходнімі мааістамі абсалютна ігнараваўся адмоўны бок культурнай рэвалюцыі і эканамічных эксперыментаў Маа. Напрыклад, яны адмаўлялі факт галадамору ў Кітаі ў 1950-я гады, які забраў жыцці 40 мільёнаў чалавек.
Парадаксальна, аднак Маа захапляліся і яго ідэйныя праціўнікі — ультраправыя. У Італіі падчас моды на Маленькую кніжку Маа нарадзілася такая незвычайная з’ява, як маа-нацызм. Да яе можна аднесці групоўку "Lotto di Popolo". У працах Маа неанацыстам вельмі падабаліся пасажы супраць амерыканскай гегемоніі.
Асобны лёс мела Маленькая чырвоная кніжка ў Савецкім саюзе, які пры Хрушчове вельмі пасварыўся з Кітаем. У СССР кніга Маа лічылася такой жа крамолай, як Дэкларацыя праў чалавека. Прыхільнікі Сталіна (менавіта яны стваралі касцяк савецкіх мааістаў) канспектавалі цытаты Маа, тайна слухаючы трансляцыі Радыё Пекіна. У Маа ім больш за ўсё падабаліся тэзісы пра бюракратычнае перараджэнне Савецкага Саюзу.
Самае смешнае, што ў Кітаі кніжкі Маа хутка сталі таксама крамолай. Як азначалася вышэй, асноўным ініцыятарам росту накладаў «цытатнікаў» і яго распаўсюду быў паплечнік Маа маршал Лінь Бяа. Аднак у 1971 годзе ён трапіў у апалу. Пасля яго смерці распаўсюд кнігі прыпынілі. А пасля смерці Маа і суда над арганізатарамі культурнай рэвалюцыі (1976 год), і асабліва пры Дэн Сяапіне (канец 1970-х — 1980-я гады), арганізаванае вывучэнне цытат было цалкам спынена, а выкарыстанне цытатніку падчас аргументацыі стала лічыцца праявай левага ўхілу і падтрымкай культу асобы.
Зараз кнігі Маа ператварыліся ў кіч для турыстаў. У кітайскіх гарадах гандляры намагаюцца уцюхаць іх інтурыстам у адным флаконе з кепкай фасону, якую насіў Вялікі кормчы або з майкай, на якой ён выяўлены. Праўда, як піша прэса, існуе іншы рынак Маленькіх чырвоных кніжак. Яго кліентамі з’яўляюцца тыя, хто настальгуе па Маа і гатовы аддаць любыя грошы за тое, каб стаць уладальнікам цытатніка першага накладу 1964 года.