«Сняцца сны пра Беларусь». Гісторыя беларускага пратэстоўца, які здолеў уцячы ад пераследу

З краіны ў краіну, без аніякай пэўнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні — такое цяпер жыццё многіх беларусаў, якія вымушаныя былі з'ехаць з краіны ад небяспекі пераследу. У кожнага свая гісторыя, але ўсе яны маюць нешта агульнае — страту дому.

На вуліцах Варшавы. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

На вуліцах Варшавы. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Мы жылі на канспіратыўнай кватэры, і гэта нас уратавала

Пётра з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе. Вучыцца ва ўніверсітэце ў Чэхіі, працуе і займаецца грамадскай дзейнасцю ў беларускім моладзевым руху за мяжой. Згадваючы падзеі 2020 года, расказвае, што быў затрыманы на «суткі» яшчэ за два тыдні да выбараў, але пазней не прапускаў аніводнага пратэснага маршу. Праўда, з часам пратэсты пачалі затухаць, піша «Польскае Радыё».

— Людзі думалі і чакалі, што вясной пратэсты адновяцца, быў нейкі спадзеў, і я таксама вырашыў, што буду тут да апошняга. Мы знялі з сябрамі канспіратыўную кватэру, што многім з нас дапамагло. Бо адна з нашых знаёмых жыла па прапісцы, яе арыштавалі, і яна адсядзела два з паловай гады. Вось наколькі важна асэнсоўваць рызыкі, калі ты жывеш у Беларусі і займаешся нейкай актыўнасцю.

Я быў на баку радыкальнага сцэнарыя

Згадваючы тыя падзеі, Пётра кажа, што тады быў на баку тых, хто выступаў за больш радыкальны сцэнар, але большасць людзей гэта ніяк не ўспрымала.

— Для мяне ўсё стала зразумела, калі людзі прыйшлі на Акрэсціна, здаецца, гэта быў ужо трэці марш, і не было нават аніякай спробы не тое што штурму, а наогул. Тады была разгубленасць ва ўсіх і ў сілавікоў, быў такі момант на працягу тыдня, калі выйшлі пратэставаць медыкі і жанчыны ў белых строях. І тады адбываліся вялікія акцыі.

Пабачыўшы ўвесь той гвалт, які адбываўся на вуліцах Мінска, суразмоўца згадвае, што маральна і псіхалагічна было складана перажыць тыя дні.

— Тады я думаў, што беларусы павінны больш агрэсіўна змагацца за свае правы. І цяпер я так думаю. Было б карысна для беларускага дэмакратычнага руху, каб існавала нейкая група радыкальных пратэстоўцаў. Хаця такая група і была, але іх было недастаткова, і людзі былі не гатовыя да сілавога пратэсту. Яны верылі, што Лукашэнка аддасць уладу. Я з павагай стаўлюся да людзей, якія рызыкнулі сваім здароўем дзеля дасягнення вялікіх мэт у імя Беларусі. І я падтрымліваю тых людзей.

Дагэтуль так і не прызямліўся ў гэтым жыцці

А потым пачаліся арышты. Пётра згадвае, што арыштоўвалі яго сяброў і бацькоў, таму іншага выйсця, як з’ехаць, не заставалася.

У Чэхіі паступіў ва ўніверсітэт, і так пачалося яго жыццё ў эміграцыі. Многія яго сябры таксама апынуліся ў розных еўрапейскіх краінах, з імі ён дагэтуль падтрымлівае сувязь і разам удзельнічае ў беларускім грамадскім жыцці.


Глядзіце таксама

Прызнаецца, што дагэтуль не вызначыўся ў жыцці, паколькі часта пераязджае з горада ў горад, з краіны ў краіну.

— Але гэта вялікі стрэс ад нявызначанасці. Людзі не любяць нявызначанасць у любым праяўленні. Цяпер, калі ў чалавека ёсць план на год, гэта ўжо поспех. Хочацца нейкай устойлівасці, стабільнасці, дому, месца, куды можна вярнуцца. Але гэты дом — плаваючы, бо і сябры таксама пераязджаюць. І гэта выклікае стрэс, бо ты не ведаеш, дзе будзеш праз паўгода. Я не хачу ўсё жыццё праводзіць недзе, я хачу вярнуцца ў Беларусь.

Вось так і жывём — гуртуемся

Суразмоўца кажа, што інтэграцыя ў іншае грамадства даецца нялёгка, паколькі ён сам не імкнецца інтэгравацца.

— Я жыву ў беларускай бурбалцы. Канешне, не так шмат людзей зацікаўлены ў беларускім грамадскім жыцці, але беларусаў хапае і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Чэхіі. Вось так і жывём — гуртуемся. І рана ці позна будзем выкарыстоўваць напрацаваныя сувязі, каб зрабіць нешта вартае ў Беларусі.

З іншага боку, Пётра адзначае, што ў эміграцыі ёсць свае плюсы, бо тут ёсць магчымасць набываць досвед ва ўсіх сферах жыцця, які потым можна будзе выкарыстаць на карысць сваёй краіны.


Глядзіце таксама

Паводле яго назіранняў за жыццём беларусаў у Польшчы — беларусы там не разгубленыя. Многія адкрылі свае бізнэсы, іх ахвотна наймаюць на працу. Развіваецца беларуская культура, праводзіцца шмат мерапрыемстваў на беларускай мове.

Сняцца сны пра Беларусь

Тым не менш, Пётра прызнаецца, што, як і ўсе, сумуе па Беларусі.

— Я сумую па Беларусі і часта бачу сны, нібыта я дома і не ведаю, як туды патрапіў. І адразу думка: як адсюль выбрацца? Бо невядома, як выязджаць — ці праз Расію, ці праз Грузію. Трэба пісаць Стрыжаку і пытацца, каб паказаў дарогу. Вось такія сны бываюць, таму, канешне, сумую. І той жа бацькоўскі дом у вёсцы, каля ракі, побач з лесам. Лес у Познані — не той. Там больш магчымасцей для спакойнага вясковага жыцця, каб быць бліжэй да прыроды.