«Зразумеў, наколькі важна пісаць лісты». Гісторыя беларуса, які ўцёк ад пераследу за салідарнасць з палітвязнямі
Нават калі мы не атрымліваем лістоў з-за кратаў, гэта не значыць, што нашы лісты туды не даходзяць, упэўнены Раман, які напісаў больш за тысячу лістоў палітвязням. Яго досвед гэта пацвярджае.
Ліставанне, падтрымка родных палітвязняў, перадачы, грашовыя пераводы...
Раман па адукацыі інжынер, працаваў у Беларусі ў галіне лёгкай прамысловасці. У эміграцыю трапіў толькі ў 2024 годзе. Як сам згадвае, тэрмінова з’ехаць давялося пасля таго, як праваахоўнікі пачалі рэйды супраць тых, хто быў датычны да салідарнасці з палітвязнямі.
— Пра тое, што калі-небудзь давядзецца з’ехаць, я думаў, але адцягваў гэта, як мог, — гаворыць беларус у размове з «Польскім радыё». — Хоць небяспека існавала і раней, мы спадзяваліся на лепшае. Я актыўна займаўся падтрымкай палітвязняў: ліставанне, дапамога родным, перадачы, грашовыя пераводы. Я бачыў у гэтым сваю мэту і да апошняга імкнуўся дапамагаць.
Некаторыя палітвязні сваімі лістамі падтрымлівалі мяне больш, чым я іх
Раман напісаў больш за тысячу лістоў палітвязням. Многія ліставанні запомніліся яму на ўсё жыццё.
— Нядаўна быў Дзень народзінаў Вітольда Ашурка, героя Беларусі. У мяне ёсць тры яго лісты, нават чатыры. Некаторыя палітвязні сваімі лістамі падтрымлівалі мяне больш, чым я іх. Вітольд пісаў вершы, вельмі цікава расказваў гісторыю, калі ездзіў з сябрамі ў Вільню на перапахаванне Кастуся Каліноўскага.
Таксама запомнілася ліставанне з Максімам Знакам, калі ён сядзеў у СІЗА. Гэта чалавек неверагоднага інтэлекту. Мы перапісваліся на розныя тэмы, ён прасіў пісаць пра ўсё. Я нават рабіў для яго нешта кшталту квізаў — яму было цікава, і ён адказваў. Неверагодны чалавек. Запомніліся лісты Вольгі Маёравай – яны нагадвалі мастацкі твор. З «групы Аўтуховіча» яшчэ запомніліся Ірына Гарачкіна і Галіна Дзербыш. Яны ўвесь час сядзелі ў «адзіночцы», і адзінай крыніцай інфармацыі для іх было ліставанне.
Чаму гэта было так важна, я зразумеў на прыкладзе Міколы Статкевіча. Я доўга не атрымліваў адказаў ад яго, а потым прыйшоў ліст, у якім ён пісаў, што атрымаў мой восьмы ліст, хоць гэта быў толькі шосты па ліку. Я зразумеў, што ён атрымліваў большасць маіх лістоў, але яго адказы да мяне не даходзілі. І я зразумеў, як важна не спыняцца і працягваць пісаць палітвязням. Я напісаў больш за тысячу лістоў. У мяне ёсць адказы ад Віктара Бабарыкі, Паўла Севярынца і многіх іншых, нават невядомых мне людзей.
Яны прымалі перадачы і фіксавалі тых, хто гэта рабіў
У 2023 годзе, паводле Рамана, лісты часта не даходзілі да адрасатаў, таму ён пачаў пасылаць перадачы, якія даходзілі да кожнага. Людзі пісалі і дзякавалі.
— Я доўга думаў: чаму лісты не даходзілі, а перадачы — так? Потым усё стала зразумела: яны фіксавалі тых, хто дасылае, узбуджалі крымінальныя справы і называлі гэта «экстрэмізмам». Зараз адбываюцца суды, і невядома, колькі людзей затрымана па справах салідарнасці.
Салідарнасць — гэта рабіць дабро
Журналіст «Польскага радыё» пытае ў Рамана: што для яго значыць салідарнасць?
— Для мяне гэта не проста словы, а рэальныя дзеянні, каб дапамагчы чалавеку і яго родным. Бывала, што людзі праз ліставанне прасілі звязацца з жонкай ці мамай, штосьці зрабіць. Для мяне гэта азначае рабіць дабро. Калі я раблю дабро, яго становіцца больш у свеце. Вось неяк так…
Было страшна, але я не мог нічога не рабіць
— Вам не было страшна пісаць лісты, пасылаць перадачы?
— Канешне, было страшна. І ў 2020-м было страшна, і пасля. Але я не мог нічога не рабіць. Мне казалі з’язджаць, але я думаў: што будзе, калі ўсе з’едуць? Мільён чалавек з’едзе, а тут людзі застаюцца, ім трэба дапамагаць. Застаюцца родныя і сябры. Я адцягваў гэты момант і, пакуль быў у Беларусі, імкнуўся нешта рабіць. Я лічу, што да апошняга дня рабіў усё, што мог.
Калі ты не ў бяспецы — ты не можаш жыць
— Ці шкада было з’язджаць?
— Калі з’язджаў, развітаўся не з людзьмі, бо нікому нічога не казаў, але пахадзіў па знаёмых мясцінах, з’ездзіў у вёску. Разумеў, што гэта сапраўднае развітанне. Я яшчэ ў 2021 годзе прыязджаў, сустракаўся са знаёмымі, якія з 2020 года ў Вільні ці Польшчы, і бачыў, як цяжка ім было. Я ім нічога не казаў, але думаў, што, магчыма, многія ўжо ніколі не вернуцца. Таму і сам рыхтаваўся да таго, што гэта можа быць назаўсёды. Зараз я сумую толькі па людзях. Сказаць, што сумую па горадзе, вёсцы ці мясцінах — так, але перш за ўсё, чалавек павінен быць у бяспецы. Калі ты не ў бяспецы — ты не можаш жыць.
У Польшчы, паводле Рамана, жыццё паступова наладжваецца. Хоць усё няпроста, бо даводзіцца пачынаць амаль з нуля. Але ёсць надзея на лепшае, бо сям’я ў бяспецы, падабаецца горад, краіна, і радуе тое, што побач шмат прыстойных і цікавых беларусаў.
— Я лічу, што ўжо шмат каго ведаю, з многімі пазнаёміўся. Мне вельмі падабаюцца ініцыятывы, у якіх бяруць удзел беларускія студэнты. Бачыць іх, знаходзіцца з імі ў адным калектыве – гэта проста класна. Такі пазітыў, радуешся, гледзячы на свабодных людзей. Яны думаюць па-іншаму, яны спакойныя, свабодныя — адно замілаванне.