Спачатку Машэраў, пасля Чарнавол? Ва Украіне распавялі новую версію смерці апазіцыйнага лідара
З’явіліся падставы сцвярджаць, што лідар украінскай партыі «Рух» (аналаг нашага БНФ) Вячаслаў Чарнавол 24 гады таму не стаў ахвярай аўтакатастрофы, а быў забіты. Таксама нечакана ў гэтай справе з’явілася імя беларускага савецкага дзеяча Пятра Машэрава.
Зрэшты, у версіі пра выпадковую аварыю Чарнавола ад самага пачатку было шмат скептыкаў. Нагадаем, яна здарылася ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1999 года. Тады Вячаслаў Чарнавол, яго кіроўца і прэс-сакратар вярталіся ў Кіеў. На аўтатрасе пад Барыспалем іх машына ўрэзалася ў прычэп КамАЗа, які разварочваўся пасярод дарогі. Чарнавол і кіроўца загінулі адразу.
На першы погляд, вонкава ўсё сапраўды выглядае як трагічны выпадак. Аднак у ракурсе палітычнай сітуацыі, што склалася ў краіне ўвесну 1998-га, узнікаюць некаторыя сумневы. Менавіта сыход Чарнавола адкрываў прэзідэнту Леаніду Кучме шлях на другі тэрмін.
Канкурэнтам Кучмы на выбарах павінен быў стаць кандыдат ад кампартыі (самая папулярна палітычная фармацыя таго часу ва Украіне). Каб перамагчы камуністаў, Кучме быў патрэбны электарат з захаду Украіны. Гэтую схему парушаў Чарнавол, партыя якога нечакана атрымала «срэбра» на парламенцкіх выбарах 1998-га. Усім было зразумела, што менавіта Чарнавола, а не Кучму, заходнеўкраінскі выбаршчык бачыць як прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта.
Гэта вельмі бянтэжыла Банкавую (кіеўская вуліца, на якой знаходзіцца офіс украінскага «гаранта»). Пра гэта ўскосна сведчаць працэсы, якія хутка пачаліся ўнутры і вакол «Руха». Ужо з восені 1998-га ў яго фракцыі ў парламенце і мясцовых структурах пачаліся расколы і сабатаж інструкцый кіраўніцтва.
Каб выратаваць адзінства партыі, Чарнавол увесну 1999-га адправіўся ў вялікі тур па краіне. 24 сакавіка ў атачэнні аднапартыйцаў ён прызнаўся, што прыняў рашэнне ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. Гэтыя словы, якія, быццам, нехта рэтрансляваў у кучмаўскую адміністрацыю, магчыма, і каштавалі яму жыцця. На наступны дзень адбылося тое самае жудаснае ДТЗ.
На карысць версіі пра руку Банкавай кажа і тое, што ўжо на наступны дзень тагачасны міністр унутраных спраў Юрый Краўчанка, нават не чакаючы папярэдніх вынікаў следства, заявіў, што Чарнавол і яго кіроўца загінулі ў выніку аварыі. Многіх здзівіла, што версія замаху на жыццё чалавека, які патэнцыйна мог стаць прэзідэнтам, нават не разглядалася.
Дарэчы, сярод украінскіх палітолагаў дасюль папулярная спрэчка: як бы выглядала Украіна ў выпадку перамогі Чарнавола? Аптымісты кажуць, што ён павёў бы краіну ў тым жа кірунку, у якім вялі свае краіны Вацлаў Гавэл і Лех Валенса. З рэшткамі эканомікі, якія перажылі шокавую тэрапію, Украіна рушыла б у Еўропу і, верагодна, на сёння была б чальцом ЕС.
Песімісты звяртаюць увагу на дамінаванне ў тагачаснай украінскай палітычнай сцэне камуністаў і наяўнасць у людзей моцнай настальгіі па СССР. Таму ў выпадку руху ў Еўропу магла паўстаць вялізная рызыка, што не ўся Украіна туды дайшла б. Крым і усход краіны маглі па ходзе маршрута проста «адкалоцца». Як кажа папулярны палітолаг Святаслаў Бортнік: «У канцы свайго прэзідэнцкага тэрміна Чарнавол стаў бы прэзідэнтам Заходняй Украіны, а Кіеў аказаўся бы ва ўсходняй частцы краіны».
Пасля 1999-га тэма загадкавай смерці Чарнавола паступова ўсё менш уздымалася ў прэсе. Хаця ў 2014-м яе аднавілі, аднак, хутчэй, гэта была фармальная працэдура на публіку. Хутка Барыспальскі суд закрыў справу аб гібелі Вячаслава Чарнавола, прызнаўшы яго ахвярай няшчаснага выпадку.
Затое на днях выбухнула сапраўдная інфармацыйная бомба. 15 верасня былы намеснік генпракурора Украіны Мікалай Галомша ў эфіры «4 канала» заявіў, што Чарнавола сапраўды забілі.
«Мы расследавалі справу аб забойстве Чарнавола і выявілі, што ён быў забіты. Быў забіты чатырма ўдарамі кастэта ў патыліцу, і такім жа кастэтам дабілі кіроўцу», — распавёў экс-намеснік генпракурора. Ён таксама агучыў некаторыя цікавыя дэталі падзей 20-цігадовай даўніны. Судовы эксперт тады не рабіў ускрыцця нябожчыкаў, а проста падпісаў нейкую паперку. Асноўны сведка ДТЗ праз нейкі час быў смяротна атручаны.Мае Галомша і свае думкі наконт выканаўцы злачынства. У эфіры канала «Эспрэса» ён распавёў, што аварыя пад Барыспалем у 1999-м нагадвае яму аварыю пад Мінскам у 1980-м, у выніку якой загінуў папулярны лідар савецкай Беларусі Пётр Машэраў. Тады машэраўскі лімузін сутыкнуўся з грузавіком.
На базе падабенства абодвух выпадкаў экс-пракурор робіць выснову: Чарнавола прыбрала нейкая спецслужба, якая ў часы СССР забівала нелаяльных на адрас Крамля прадстаўнікоў эліты. Пасля краху Саюза кілеры пачалі працаваць пад дахам ФСБ, які дапамог Кучме прыбраць небяспечнага канкурэнта.
Ці можна верыць споведзі экс-пракурора? Для гэтага трэба як мінімум зразумець, чаму больш за 20 гадоў той маўчаў пра сляды ад кастэта, атручанага сведку і гэтак далей. Яго адказ на гэтае пытанне вельмі забаўны: яго, як кажа Галомша, увесь гэты час ніхто з журналістаў наконт смерці Чарнавола не запытваўся.
Такое арыгінальнае тлумачэнне выклікае ў некаторых недавер да яго слоў або, хутчэй, падазрэнне ў тым, што нешта тут не чыста. Некаторыя мяркуюць, што экс-пракурор выдаў сенсацыю «на гара» па загадзе адміністрацыі Зяленскага. Там, маўляў, занепакоеныя апошнімі рэзананснымі медыяпраколамі чальцоў прэзідэнцкай каманды — накшталт ідэі перайменаваць Украіну ва Украіну-Русь. Быццам у Зяленскага вырашылі адцягнуць увагу грамадства за кошт амаль дэтэктыўнай гісторыі пра смерць Чарнавола.
Праўда, гэта таксама толькі версія. І яна ёю застанецца — калі ўкраінская пракуратура не адновіць справу пра смерць Чарнавола. Пакуль ніякіх рухаў у гэтай вобласці з боку гэтага ведамства не назіраецца.